Ваўчаягада
Ваўчая́гада[1], Воўчнік (Daphne) — род кветкавых раслін сямейства ваўчаягадавых. АпісаннеЛістападныя ці вечназялёныя кусты або невялікія дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, на кароткіх чаранках. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. ПашырэннеАдрозніваецца каля 70 відаў (каля 100[2], 92[3]). Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўднёва-Усходняй Азіі, Гімалаях, Іране. На тэрыторыі Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); воўчнік баравы (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах. У Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і ваўчаягада алтайская (Daphne altaica). Значэнне і выкарыстаннеДэкаратыўныя, тэхнічныя (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лекавыя (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя і інсектыцыдныя расліны. Плады і кара расліны ядавітыя[4], сок утрымлівае алкалоіды мезерэін і дафнін (дафнетаксін). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia