Віктар Вячаслававіч Жыбуль
Ві́ктар Вячасла́вавіч Жы́буль (3 кастрычніка 1978, Мінск) — беларускі паэт і літаратуразнавец. БіяграфіяПачаў пісаць вершы ў раннім дзяцінстве, спачатку па-руску[1]. Скончыў мінскую СШ № 87 (1995), філалагічны факультэт БДУ (2000), аспірантуру пры філалагічным факультэце БДУ (2003). Кандыдат філалагічных навук (2003). Працаваў у часопісе творчай моладзі «Першацвет» (1995—2002), пазней — у часопісах «Роднае слова» і «Arche». У сярэдзіне 1990-х гадоў некаторы час друкаваўся ў часопісе «Вожык»[2]. З 2009 — вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск)[3]. Удзельнік «Бум-Бам-Літ» (з вясны 1996), многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, перформансаў. Прычыніўся да дзейнасці музычных гуртоў «Левае зазямленне», «Буслік супраць Кадука», «Засралі казарму». Цяпер выступае з калектывам «Рацыянальная дыета», які апошнім часам ладзіць музычна-паэтычныя канцэрты, ставіць авангардныя спектаклі паводле твораў сучасных аўтараў, а таксама класікаў футурызму. Адна з апошніх роляў Віктара — Разбойнік у п’есе «Янко крУль албАнскай» Іллі Зданевіча. Першае прызнанне атрымаў на мінскім гарадскім паэтычным конкурсе «Родны горад» (1994), пасля чаго, паводле ўласных слоў, зразумеў, што «пісаць па-беларуску атрымоўваецца лепей, вось так пачаў пісаць толькі на роднай мове»[1]. Набыў вядомасць як паэт-эксперыментатар, аўтар некалькіх паліндромных паэм. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калі ў хаце дывэрсант» (1996), «Рогі гор» (1997), «Прыкры крык» (2001), «Дыяфрагма» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, у сааўтарстве з Верай Бурлак), «Стапеліі» (2012), «Дзяцел і дупло» (2016)[4]. Выступае як даследчык-літаратуразнаўца (сфера навуковых зацікаўленняў — авангардная паэзія, фармальны эксперымент у літаратуры, сінтэз мастацтваў). Разам з Верай Бурлак пераклаў кнігу Арнольда Макміліна «Беларуская літаратура дыяспары» (2003). Сабраў і выдаў спадчыну адметнага, але заўчасна памерлага паэта Дзяніса Хвастоўскага (кніга «Лугназад», 2006), двухтомнік Адама Бабарэкі (2011). Удзельнік праекта «(Не)расстраляныя» (з 2017). Вершы Віктара Жыбуля перакладаліся на англійскую, балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, чэшскую мовы. Сярод любімых пісьменнікаў называе Уладзіміра Дубоўку, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Лукаша Калюгу, Альгерда Бахарэвіча. Цікавіцца творчасцю забітых паэтаў 1920—1930-х гадоў, кажа пра моцнае ўражанне ад некаторых вершаў Алеся Пруднікава, Віктара Казлоўскага, Ядвігі Бяганскай[1]. Жанаты, мае дваіх сыноў. Захапляецца гісторыяй, генеалогіяй, падарожжамі[1]. Прызнанне
ТворыКнігі, брашуры
Артыкулы
ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia