Ганна Баляславаўна Місуна
Ганна Баляславаўна Місу́на (12 лістапада 1868 — 2 мая 1922, Масква) — беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг. Першая жанчына-геолаг на Беларусі і ў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні[3]. Нарадзілася ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца. Спачатку навучалася дома, потым у гімназіі ў Рызе. Пасля смерці бацькі Ганне прыйшлося вярнуцца дахаты: даглядаць хворую маці, выхоўваць малодшых братоў. Адначасова яна займалася самаадукацыяй, пісала навукова-папулярныя артыкулы. У 1893 годзе, дабіўшыся невялікай прыватнай стыпендыі, Ганна Місуна едзе ў Маскву, дзе вучыцца на Вышэйшых жаночых курсах. Пасля іх заканчэння ў 1896[3] годзе працавала з буйнейшымі вучонымі-геолагамі У. І. Вярнадскім і В. Д. Сакаловым. Тады захапілася вывучэннем слядоў старажытных зледзяненняў. У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы. Асаблівую вядомасць набылі публікацыі па геалогіі Гродзенскай і Мінскай губерняў; яна склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн. У Ганны Місуны было шырокае кола навуковых інтарэсаў: яна вывучала жалезныя руды і каменны вугаль Тульскай, падземныя воды Цвярской губерні, геалогію Крыма. З 1906 г. Ганна Місуна займаецца вучэбна-арганізатарскай і педагагічнай дзейнасцю, спачатку ў якасці асістэнта Вышэйшых жаночых курсаў, а потым, з 1919 г., дацэнта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там з яе ўдзелам быў арганізаваны геалагічны пакой, які паступова ператварыўся ў музей. Многія яе вучні сталі буйнымі вучонымі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia