Гарадзенскае княстваГарадзенскае княства (1116 — кан. XIV ст.) — удзельнае княства Русі і Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у Горадне. Вылучана са складу Тураўскай зямлі ў 1116 годзе як удзел для князя Усеваладкі разам з яго шлюбам з дачкой Уладзіміра Манамаха, залежала ад вялікіх князёў кіеўскіх. Уваходзіла ў склад Тураўскай епархіі. Ахоплівала тэрыторыю дрыгавіцкай каланізацыі ятвяжскіх зямель. ![]() На думку некаторых даследчыкаў, Гарадзенскае княства было невялікім ускраінным удзелам, князі якога не маглі браць актыўнага ўдзелу ў агульнарускіх справах[1]. Аднак, тым часам як не кожнае ўдзельнае княства Русі магло дазволіць сабе будаўніцтва нават адной каменнай царквы, у Горадне ў 2-й палове XII ст. было збудавана чатыры каменныя царквы, каменны княжацкі палац і каменныя ўмацаванні дзяцінца. Таксама закладзена, але не дабудавана каменная царква ў Ваўкавыску на ўзор гарадзенскіх, пабудавана каменная Барыса-Глебская царква ў Новагародку. Усё гэта сведчыць пра заможнасць Гарадзенскага княства, чаму спрыяла выгаднае геаграфічнае размяшчэнне — гарадзенскія князі кантралявалі гандлёвыя шляхі з Балтыйскага мора праз Нёман у басейн Дняпра. Першы шлях праходзіў па левым прытоку Нёмана — Росі, далей праз волак каля Ваўкавыска ў Ясельду і Прыпяць. Другі шлях праходзіў па правым прытоку Нёмана — Заходняй Бярэзіне, далей праз волак каля Лошаска ў Свіслач, Бярэзіну і Дняпро. Гэтыя шляхі проста вялі з Паўднёвай Русі да Готланд і Заходняй Еўропы і на меркаванне некаторых даследчыкаў былі старажытнейшымі за г. зв. шлях з вараг у грэкі[2][3]. ![]() У XII ст. гарадзенскія князі не раз удзельнічалі ў войнах рускіх княстваў. Так, сам Усеваладка ўдзельнічаў у паходзе супраць Полацкай зямлі (1127) і літвы (1132), а яго сыны — Барыс, Глеб і Мсціслаў Усеваладкавічы — у міжусобіцах галіцка-валынскіх князёў (1144), паходах на Кіеў (1151, 1173) і супраць полаўцаў (1170, 1183). Пасля смерці Усевалада з Гарадзенскага княства імаверна вылучылася два ўдзелы — Ваўкавыскі і Новагародскі. У 1250-я гады, напэўна, з Новагародскага, вылучыўся Слонімскі ўдзел. Не выключана, што з канца XII — пачатку XIII ст. княства перыядычна залежала ад галіцка-валынскіх князёў. Пасля 1240-х гадоў[заўв 1] — удзельнае княства Вялікага Княства Літоўскага, у 1253—1277 гадах за землі княства вялася барацьба паміж галіцка-валынскімі і літоўскімі князямі. У 1274 годзе вялікі князь Трайдзень сіламі гарадзенскіх ваяроў захапіў у Галіцка-Валынскага княства Дарагічын. У 1270-я—1280-я гады ў Гарадзенскую зямлю перасялілася частка прусаў-бартаў, якія ўцяклі ад націску нямецкіх рыцараў. З дапамогай прускіх ваяроў у 1277 годзе быў адбіты сумесны паход на княства татар і залежных ад іх князёў Русі. Пасля 1284 года княства было цэнтрам барацьбы супраць крыжаносцаў, адным з лідараў якой стаў Давыд Гарадзенскі. З 1-й паловы XIV ст. княства належала князю Кейстуту, а пазней яго сыну вялікаму князю Вітаўту, які ў канцы XIV ст. ліквідаваў многія ўдзельныя княствы у Вялікім Княстве Літоўскім, у тым ліку Гарадзенскае княства пераўтворана ў намесніцтва (староства). У 1413 годзе пасля складання Гарадзельская уніі староства стала Гарадзенскім паветам у складзе Троцкага ваяводства. Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia