Генрых (карная аперацыя)

Аперацыя «Генрых»
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна
Дата 31 кастрычніка — 9 лістапада 1943
Прычына Прысутнасць узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр»
Статус аперацыя завершана
Праціўнікі
 Трэці рэйх:  СССР:

Аперацыя «Генрых» (ням.: Unternehmen Heinrich) — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войск супраць партызанскіх брыгад і мясцовага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны, Латвійскай партызанскай брыгады, 13 партызанскіх брыгад Калінінскай вобласці, у раёне абмежаваным чыгункай і шашэйнымі дарогамі СебежПустошка, Пустошка — НевельПолацк, Полацк — Дрыса, ДрысаАсвея — Себеж 31 кастрычніка — 9 лістапада 1943. У нямецкіх дакументах гэты раён называўся «партызанскай рэспублікай Расоны...», з якой «зыходзіць далёка ідучая небяспека для ўсіх камунікацый забеспячэння паўночнай часткі цэнтральнага ўчастка фронту. Акрамя таго, гэтая зона стварае плацдарм для далёка ідучых аперацый Чырвонай Арміі ў тыле нямецкага фронту».

Ход аперацыі

Аперацыя праводзілася пад агульным кіраўніцтвам спецыяльнага ўпаўнаважанага Гімлера па барацьбе з партызанамі обергупенфюрэра СС Баха-Зелеўскага. Нямецкае камандаванне імкнулася, наступаючы 2 магутнымі групоўкамі з поўначы з раёнаў Себежа, Ідрыцы, Пустошкі (баявая група вышэйшага начальніка СС і паліцыі «Остланда» Екельна) і з поўдня ад станцыі Дрэтунь да шашы Полацк — Себеж (баявая група начальніка СС і паліцыі генеральнай акругі «Беларусь» фон Готберга), у склад якіх уваходзіла 5 паліцэйскіх палкоў СС, 7 ахоўных батальёнаў, у тым ліку асобы батальён СС Дырлевангера, шматлікія танкавыя, артылерыйскія, сапёрныя і іншыя падраздзяленні, зондэр- і айнзацкаманды, рассячы партызанскую зону на 2 часткі. Потым, разгарнуўшы асноўныя сілы фронтам на захад і ўсход, стварыць два «катлы», прыціснуўшы партызан на захадзе да загараджальнай лініі па Заходняй Дзвіне і граніцы з Латвіяй (група брыгадэнфюрэра СС Шрэдэра ў складзе 2 паліцэйскіх батальёнаў, матарызаваных узводаў жандармерыі і да 1000 пагранічнікаў) і на ўсходзе да чыгункі, якая патрулявалася 2 бронецягнікамі, авіяцыяй, знятымі з фронту часцямі 3-й танкавай арміі.

Аперацыя «Генрых» пачалася з масіраваных паветраных удараў па вёсках, больш за 20 з іх былі спалены карнікамі. К канцу пятага дня баёў карнікам удалося рассячы зону, захапіць плацдарм на рацэ Дрыса каля вёскі Чаропаўка. На подступах да блакіраванай карнікамі партызанскай зоны актыўныя баявыя дзеянні пачалі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Плацдарм карнікаў каля вёскі Чаропаўка быў знішчаны ўдарамі авіяцыі. Часці савецкай 3-й ударнай арміі, зламаўшы супраціўленне праціўніка на паўднёвым захадзе ад Невеля, прарваліся да загараджальных ліній карнікаў на рэках Дрыса, Уша, Ужыца, 6 лістапада фарсіравалі іх і злучыліся з партызанамі 2-й, 6-й, 11-й, 21-й Калінінскіх брыгад і Расонскай брыгадай імя Сталіна, якія разам з Чырвонай Арміяй працягнулі баі з праціўнікам, што адступаў. 7 лістапада партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна каля вёскі Слабада акружылі і поўнасцю знішчылі карны батальён 2-га паліцэйскага палка. Прарыў часцей 3-й ударнай арміі і злучэнне з імі часткі партызанскіх брыгад вымусілі карнікаў на ўсходнім участку аперацыі «Генрых» перайсці да абароны па лініі станцыі Дрэтунь — паўднёвы бераг возера Нешчарда. Баявыя групы карнікаў былі перададзены 3-й танкавай і 16-й арміі Вермахта. Працягам дадзенай аперацыі стала аперацыя «Ота».

Крыніцы

Літаратура

  • Пасэ, У. С. Герман // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 159—160. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya