Геранім Вінцэнт Радзівіл
Геранім Вінцэнт Радзівіл (11 мая 1759, Нясвіж — 18 верасня 1786) — князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Падкаморы вялікі літоўскі з 1779 года, ротмістр гусарскай харугвы ў літоўскім войску з 1780 года, ардынат на Клецку, староста менскі з 1783 года, пасол на соймы ў 1780 і 1784 гадах, дэпутат Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1782—1783 гадах. БіяграфіяЗ магнацкага роду Радзівілаў герба «Трубы», сын Міхала Казіміра «Рыбанькі» і Ганны Людвікі з Мыцельскіх герба «Даленга». З-за секвестру радзівілаўскіх маёнткаў юнацкія гады правёў у Чэхіі і Германіі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, адным з яго настаўнікаў быў Юзаф Катэнбрынг. Служыў у аўстрыйскім войску. Быў падапечным, а пасля блізкім паплечнікам свайго брата Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», які дапамог яму атрымаць высокія пасады на радзіме. За заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Белага Арла і Святога Губерта. Трымаў тэатр у Белай. У апошні дзень снежня 1775 года ў Рэгенсбургу ажаніўся з нямецкай князёўнай Соф’яй Фрыдэрыкай Даротай Турн і Таксіс, дзякуючы чаму парадніўся з многімі пануючымі дынастыямі Еўропы. Яна была дачкой Карла Анзельма, князя Турн і Таксіс (von Thurn und Taxis), які служыў галоўным імператарскім камісарам пры Рэйхстагу. Мелі чатырох сыноў, у тым ліку Мікалая, Караля і Дамініка Гераніма. ![]() Закаханыя адзін у аднаго муж і жонка не раз бывалі ў свеце, толькі ў 1777 годзе іх прымалі імператрыца Марыя Тэрэзія ў Вене і кароль Станіслаў Аўгуст у Варшаве. Як гром сярод яснага неба, шакуючы інцыдэнт здарыўся 17 студзеня 1784 года, аб якім паведамляў каралю Радзівіл «Пане Каханку» ў лісце ад 25 студзеня гэтага года: «… мая братовая (жонка брата), каханая мужам, любімая мною, якую уся сям’я песціла, прывязалася да аднаго клавіцымбалісты, званага Душэк, з ім адтуль (г. з. з Нясвіжа) з’ехала і ўнесла ўсе каштоўнасці. Гнаўся за імі князь падкаморы, брат мой, ледзь, нягледзячы на спешку й пільнасць, за прускай мяжой, у Тыльзіце (зараз Савецк) здолеў злавіць, так добра ўцякаць ўмелі, дзе іх арыштаваў…» Каханак княгіні меў сапраўднае імя Ян Ладзіслаў Дзюсак (Jan Ladislav Dussek, Jan Václav Dusík) і быў адным з найвялікшых віртуозаў і кампазітараў таго часу. Чэх па нараджэнні, падарожнічаў па Еўропе, выступаючы як піяніст і маэстра шкляной гармонікі. У сакавіку 1783 года ён выступаў у Варшаве, адкуль прадоўжыў сваё падарожжа ў Нясвіж. Са студзеньскага палону, яму ўдалося выратавацца ўцёкамі. На гэтым не спыніліся праблемы Радзівілаў з Таксіс, якая не мела намеру вяртацца да мужа, пражывала паслядоўна ў Кёнігсбергу і Рэгенсбургу. Варагуючая пара канчаткова распалася ў студзені 1786 года, калі князь Геранім ініцыяваў развод. Пасля яго раптоўнай смерці ўвосень гэтага года княгіня падкаморына шмат разоў уступала ў любоўныя адносіны, два з якіх прывялі да недарэчных шлюбаў, ацэньваемых сучаснікамі як мезальянсы. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia