Гісторыя АўстралііГісторыя Аўстраліі — гісторыя засялення, каланізацыі і незалежнага існавання цэлага кантынента. Аўстралія да прыбыцця еўрапейцаў (да 1606 года)![]() Продкі аўстралійскіх абарыгенаў з’явіліся ў Аўстраліі каля 40-60 тысяч гадоў таму (паводле іншых звестак, каля 70 тыс. гадоў таму)[1][2]. Людзі прыбывалі ў Аўстралію з Паўднёва-Усходняй Азіі сухапутным мастом, што ўзнік у ледавіковую эпоху, у той час, калі Новая Гвінея і Тасманія былі часткай аўстралійскага кантынента. На гэтым шляху яны перасякалі нешырокія пралівы, што рабіла іх, бадай, першымі ў гісторыі марскімі падарожнікамі[3]. Абарыгены займаліся паляваннем і збіральніцвам, рабілі каменныя прылады, мелі анімістычную веру. Найболей раннія чалавечыя рэшткі, знойдзеныя на беразе колішняга возера Мунга на паўднёвым усходзе штата Новы Паўднёвы Уэльс[4], з’яўляюцца аднымі з найболей старажытных прыкладаў крэмацыі, якія толькі знойдзены на Зямлі. Гэта сведчыць пра ранняе існаванне рэлігійных рытуалаў сярод аўстралійскіх абарыгенаў[5]. Мастацтва абарыгенаў лічыцца адным з найстарэйшых традыцыйных мастацтваў у свеце[6]. Яго ўзрост ацэньваюць у 30 000 гадоў, і яго можна сустрэць амаль па ўсёй тэрыторыі Аўстраліі (у прыватнасці, на Улуру і ў Нацыянальным парку Какаду)[7][8]. З пункту гледжання ўзросту і колькасці малюнкаў, наскальны жывапіс Аўстраліі супастаўляльны з пячорамі Ласко і Альтаміра ў Еўропе[9][10]. Даследаванне Аўстраліі і каланіяльны перыяд (1606—1900)![]() 1606 — Вілем Янсзан 1606 — Луіс Ваэс дэ Торэс 1616 — Дэрк Хартог 1619 — Фрэдэрык дэ Хаўтман 1644 — Абель Тасман 1696 — Вілем дэ Вламінк 1699 — Уільям Дампір 1770 — Джэймс Кук 1797—1799 — Джордж Бас 1801—1803 — Мэцью Фліндэрс Некаторыя аўтары спрабавалі даказаць, што еўрапейцы наведалі Аўстралію яшчэ ў XVI стагоддзі. Кенет Макінтайр і іншыя гісторыкі сцвярджалі, што партугальцы адкрылі Аўстралію ў 1520-я гг[11]. Наяўнасць на картах Д’епа надпісу «Жав-Ля-Гранд» (фр.: Jave La Grande) часта ўспрымалася як доказ «партугальскага адкрыцця». Тым не менш, карты Д’епа адлюстроўваюць недасканалы стан геаграфічных ведаў той эпохі, як фактычных, так і тэарэтычных[12]. Хаця тэорыі візіту еўрапейцаў да XVII стагоддзя працягваюць выклікаць шмат цікавасці да Аўстраліі і іншых краін, яны, як правіла, лічацца спрэчнымі і недастаткова абгрунтаванымі. ![]() Першымі з еўрапейцаў пабывалі ў Аўстраліі галандскія мараплаўцы Вілем Янсзан (1606) і Абель Тасман (1642). Для вывучэння новага кантынента — Новай Галандыі — Англія арганізавала шэраг экспедыцый (Уільяма Дампіра, 1699, і Дж. Кука, 1770). Патрэба англійскай буржуазіі ў новых рынках, а таксама страта паўночнаамерыканскіх калоній вымусілі англійскі ўрад звярнуць увагу на Аўстралію. У 1788 англійскі капітан А. Філіп, які прыбыў у раён сіднэйскай бухты на чале 11 караблёў са зняволенымі на борце, заснаваў першае паселішча. Тэрыторыя была абвешчаная англійскай. Такім чынам распачалося актыўнае засяленне Аўстраліі высланымі. Адміністрацыя калоніі і ваенныя чыны захоплівалі лепшыя землі Паўднёва-Усходняй Аўстраліі, а тубыльцы, якія па ўзроўню свайго развіцця не маглі быць выкарыстаны ў якасці аб’екта эксплуатацыі, выцясняліся ў пустыні і фізічна нішчыліся. У пачатку ХІХ стагоддзя працэс вывучэння і асваення Аўстраліі ажывіўся. Англійскі мараплавец Мэцью Фліндэрс ў 1801—1803 гадах на працягу дзвюх экспедыцый абышоў Аўстралію з усіх бакоў. Ён прапанаваў новую назву гэтай зямлі — Аўстралія. Адкрыццё велізарных паш і развіццё авечкагадоўлі выклікалі прыток англійскага капіталу. Землі раздаваліся пераважна тым, хто меў значны капітал, г.зн. укаранялася буйное землеўладанне. Развіццё авечкагадоўлі выклікала вялікую патрэбу ў працоўнай сіле і ажывіла іміграцыю ў Аўстралію. Адкрыццё залатых радовішчаў у 1851 годзе справакавала сапраўдны іміграцыйны бум: калі ў 1851 г. у Аўстраліі было 438 тыс. чал., то 1861 ў выніку залатой ліхаманкі — ужо 1168 тыс. У 1-й палове ХІХ ст. Аўстралія пастаўляла на сусветны рынак толькі воўну і скуру. Са з’яўленнем рэфрыжэратарнага транспарту ў 2-й палове ХІХ ст. Аўстралія пачала вывозіць шмат мяса і масла, што стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Самастойнасць і незалежнасцьУ канцы ХІХ стагоддзя пасяленцы аўстралійскіх калоній запатрабавалі ўтварэння з асобных частак, якія карысталіся аўтаноміяй, адзінай федэрацыі. Англія падтрымала гэтую ідэю, спадзеючыся выкарыстоўваць яе ў сваіх імперыялістычных інтарэсах у раёне Ціхага акіяна. 1 студзеня 1901 г. уступіў у сілу акт англійскага парламента аб стварэнні Аўстралійскага Саюза. Федэрацыя ў складзе 6 штатаў, былых калоній, атрымала статус дамініёна. Быў створаны федэральны ўрад на чале з генерал-губернатарам. Аўстралійскі Саюз становіцца партнёрам Англіі па эксплуатацыі калоній. У 1906 калоніяй Аўстралійскага Саюза стала паўднёва-ўсходняя частка Новай Гвінеі, а пасля першай сусветнай вайны Аўстралія атрымлівае ад Лігі Нацый мандат на кіраванне былой нямецкай калоніяй у паўночна-ўсходняй частцы Новай Гвінеі. Працоўны рух зарадзіўся ў Аўстралійскім Саюзе ў 2-й палове ХІХ ст. У 1890-х гг паўстала лейбарысцкая партыя, якая карысталася значным уплывам і ў 1904 сфармавала ўрад. У 1911-12, у процівагу ўмераным лейбарыстам, ствараюцца рэвалюцыйныя рабочыя арганізацыі. Адным з іх арганізатараў быў рускі рэвалюцыянер Арцём. У 1920 была заснавана Кампартыя Аўстраліі. Вялікія забастоўкі адбыліся ў 1919-21, 1927, а таксама ў гады Сусветнага эканамічнага крызісу 1929-33. У 1931 паводле Вестмінстэрскага Статута Аўстралія атрымала самастойнасць ад метраполіі. ![]() Падчас Другой сусветнай вайны Аўстралія ўваходзіла ў антыфашысцкую кааліцыю дзяржаў. Аўстралія атрымала аўтаномію ад Вялікабрытаніі ва ўнутраных справах і знешніх адносінах у 1942. Урад Аўстралійскага Саюза выступіў у ролі актыўнага саюзніка Англіі і ЗША ў іх дзеяннях у Азіі. Войскі Аўстралійскага Саюза прынялі ўдзел у вайне ў Малаі, у карэйскай вайне 1950-53 гг. У 1951 Аўстралія разам з Новай Зеландыяй заключыла дамову з ЗША аб узаемнай дапамозе (АНЗЮС), а ў 1954 стала удзельнікам СЕАТА. Урад Аўстралійскага Саюза пагадзіўся на выпрабаванне брытанскай атамнай і вадароднай зброі на тэрыторыі краіны. Аўстралія валодала калоніяй Папуа (паўднёва-ўсходняя частка вострава Новая Гвінея), кіравала падапечнай тэрыторыяй Новая Гвінея (паўночна-ўсходняя частка вострава Новая Гвінея, архіпелаг Бісмарка, паўночная частка групы Саламонавых астравоў) і, па дамове з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, востравам Науру. У 1968 годзе незалежнасць атрымала Науру, у 1975 — Папуа — Новая Гвінея. У 1967 тубыльцам былі прадастаўлены ўсе грамадзянскія правы. У 1986 Аўстралійскі Акт, ратыфікаваны аўстралійскім і брытанскім парламентам, пазбавіў Вялікабрытанію апошніх магчымасцяў умяшальніцтва ў заканатворчасць і справы Аўстраліі. Пасля перамогі на выбарах у 1993 прэм’ер-міністр Пол Кітынг пацвердзіў сваё жаданне бачыць Аўстралію рэспублікай да 2000 года. У 1999 на рэферэндуме была падтрымана ідэя пераходу ад канстытуцыйнай манархіі да рэспублікі. Аднак прайшло ўжо 20 гадоў, а форма праўлення ў Аўстраліі дагэтуль не змянілася: гэта звязана з асабістай папулярнасцю каралевы Лізаветы ІІ сярод аўстралійцаў. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia