Дагістарычная Грэцыя
Дагістарычная Грэцыя — храналагічны перыяд у гісторыі Грэцыі з часоў палеаліту і да ўзнікнення Эгейскай цывілізацыі. Аб засяленні тэрыторыі Грэцыі чалавекам сведчать археалагічныя раскопкі, у выніку якіх былі знойдзены палеалітычныя стаянкі перыяду сярэдняга палеаліту (каля 100 — 40 тысячагоддзяў да н.э.) на тэрыторыі ад Македоніі да Эліды. Да гэтага часу адносіцца чэрап неандэртальскага чалавека, знойдзены на паўвостраве Халкідыкі. Адной з самых старажытных неалітычных стаянак у Грэцыі лічыцца пячора Франхты (грэч. Σπήλαιο Φράγχθι), датаваная 7 тысячагоддзем да н.э., якая сведчыць аб наяўнасці ў яе жыхароў развітога мараходства. У перыяд неаліту (каля сярэдзіны 7 тысячагоддзя да н.э. — 28 стагоддзе да н.э.) насельніцтва Грэцыі асвоіла земляробства, займалася жывёлагадоўляй і вяло аседлы лад жыцця. У гэты перыяд радавы лад, які пачаў складацца яшчэ ў эпоху сярэдняга палеаліту, дасягнуў поўнага развіцця. Неаліт Грэцыі мае анаталійскае паходжанне і прадстаўлены культурамі Сескла, Дыміні и Ларысы, для якіх былі характэрны ўмацаваныя паселішчы (3000–4000 чалавек) на ўзгорках, з'яўленне мегарона (прамавугольнае памяшканне з вузкай фасаднай стараной і драўлянымі калонамі, у цэнтры якога быў ачаг), чорная і шэрая кераміка разам з паліхромнай керамікай з малюнкамі двух колераў (звычайна чорнага і чырвонага). У 5—4 тысячагоддзях да н.э. з'яўляліся лакальныя варыянты неалітычнай культуры мацерыковай Грэцыі, астравоў Эгейскага мора і асабліва Крыта. На мацерыку і астравах адзначаны перамяшчэнні плямён. У гэты перыяд насельніцтва Грэцыі мела пастаянныя сувязі з паўночнай часткай Балканскага паўвострава, узбярэжжам Малай Азіі і Сірыяй. |
Portal di Ensiklopedia Dunia