Добры Бор (археалагічныя помнікі)Добры Бор — археалагічныя помнікі: стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля вёскі Добры Бор (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). Стаянка—1Знаходзіцца за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на дзюне Гарадок, што знаходзіцца на шырокім асушаным правабярэжным поплаве ракі Шчара. Плошча 5500 м². Выявіў у 1951 годзе А. Р. Мітрафанаў. У 1960 годзе І. М. Цюрына даследавала 984 м². Культурны пласт 0,5—0,8 м. Выяўлены 12 агнішчаў круглай і авальнай формы, 5 ям, з іх 3 маюць прамавугольную форму і, магчыма, з’яўляліся паўзямлянкамі. Знойдзена каля 2 тыс. абломкаў ляпнога глінянага посуду і каля 900 крамянёвых прылад працы і нуклеусаў. Сярод крамянёвых вырабаў трохвугольныя наканечнікі стрэл, масіўныя лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і серпападобныя, разнастайныя скрабкі, разцы, праколкі, цёслы, сякеры. Знойдзены таксама шліфаваныя каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, шліфавальныя пліткі, адбойнікі. Сярод керамікі найбольш абломкаў вастрадонных гаршкоў са шчыльнымі падштрыхаванымі сценкамі, арнаментаванымі наколамі, насечкамі, пракрэсленымі рысамі, адбіткамі штампа, якія адносяцца да дабраборскага этапу нёманскай культуры позняга неаліту. Да бронзавага веку належаць абломкі пласкадонных гаршкоў з прафіляванымі сценкамі, арнаментаванымі наразнымі рысамі, шнуравымі адбіткамі, наколамі. Асноўная колькасць знаходак адносіцца да III-га — 1-й паловы II-га тыс. да н.э. Іншыя стаянкіІншыя стаянкі неаліту і бронзавага веку выяўлены на дзюнах поплаву ўздоўж абодвух берагоў Шчары, на поўдзень і паўднёвы ўсход ад вёскі, на высокім пясчаным участку карэннага берага Шчары. Сляды мезалітычнага паселішча — на ўсходняй ускраіне вёскі. ГарадзішчаЗнаходзіцца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва урочышчы Моргач, на крайнім ад поля ўзвышшы, за 0,4 км ад дарогі. Форма авальная, памер 71х80 м[1] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia