Дора Пяячавіч
До́ра Пяя́чавіч (харв.: Dora Pejačević; 10 верасня 1885, Будапешт — 5 сакавіка 1923, Мюнхен) — харвацкі кампазітар, прадстаўнік знатнага старадаўняга харвацкага роду графаў Пяячавічаў. Дачка бана Харватыі Тэадора Пяячавіча. БіяграфіяДора Пяячавіч нарадзілася ў 1885 годзе ў Будапешце ў сям’і харвацкага графа Тэадора Пяячавіча і венгерскай арыстакраткі Ліліі Вай дэ Вая. Яе маці была нядрэннай піяністкай і з ранняга дзяцінства займалася з дачкой музыкай. З 12 гадоў Дора пачатку сама пісаць музыку. У юнацтве яна брала ўрокі ў вядомых музыкантаў свайго часу: у Заграбе з ёй займаўся скрыпкай Вацлаў Гумл, тэорыяй, кампазіцыяй і аркестроўкай — Чырыл Юнек і Драгуцін Кайзер, у Дрэздэне яна займалася кампазіцыяй пад кіраўніцтвам Персі Шэрвуда, у Мюнхене ёй давалі ўрокі Вальтэр Курвуазье (кампазіцыя) і Генры Петры (скрыпка). Была знаёмая са шматлікімі выдатнымі дзеячамі культуры свайго часу — асабліва цесныя сяброўскія сувязі ўсталяваліся ў яе, пачынаючы з 1914 года, з пісьменнікам Карлам Краусам (Пяячавіч паклала на музыку шэраг яго вершаў, была адданай чытачкай яго часопіса, пад яго ўплывам захапілася левай публіцыстыкай у дыяпазоне ад Аляксандра Герцэна да Карла Каўцкага; Краус апеў Пяячавіч у некалькіх вершах). З пачаткам Першай сусветнай вайны пераехала ў радавы замак у Нашыцах і прысвяціла сябе клопату аб параненых. У 1921 годзе выйшла замуж за Отамара фон Лумбэ, але праз два гады памерла ў Мюнхене ад ускладненняў пасля цяжкіх родаў. Пахавана ў фамільным палацы Пяячавічаў у Нашыцах. Біяграфіі Доры Пяячавіч прысвечаны апошні фільм вядомага рэжысёра Звоніміра Беркавіча «Графіня Дора» (Kontesa Dora, 1993 год). ТворчасцьДора Пяячавіч лічыцца адным з найбуйнейшых харвацкіх кампазітараў. Яна з’яўляецца аўтарам 58 твораў, напісаных галоўным чынам у познерамантычным стылі. Цэнтральны твор у спадчыне Пяячавіч — Сімфонія фа-дыез мінор (1916—1917), упершыню выкананая ў Дрэздэне 10 лютага 1920 г. (дырыжор Эдвін Лінднер), — лічыцца першай сучаснай сімфоніяй у харвацкай музыцы. Ёй належаць таксама канцэрт і канцэртная фантазія для фартэпіяна з аркестрам, шэраг камерных ансамбляў (фартэпіянны квінтэт, фартэпіянны квартэт, фартэпіяннае трыа, два струнныя квартэты), дзве скрыпічных і адна віяланчэльная санаты, розныя фартэпіянныя п’есы, песні (у тым ліку на словы Фрыдрыха Ніцшэ, Райнера Марыі Рыльке, Рыкарды Гух). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia