Кабрэра
Кабрэ́ра (ісп.: Cabrera) — востраў на захадзе Міжземнага мора, частка Балеарскага архіпелага. Уваходзіць у склад Іспаніі. Агульная плошча - 15,69 км². Сталага насельніцтва няма. ГеаграфіяКабрэра месціцца за 14 км на поўдзень ад вострава Мальёрка. Уяўляе сабою вяршыню падводнага падняцця, сфарміраванага ў кайназоі. У ледавіковы перыяд была злучана з Мальёркай. Берагавая лінія рассечана некалькімі глыбокімі залівамі. Паверхня ўзгорыстая, складзеная вапнякамі, мергелямі і даламітамі. Найвышэйшы пункт — 172 м. На поўнач ад Кабрэры вылучаюцца больш дробныя астравы і скалы. Найбольшы з іх Ілья-дэс-Конільс мае плошчу ўсяго 1,4 км². Клімат міжземнаморскі засушлівы, улетку вельмі спякотны з-за сталых паўднёвых вятроў. ПрыродаЗначная частка вострава Кабрэра пакрыта гаямі з хвояў, ядлоўцаў, самшытаў, аліў, ксерафітных хмызнякоў. На схілах пагоркаў — зараснікі балеарскага куравая, святаянніка, шмат макаў. На востраве знойдзена 22 віды раслін—эндэмікаў Балеарскага архіпелага. Наземная фаўна прадстаўлена яшчаркамі і шматлікімі птушкамі, у тым ліку сапсанам, скапой, бакланамі, буравеснікамі. Берагі наведваюць цюлені-манахі. Для аховы прыроды вострава і навакольных вод 29 красавіка 1991 г. быў створаны нацыянальны парк Кабрэра. Яго агульная плошча — 90 800,52 га (89 482,52 га — марскія, 1 318 га — наземныя). ГісторыяКабрэра наведавалася людзьмі з часоў неаліту. Старажытныя мараплаўцы завезлі сюды коз для палявання. Ад гэтых жывёл пайшла сучасная назва вострава. Лічыцца, што каля яго ўзбярэжжа нарадзіўся Ганібал. У VI ст. ён быў населены хрысціянскімі манахамі. У XIV ст. каралі Мальёркі ўзвялі на востраве крэпасць для аховы ад піратаў. У 1530 г. яна была захоплена Хайрадзінам Барбаросам і выкарыстоўвалася для нападаў на Балеарскія астравы. Падчас Напалеонаўскіх войн востраў выкарыстоўваўся іспанцамі і брытанцамі выкарыстоўваўся для ўтрымання палонных французаў. У гады грамадзянскай вайны ў Іспаніі на Кабрэры знаходзіўся невялікі гарнізон прыхільнікаў Ф. Франка. У 1936 г. востраў на кароткі перыяд быў захоплены рэспубліканцамі, якія прыбылі сюды на падводных лодках. У 1991 г. Кабрэра ўключана ў скад аднайменнага нацыянальнага парка. Востраў не мае сталага насельніцва, аднак наведваецца турыстамі.
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia