Каложскі парк
Каложскі парк (раней — Парк імя 40-годдзя ЛКСМБ, парк «Космас», Новы парк) — парк у Гродне, размешчаны на правым беразе р. Нёман, на месцы гістарычнага Каложскага пасада, ад якога пайшла сучасная назва. Плошча складае 20,4 га (1989)[1]. ГісторыяУ верасні 1962 года Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне запраектаваць тут цэнтральны парк адпачынку і культуры ў адзначэнне гадавіны стварэння ЛКСМБ. У красавіку 1964 года рашэннем таго ж выканкама парку надалі назву «Космас», якая, аднак, не прыжылася[2]. У савецкія часы прадугледжвалася будаўніцтва магістралі, якая б стала працягам вул. Болдзіна з выхадам на вул. Лермантава і вул. Міцкевіча, адмежавала паркавую тэрыторыю ад 1-павярховай забудовы і дазволіла забяспечыць абслугоўванне зоны адпачынку гарадскім транспартам[1]. Ажно да канца 1980-х генплан Гродна прадугледжваў пераўтварэнне парка ў значны жылы раён з пераносам сюды адміністрацыйных установаў горада[2]. ![]() ![]() У 2018 годзе ў рамках 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў парку на Дзень Волі прайшоў святочны канцэрт і мітынг[3]. У 2019 годзе, пасля таго як Мінгарвыканкам не дазволіў масавыя акцыі ў цэнтры Мінску на Дзень Волі, цэнтрам святкавання стала Гродна, дзе 23 сакавіка ў Каложскім парку адбыліся мітынг і канцэрт[4] з удзелам Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевіча, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай Дарогу!» і Dzieciuki[5]. Апісанне![]() Уваходы ў парк размешчаны з вул. Лермантава (цэнтральны) і Вялікай Траецкай вуліцы. З поўдня парк абмежаваны рэкамі Гараднічанка і Нёман[1]. Расце больш 20 відаў зялёных насаджэнняў з перавагай мясцовых парод: бяроза, таполя, вярба, клён, дуб, каштан, елка, ясень і інш. У аснову планіровачнага рашэння пакладзена восевая кампазіцыя. Рэгулярная планіровачная схема дапоўнена прамавугольнымі алеямі свабоднай планіроўкі. У паркавай зоне знаходзяцца Барысаглебская царква (помнік архітэктуры 12 ст.), Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі, Гродзенская СДЮШАР па футболе са стадыёнам. У савецкія часы працавалі атракцыёны[1]. На цэнтральнай алеі ў 1978 годзе пастаўлены помнік у гонар 850-годдзя Гродна[1] (скульптар Г. Буралкін, архітэктары А. Каралькоў, Г. Пешкаў, інжынер В. Навумовіч). Помнік уяўляе сабой дзве вежы вышынёй 31 метр, наверсе аб’яднаныя вітражом з каляровага шкла з выявай лічбы «850». У аснаванні стаяць дзве скульптуры (постаці жанчыны з ручніком у руках і мужчыны — воіна-латніка) вышынёй 6 метраў. Першапачаткова яны былі абабітыя меддзю, але ў 1990-х гадах метал скралі, а скульптуры замянілі на бетонныя[6]. У паўночна-заходняй частцы парку знаходзяцца недабудаваныя тэнісныя корты, якія пачалі ўзводзіць у 2010 годзе[7]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia