Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы
Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы (КГСБМ) — гістарычны слоўнік старабеларускай мовы. Выдадзены ў 2015 годзе. Аўтарам-складальніка з’яўляецца А. М. Булыка[1]. Слоўнік змяшчае лексічныя сродкі, якія ў ХIV — пачатку ХVIII стст. ужываліся ў сферах бытавога, грамадска-палітычнага, юрыдычнага, сацыяльна-эканамічнага, прафесійна-вытворчага, гаспадарчага, ваеннага, навуковага, культурнага, рэлігійнага жыцця беларускага народа. Яго крыніцай паслужыла картатэка «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»[2]. Пры фарміраванні рэестра слоўніка і распрацоўцы слоўнікавых артыкулаў улічваліся перш за ўсё наяўнасць таго ці іншага слова ў мове канцылярска-юрыдычных, актавых дакументаў і арыгінальных твораў тагачаснай свецкай літаратуры. З пісьмовых крыніц іншых жанраў лексічны матэрыял прыцягваўся з пэўнымі абмежаваннямі. У прыватнасці па-за межамі гэтай працы засталіся словы вузкага, пераважна кніжнага ўжытку тыпу аполексия, гидастемъ, докомиктъ, загиръ, кипотафионъ, латибулюмъ, массаретъ, одигитрия, а таксама іншамоўныя ўкрапванні накшталт бефанимъ, деликтумъ, квинтиль, лехамъ, маледиктъ, мулизма, принцепсъ, торнафъ, што трапляюцца ў перакладных творах і захаваны для пэўных стылістычных мэт[2]. Дыферэнцыраваны падыход вытрымліваецца ў слоўніку і ў адносінах да анамастычнага матэрыялу. Адлюстраваныя ў помніках назвы краін, мясцовасцей, гарадоў, вёсак, гор, мораў, рэк, азёр, прозвішчы і імёны людзей, клічкі жывёл, а таксама вытворныя ад іх прыметнікі тут не падаюцца. З ліку ўтвораных ад этнонімаў, тапонімаў і антрапонімаў слоў тлумачацца толькі асабовыя назоўнікі накшталт белорусецъ, грекъ, литвинъ, полякъ, харватъ; витеблянинъ, кгданщанинъ, львовецъ, оршанинъ, случанинъ; ариянинъ, бернардинъ, езуитъ, калвинистъ, лютеранинъ, якія абазначаюць назвы прадстаўнікоў плямён і народнасцей, жыхароў гарадоў, паслядоўнікаў рэлігійных плыняў і сект[2]. Усе адабраныя для тлумачэння словы, з’яўляючыся загаловачнымі ў слоўнікавых артыкулах, прыводзяцца ў пачатковай форме: назоўнікі, асабовыя займеннікі і колькасныя лічэбнікі — у назоўным склоне адзіночнага ліку (за выключэннем слоў тыпу бавы, именины, ножицы, плюндры, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку), прыметнікі, прыметнікавыя займеннікі, парадкавыя лічэбнікі і дзеепрыметнікі — у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеясловы — у інфінітыве. Для афармлення загаловачных слоў выкарыстоўваюцца сродкі сучаснай беларускай графікі і літары и, щ, ъ[2]. Пры наяўнасці некалькіх арфаграфічных варыянтаў загаловачнага слова ў якасці асноўнага выбіраецца найбольш ужывальны ў пісьменнасці варыянт, а астатнія змяшчаюцца ў дужках пасля яго. Тыя ж варыянты, якія згодна з алфавітным парадкам аддзяляюцца ад асноўнай формы адным або большай колькасцю слоў, падаюцца і на сваіх алфавітных месцах як спасылачныя[2]. Словаўтваральныя варыянты таксама не распрацоўваюцца асобна. Яны змяшчаюцца пасля загаловачных слоў, але аддзяляюцца ад іх злучнікам. Загаловачныя словы-амонімы памячаюцца арабскімі лічбамі зверху справа. Кожнае з іх узначальвае самастойны слоўнікавы артыкул[2]. Раскрыццё значэнняў загаловачных слоў дасягаецца часцей за ўсё падборам адпаведных лексічных эквівалентаў або радоў сінонімаў сучаснай беларускай мовы. У выпадках, калі слова з’яўляецца назвай гістарычнай рэаліі, якая выйшла з ужытку ў пазнейшы час, яно тлумачыцца апісальна[2]. Адназначныя словы і асобныя значэнні ў мнагазначных словах ілюструюцца цытатай з помніка старабеларускай пісьменнасці. Ілюстрацыйны матэрыял падаецца з захаваннем арфаграфіі арыгіналаў, але сучаснымі графічнымі сродкамі. Вынасныя літары захоўваюцца. Словы, якія ў старажытным пісьме напісаны пад цітлай, у цытатах прыводзяцца ў поўным варыянце[2]. У канцы слоўнікавых артыкулаў змяшчаюцца без цытат пасля ромба ўстойлівыя словазлучэнні, а пасля працяжніка вытворныя лексемы, аднакарэнныя са словам, якое тлумачыцца[2]. Бібліяграфія
Крыніцы
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia