Гістарычны слоўнік

Гістарычны слоўнік — тып аднамоўных лінгвістычных слоўнікаў, якія адлюстроўваюць гісторыю слоў на ўсім працягу іх існавання ў мове. У гістарычных слоўніках рэгіструецца фанетычная, графічная, марфалагічная варыятнасць слова, асноўныя змяненні ў яго семантыцы і прагматычных характарыстыках (ступень выкарыстальнасці, пашыранасць у розных падсістэмах мовы, стылістычная прыналежнасць і інш.)[1].

Адрозніваюць два тыпы гістарычных слоўнікаў: слоўнікі сінхроннага (гарызантальнага) зрэзу і дыяхранічныя слоўнікі[1].

Слоўнікі сінхроннага зрэзу апісваюць лексіку пэўных перыядаў гісторыі мовы. У іх больш падрабязна прасочваецца дынаміка функцыянавання слова. Да слоўнікаў такога тыпу адносяцца «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы ХІХ ст.» А. Макміліна (Лондан, 1973), «Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.» Н. М. Сянкевіч (Мінск, 2015)[1].

Дыяхранічныя слоўнікі маюць шырокія храналагічныя межы і ўзнаўляюць гісторыю слова на працягу значных перыядаў развіцця мовы. Дыяхранічным з’яўляецца «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» (вып. 1-37; Мінск, 1982—2017), які змяшчае лексіку, што ў XІV — пачатку XVIII ст., «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі» (у 2 т.; Мінск, 2013), «Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы» (Мінск, 2015) А. М. Булыкі[1].

Канцылярска-юрыдычная, грамадска-палітычная, сацыяльна-эканамічная, канфесійная, бытавая, ваенная, прыродазнаўчая лексіка старабеларускай мовы адлюстравана ў выданні «Старабеларускі лексікон: падручны перакладны слоўнік» М. Р. Прыгодзіча, Г. К. Цівановай (Мінск, 1997) і «Падручным слоўніку старабеларускай літаратурнай мовы» А. С. Дзядовай, В. Э. Зіманскага (Віцебск, 2004)[1].

Узорам апісання лексікі адной пэўнай сферы ў гістарычным аспекце з’яўляецца «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы» І. У. Будзько (Баранавічы, 2003)[1].

Крыніцы

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya