Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў (Друя)
![]() Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Друі, узведзены ў 1643—1646 гг. па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Помнік архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. ГісторыяКасцёл будаваўся ў 1643—1646 пры кляштары бернардзінцаў, у 2-й палове XVIII ст. святыню часткова перабудавалі. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1852 расійскія ўлады скасавалі кляштар, пасля чаго касцёл дзейнічаў як парафіяльны. У 1923—1928 гг. у кляштары размясціліся манахі-беларусы ордэна марыян. У 1924 г. тут была арганізавана школа (з 1930 г. гімназія), у якой вучыліся А. Цікота, Ч. Сіповіч, У. Падзява, У. Чарняўскі, пісьменнік Я. Германовіч, мастак эмігрант В. Жаўня і інш. Каля 1947 г. закрыты. Касцёл і кляштар выкарыстоўваліся для патрэб Друйскага СПТВ меліярацыі, у 1949—1953 гг. тут знаходзіўся Полацкі будаўнічы тэхнікум, у 1954—1956 гг. — тэхнічнае вучылішча, з 1956 г. — вучылішча меліярацыі. У 1989 г. перададзены абшчыне. АрхітэктураКасцёл уяўляе сабой мураваную трохнефную аднавежавую базіліку з апсідным завяршэннем цэнтральнага нефа (унутры гранёны, звонку паўцыркульны). Да выцягнутага прэсбітэрыя з поўдня прылягае прамавугольнае ў плане сакрысціе. На галоўным фасадзе тарцы бакавых нефаў закрытыя невялікімі аб’ёмамі з пластычнымі абагульненымі валютамі над імі, тарцы цэнтральнага нефа — масіўнай чатырох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772 г.). Бакавыя сцены і апсіда рытмічна расчлянёныя вертыкальнымі контрфорсамі. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Інтэр’ер аздоблены ордарнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі першапачатковы дэкор XVII ст. ў выглядзе ляпных геаметрычных кесонаў. Галоўны двух’ярусны алтар з прасторавай групоўкай калон і пілястраў, разарваным антаблементам і дынамічнай аб’ёмнай скульптурай у стылі позняга барока выкананы ў 1764—1767 гг., амбон і чатыры бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — 1779 г. З поўначы да касцёла прылягае двухпавярховы будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з трох бакоў абкружаны калідорам. Фасады фланкіраваныя вялікімі квадратнымі ў плане памяшканнямі на вуглах. Вокны прамавугольныя. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (узведзеная ў 1778 г.). У касцёле захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Спагадлівай. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia