Касцёл Святога Мікалая (Вільня)
Касцёл Святога Мікалая — рымска-каталіцкі парафіяльны касцёл у Вільні. Помнік гатычнай архітэктуры з элементамі раманскага стылю, а таксама барока і класіцызму. Адзін з самых старажытных касцёлаў Літвы. З’яўляецца культавым месцам для літоўскага культурнага і грамадскага жыцця[1]. Комплекс касцёла і агароджы ўключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцей Літоўскай Рэспублікі (код 749[2]), ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння. Размяшчаецца ў Старым горадзе на вуліцы Швянта Мікалаяўс (Святога Мікалая), 4 (Šv. Mikalojaus g. 4). Набажэнствы адбываюцца на літоўскай мове. ГісторыяЗаснаваны ў першай палове XIV ст. ганзейскімі купцамі і рамеснікамі, якіх запрасіў у 1322 годзе вялікі князь Гедзімін. Першапачаткова быў драўляны, у актах Віленскай дыяцэзіі за 1387 год адзначана, што касцёл у гэты час быў капліцай, побач з якой знаходзіліся могілкі. Напэўна, у 1382—1387 гадах узведзены мураваны будынак на сродкі рыжскага купца Гануля, віленскага намесніка Ягайлы, які падараваў храм з багатымі наданнямі францысканскаму кляштару на Пясках у Вільні[3]. У працэсе рамонту 1514 года інтэр'ер храма перакрылі гатычнымі скляпеннямі, а таксама, напэўна, упрыгожылі фрэскамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў значна пашкоджаны. Пры аднаўленні павялічаны ў шырыню вокны, для асвятлення паддашка зроблены вокны круглай формы ў заходнім франтоне, паменшаны ў вышыню контрфорсы. У 1744 і 1749 гадах касцёл моцна пацярпеў ад пажараў. У час рамонту над уваходам узведзены мураваныя хоры, з паўночнага боку да прэсбітэрыя прыбудавана вежа-званіца, першы ярус якой прыстасаваны пад сакрыстыю[3]. ![]() У час вайны 1812 года войскі Напалеона ператварылі касцёл у склад. У 1819 годзе адноўлены на сродкі прыхаджан. У 1845 годзе царскія ўлады зачынілі францысканскі кляштар і касцёл Святога Мікалая застаўся без дагляду. У другой палове XIX ст. належаў прыходу касцёла Св. Яна. У 1895 годзе распрацаваны праект яго перабудовы (арх. Е. Вернер), але быў ажыццёўлены часткова: да паўночнага фасада вежы прыбудавана капліца, гзымс і адхоны акон атынкаваны і пабелены[3]. У 1921 годзе польскія ўлады дазволілі беларусам праводзіць у касцёле набажэнствы. У міжваенны час (да 1939 года) тут служылі беларускія ксяндзы Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Стэповіч, Язэп Германовіч і інш. Набажэнствы на беларускай мове карысталіся папулярнасцю сярод беларусаў Вільні і вучняў Віленскай беларускай гімназіі[1]. У 1955—1956 і 1974 гадах адрамантаваны. У 1988—1889 гадах Інстытутам рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў праведзена рэканструкцыя храма пад кіраўніцтвам архітэктара Э. Пірліса[3]. Архітэктура![]() Помнік — 3-нефавае 4-слуповае зальнае збудаванне з кароткім прэсбітэрыем, які заканчваецца шматграннай апсідай. Да паўночнай сцяны вімы прымыкае вежа-званіца і капліца. Агульныя памеры 27 х 13 м. Тарцовыя фасады завяршаюцца франтонамі, якія першапачаткова мелі прыступкавую форму. У храм вядуць 3 уваходы: з боку галоўнага і бакавых фасадаў. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі, умацаваны контрфорсамі. Асноўная дэкаратыўная аздоба фасадаў — плоскія тынкаваныя стральчатыя і паўцыркульныя нішы. Касцёл — помнік гатычнай архітэктуры з элементамі раманскага стылю, а таксама барока і класіцызму[3]. У касцёле тры алтары. У галоўным алтары крыж і чатыры статуі Святога Хрыстафора, Святой Тэрэзы, Святой Клары і Святога Іосіфа з Немаўлём паміж калонамі працы скульптара Рафала Яхімовіча. У левым алтары абраз Святога Мікалая са статуямі Святога Казіміра і Святога Георгія паміж калонамі. У правым алтары барэльеф Маці Божай Смуткуючай. У 1930 годзе намаганнямі віленскіх літоўцаў у касцёле быў пастаўлены манумент, прысвечаны 500-годдзю з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта Вялікага, створаны Рафалам Яхімовічам з бронзы і мармуру. У 1936 годзе помнік быў абнесены агароджай з двума мячамі, якія сімвалізуюць тыя, што былі прынесены крыжакамі Ягайлу перад Грунвальдскай бітвай. Пасля Другой сусветнай вайны ў храме была адкрыта мемарыяльная пліта ў памяць пра пробашча касцёла ў 1924—1942 годах Крыступаса Чыбіраса. У сярэдняй нішы справа стаіць скульптура Святога Антонія. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia