Лісна (археалагічныя помнікі)Лісна — археалагічныя помнікі каля вёскі Лісна Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. ПаселішчаПаселішча ў паўднёва-заходняй частцы вёскі, уздоўж берагоў р. Свольна. Выявіў у 2005 і ў 2006—2007 гадах даследаваў 260 м² М. В. Клімаў. Плошча 3,2 га. Культурны пласт 0,3—1,2 м. Знойдзены фрагменты посуду — ляпнога VI—VIII стст. і кругавога X—XVIII стст., рыбалоўныя снасці (гліняныя грузілы, жалезныя кручкі і васці); патэльня, жалезная вузкалязовая сякера, ледаходныя шыпы, цвікі і інш. Найбольшая колькасць знаходак адносіцца да X—XVIII стст. Аб высокім сацыяльным статусе паселішча сведчаць шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, зброя, ключы, дружынная насавая гарнітура. На адным з шыферных прасліц маюцца графіці, блізкія да скандынаўскіх рун. Магчыма, у X—XI стст. паселішча выконвала функцыю пагоста. У пазнейшы перыяд звязваецца з цэнтрам воласці Лісна, вядомым па дакументах XVI ст. У культурным пласце выяўлены матэрыялы неаліту і бронзавага веку: крамянёвыя пласціны, наканечнік стралы паўночнабеларускай культуры, ляпны керамічны посуд нарвенскай культуры. Курганны могільнікМогільнік знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад вёскі. 35 паўсферычных насыпаў вышынёй 0,3—0,7 м, дыяметрам 5-6 м. Выявіў у 1930 годзе В. Глацёнак, у 1975 годзе З. М. Сяргеева раскапала 6 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, пахаванні адзіночныя і парныя галавою на захад. Інвентар — бронзавыя скроневыя бранзалетападобныя кольцы з завязанымі канцамі, гладкія, вітыя і пласціністыя бранзалеты са штампаваным арнаментам, бронзавы ланцужок, рэшткі шаўковай тканіны з залатым шыццём. Могільнік датуецца X—XII ст, належаў крывічам. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia