Мальфрыда
Мальфрыда, Мальфрэда або Мальфрэдзь (пам. 1000) — магчыма, родзічка або сваячка роду Рурыкавічаў.[1] Мальфрыда аднойчы згадана Аповесцю мінулых часоў як памерлая ў 1000 годзе[2] (Въ лѣто 6508 престависѧ Малъөрѣдь. В се же лѣто престависѧ и Рогънѣдь, мати Ярославлѧ), болей ніякіх звестак Аповесць мінулых часоў пра яе не дае, у тым ліку не называе Мальфрыду і сярод жонак кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. У гістарыяграфііЯк адзначае Фёдар Успенскі, імя Мальфрыда традыцыйна лічаць скандынаўскім, але ў Скандынавіі першай вядомай з крыніц Мальфрыдай была ў пачатку XII ст. дачка вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча, іншыя ж скандынаўскія Мальфрыды вядомы значна пазнейшым часам — XIII—XIV ст.[2] Імя не мела мужчынскага адпаведніка ў іменаслове Рурыкавічаў. На думку Успенскага, імя нямецкага паходжання і яго зыходная форма Amalfrida, першая галосная адпала яшчэ ў нямецкім асяроддзі, дзе вядома жаночае імя Malfrida і яго мужчынскі адпаведнік Malfrid.[3] Але Мальфрыда, згаданая пад 1000 годзе, не абавязкова была немкай, яна магла паходзіць з кантактнай зоны[4] з дастаткова моцным уплывам нямецкага іменаслова[3]. Урэшце, паводле Успенскага, для роду паходжанне імя не мела значэння[5], а Мальфрыда, улічваючы рэдкасць згадак жаночых імён летапісамі, стала адным з устойлівых жаночых імёнаў дынастыі нашчадкаў Уладзіміра Святаславіча[6]. Адносна ўласна Мальфрыды памерлай у 1000 годзе было шмат здагадак, адны даследчыкі бачылі яе жонкай Уладзіміра Святаславіча, другія — атаяснялі з маці Уладзіміра, Малушай.[2] У XVIII ст. Васіль Тацішчаў са спасылкай на Іаакімаўскі летапіс называў Мальфрыду чацвёртай жонкай князя Уладзіміра, якая разам з сынам Святаславам пазней атрымала ва ўдзел Оўруч[7]. Паводле самога Тацішчава, Іаакімаўскі летапіс — дужа складаная для вывучэння крыніца, ён не бачыў арыгінала, толькі выпіскі, зробленыя сваім інфарматарам, які выпісваў толькі адрозныя ад іншых летапісаў месцы, і, такім чынам, кантэкст звестак быў страчаны, потым і сам Тацішчаў не даў выпісак цалкам, а зрабіў з іх свае выпіскі. Таму не вядомы ўзровень апрацоўкі звестак летапісу інфарматарам і самім Тацішчавым[8]. Такім чынам, няма пэўнасці ні ў верагоднасці выпісак, ні ў верагоднасці перадачы іх Тацішчавым. Цяпер даследчыкі з асцярожнасцю ставяцца да ўсіх унікальных звестак Тацішчава. Таксама Тацішчаў называе Мальфрыду «чахіняй, княжной баемскай», на думку Успенскага, гэта не выглядае неймаверным, прынамсі бо Багемія была адной з нямецкіх моўных кантактных зон, але версію немагчыма верыфікаваць[3]. Таксама, калі Тацішчаў называе Мальфрыду маці толькі Святаслава, а маці Мсціслава называе Адэль, то Аповесць мінулых часоў пад 980 годам дае спіс жонак і сыноў Уладзіміра, дзе згадана невядомая імем жонка — маці Святаслава і Мсціслава. Пры гэтым Мсціслаў названы ў спісе двойчы, спачатку як сын Рагнеды, а ніжэй — разам са Святаславам як сын гэтай безыменнай жонкі[9]. На думку Юрыя Заяца, падваенне згадкі Мсцілава было следам рэдагавання спісу ў XII ст., калі некаторых сыноў, у тым ліку Мсціслава, прыпісалі Рагнедзе, але не выдалілі з зыходных месцаў, што выправілі ў пазнейшых рэдакцыях. Такім чынам, звесткі Тацішчава супярэчаць абодвум варыянтам з Аповесці мінулых часоў, але і яе тэкст не цалкам арыгінальным дайшоў да цяперашняга часу. Пазней Аляксей Шахматаў выказаў здагадку, што згадка Аповесці мінулых часоў пра смерці Мальфрыды тычыцца маці Уладзіміра — Малушы.[10] На думку Успенскага, з пункту гледжання надання імёнаў, найболей імаверна, памерлая ў 1000 годзе Мальфрыда была маці Уладзіміра. Калі яна адна з жонак, то паўстае пытанне, чаму пазней імя надаецца сярод нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча, які некалькі разоў названы летапісам сынам Рагнеды. Нашчадкі Рагнеды і Уладзіміра імавернай не бралі шлюбы з нашчадкамі Мальфрыды і Уладзіміра, каб такім чынам імя трапіла ў сямейны іменаслоў Яраслава, бо былі блізкай раднёй прынамсі да пакалення праўнукаў Уладзіміра. Хаця Мальфрыда Мсціслаўна і была прапрапрапраўнучкай Уладзіміра, тры пакаленні яе продкаў з абодвух бакоў вядомы і сярод іх няма ўнутрыдынастычных шлюбаў.[2] Развагі Успенскага пакідаюць у баку магчымасць, што маці Яраслава магла быць і не Рагнеда[11][12][13], але яны слушныя для кожнай іншай маці Яраслава, калі яна не Мальфрыда. Таксама паводле Успенскага «няма нічога немагчымага» і ў язычніцкі час або адразу па хрышчэнні Уладзімір мог трымацца нейкага парадку надання імёнаў, калі, напрыклад, называў дачок адной жонкі імем іншай жонкі[4]. То-бок, напрыклад, адзінаўтробная сястра Яраслава магла быць названа Мальфрыдай без кроўнай роднасці з Мальфрыдай, адной з жонак свайго бацькі, і такім чынам імя трапіла ў сямейны іменаслоў нашчадкаў Яраслава. Даследчык адзначае, што цяпер дужа мала вядома пра структуру княжацкай сям’і таго часу, у тым ліку не вядома ці быў на праўдзе такі парадак[4]. Таму Успенскі лічыць такую магчымасць меней імавернай[4]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia