Мсціслаў Уладзіміравіч (вялікі князь кіеўскі)
Мсціслаў Уладзіміравіч (1 чэрвеня 1076 — 14 красавіка 1132) — вялікі князь кіеўскі (1125—1132), сын вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха і англійскай прынцэсы Гіты Уэсекскай. БіяграфіяПа волі бацькі ў трынаццацігадовым узросце стаў наўгародскім князем (1088—1093 і 1095—1117), княжыў у згодзе з наўгародцамі і спрыяў умацаванню і разбудове горада (у 1116 годзе пашырыў наўгародскі дзядзінц; па яго ўказанні закладзена царква Звеставання на Гарадзішчы ў 1103 годзе, і 1113 — Мікола-Дварышчанскі сабор). У 1093—1095 гг. Мсціслаў быў князем у Растове, граючы галоўную ролю ў барацьбе свайго бацькі Манамаха з Алегам Святаславічам: у 1096 годзе ў бітве на рацэ Мядзведзіца ён разбіў брата Алега — Яраслава Святаславіча, а затым і самога Алега, якому прыйшлося пакінуць Мурам і Разань і бегчы ў стэп, да полаўцаў. У 1117—1125 гг. уладарыў у Белгарадзе. Па загадзе князя Мсціслава Уладзіміравіча ў 1118 годзе была падрыхтавана новая рэдакцыя «Аповесці мінулых гадоў», якая дайшла да нас у складзе Іпацьеўскага летапісу[6]. Калі ў 1125 годзе памёр Уладзімір Манамах, Мсціслаў прыняў тытул вялікага князя. Вядомы сваёй барацьбой з Полацкім княствам. Першы паход на Полацкую зямлю здзейсніў у 1127 годзе, падчас якога былі ўзяты і разрабаваны гарады Лагойск і Заслаўе, каб за нейкую віну выгнаць з Полацка Давыда Усяславіча і па просьбе палачан зацвердзіць для іх Рагвалода Барысавіча. Калі ў 1128 годзе бацька Рагвалода — Барыс Усяславіч, памёр, полацкі сталец заняў той жа Давыд, ён адмовіўся падпарадкоўвацца Мсціславу і той здзейсніў новы паход у 1129 годзе, падчас якога ўзяў у палон трох жывых на той час Усяславічаў — Давыда, Расціслава і Святаслава з сем’ямі, а Полацкае княства даў свайму сыну Ізяславу Мсціславічу. 14 красавіка 1132 года Мсціслаў памёр і кіеўскі сталец перайшоў яго брату Яраполку. 1132 год лічыцца датай канчатковага распаду Кіеўскай дзяржавы: з аднаго боку, сыны Мсціслава (Ізяслаў, Расціслаў, Усевалад) сталі кіраўнікамі самастойных зямель-княстваў, з іншага — ніводны з найбліжэйшых пераемнікаў Мсціслава не валодаў яго ваеннымі і палітычнымі талентамі і не змог спыніць дэзынтэграцыі старажытнарускіх земляў. І хоць Яраполк славіўся як выдатны палкаводзец і адважны ваяр, але як палітык быў слабы і не мог спыніць далейшага распаду і драблення дзяржавы на незалежныя ад Кіева княствы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia