Мікалай Іванавіч Катовіч
Мікалай Іванавіч Катовіч (руск.: Николай Иванович Котович, польск.: Nikołaj Kotowicz; 25 снежня 1875, Вільня — 8 мая 1934, Брэст, Палескае ваяводства) — інжынер-будаўнік, архітэктар, грамадскі дзеяч. БіяграфіяМікалай Іванавіч Катовіч нарадзіўся 25 снежня 1875 года ў горадзе Вільні ў сям’і вядомага віленскага пратаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839—1911), які больш за 30 гадоў быў галоўным рэдактарам газеты «Літоўскія епархіяльныя ведамасці». Маці архітэктара — Марыя Іванаўна Тэадаровіч — была сястрой выбітнага даследчыка Валыні, гісторыка Мікалая Тэадаровіча[1]. У 1885 годзе паступіў у падрыхтоўчы клас Першай мужчынскай гімназіі ў Вільні. У пачатковых класах ён быў адным з найлепшых вучняў, атрымліваў узнагароды за поспехі ў вучобе. У старэйшых класах яго паспяховасць пагоршылася, і курс гімназіі ён скончыў на 12-м месцы сярод 30 вучняў. На выбар будучай прафесіі істотны ўплыў мелі ўрокі малюнка і блізкае знаёмства з мастаком Васілём Гразновым. У гэты перыяд Катовіч сябраваў з творчай моладдзю — акцёрам Васілём Шверубовічам (будучым Васілём Качалавым), кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім. Гімназію Мікалай скончыў у чэрвені 1894 года і пасля пачаў падрыхтоўку да ўступных экзаменаў у Інстытут грамадзянскіх інжынераў у Санкт-Пецярбургу. У падрыхтоўцы яму дапамагаў сябра сям’і — вядомы жывапісец і акадэмік Іван Трутнеў[2]. Улетку 1894 года Мікалай Катовіч прыехаў у Санкт-Пецярбург і паступіў у Імператарскі інстытут грамадзянскіх інжынераў. Катовіч асабліва цікавіўся праектаваннем грамадскіх і тэатральных будынкаў. Яго архітэктурны дыпломны праект быў выкананы пад кіраўніцтвам архітэктараў Эрнэста Жыбера і Андрэя Гуна. У чэрвені 1899 года Мікалай Катовіч скончыў інстытут з дыпломам грамадзянскага інжынера, які даваў права на правядзенне будаўнічых і дарожных работ, а таксама на атрыманне 10-га чына пры паступленні на дзяржаўную службу. Праца ў ПецярбургуПасля заканчэння інстытута ў 1899 годзе Мікалай Катовіч быў прызначаны інжынерам у распараджэнне Міністэрства ўнутраных спраў, дзе працаваў да траўня 1903 года. Неўзабаве ён перайшоў на працу ў Пецярбургскае граданачальства, а таксама займаў пасаду архітэктара-інжынера ў Цэнтральным праўленні «Таварыства сяброў народа» і «Таварыства ўзаемнага крэдыту Пецярбургскага павета». Апроч гэтага, актыўна займаўся прыватнымі заказамі, спраектаваў шэраг даходных дамоў у стылі мадэрн для арыстакратыі, буйных прамыслоўцаў і гандляроў (Ігнацьевы, Елісеевы, Бумагіны і інш.). Катовіч стаў адным з вядучых спецыялістаў у гэтай галіне тэатральнай архітэктуры. Ён перабудаваў тэатральную залу ў Ценішаўскім вучылішчы, а таксама быў аўтарам праекта будынка Ліцейнага тэатра, адкрытага ў 1909 годзе. Сярод ягоных заказчыкаў былі фігуры, звязаныя з мастацкім аб’яднаннем «Мир искусства», рускімі сімвалістамі і тэатрамі Веры Камісаржэўскай. Катовіч таксама актыўна ўдзельнічаў у стварэнні будынкаў для тэатраў-кабарэ і мініяцюр: «Сіняя Птушка», «Парызіяна», «Неў-Стар», «Крывае люстэрка» ды іншыя. У 1913 годзе ён спраектаваў першы ў Санкт-Пецярбургу спецыялізаваны кінатэатр «Пікадылі», які быў узведзены спецыяльна для паказу фільмаў і вылучалася раскошай інтэр’ера і сучаснасцю тэхнічнага абсталявання. У 1904 годзе Катовіч ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Гноевай. У 1908 годзе ў іх нарадзіўся сын Мікалай. Неўзабаве архітэктар пабудаваў уласны прыбытковы дом на Кабінецкай вуліцы ў Пецярбургу, дзе і пасяліўся з сям’ёй. Для адпачынку Катовічы выкарыстоўвалі дачу ў пасёлку Вырыца блізу Гатчыны, які з 1904 года інтэнсіўна развіваўся як летні курорт дзякуючы пракладзенай чыгунцы. Суседзямі Катовіча былі багатыя пецярбургскія прамыслоўцы, якія сталі заказчыкамі архітэктара. Так для лесапрамыслоўца А. Х. Яфрэмава ён пабудаваў у Вырыцы лесапілку, а ў Пецярбургу чатыры сяміпавярховых даходных дома. Дарэчы, сын Яфрэмава Ваня пасля стаў вядомым пісьменнікам-фантастам. Па замове банкіра М. Я. Бумагина пабудаваў мост праз раку Оредеж, які да гэтага часу называюць Бумагиным[3]. У 1908 годзе па яго праекце, на грошы мясцовага насельніцтва ў пасёлку пры станцыі быў пабудаваны храм у імя святых апосталаў Пятра і Павла у памяць аб цудоўным выратаванні царскай сям’і падчас крушэння цягніка ў Борках (1888). Новы храм быў пабудаваны ў «старамаскоўскім стылі» і ўяўляў сабой драўляны крыжападобны ў плане будынак на высокім падмурку з валуноў, з прасторнай двухсветнай царкоўнай залай, якая змяшчала да 1500 чалавек, шатровым купалам і высокай званіцай. У суседнім пасёлку пры станцыі Карташеўская архітэктар пабудаваў падобную драўляную Петрапаўлаўскую царкву. Яна была асвечана 21 ліпеня 1913 года ў памяць 300-годдзя валадарства дома Раманавых[4][5]. Паралельна з творчай дзейнасцю Мікалай Катовіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Ён быў членам і кіраўніком шматлікіх арганізацый: крэдытных, страхавых, пажарных, школьных і прамысловых таварыстваў. У 1917 годзе некаторы час з’яўляўся гласным Петраградскай гарадской думы. Асобнае месца ў жыцці Катовіча займала захапленне аўтамабілямі. Ён быў актыўным членам Санкт-Пецярбургскага аўтамабільнага клуба, а ў 1910-я гады нават займаў пасаду намесніка яго старшыні. Архітэктар удзельнічаў у аўтагонках, у тым ліку на Валхонскай шашы ў 1912 годзе, дзе перамог у сваёй катэгорыі на аўтамабілі Ford. Мікалай Катовіч стаў аўтарам архітэктурнага праекта аэрадромнага комплексу на Каменданцкім полі ў Санкт-Пецярбургу. Праект быў выкананы па заказе Імператарскага Усерасійскага аэраклуба — першай афіцыйнай авіяцыйнай арганізацыі Расійскай імперыі. Катовіч спраектаваў і арганізаваў будаўніцтва аэрадрома з ангарамі, жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. У Савецкай РасііПасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Мікалай Катовіч не прыняў савецкую ўладу. У сваёй аўтабіяграфіі ён сведчыў, што чатыры разы быў арыштаваны бальшавікамі і доўгі час правёў пад вартай. Дзякуючы сяброўству з аднакласнікам па Інстытуце грамадзянскіх інжынераў Канстанцінам Аляшкевічам, вядучым архітэктарам Казані, Катовіч пераехаў туды для працы заснаваным у 1919 годзе Казанскім політэхнічным інстытуце. Аляшкевіч узначальваў архітэктурна-будаўнічы факультэт, а Мікалай Катовіч з 1 студзеня па 16 лістапада 1921 года выкладаў курсы па металічных і жалезабетонных канструкцыях. У гэты перыяд Катовіч таксама праводзіў рэканструкцыю шэрагу прамысловых аб’ектаў у Казані і яе ваколіцах: мылаварнага завода Альмеццева, суконнай фабрыкі Асланова і шклянога завода Бондарава. У міжваеннай Польшчы![]() У 1922 годзе, дзякуючы ўмовам Рыжскага мірнага дагавора, Мікалай Катовіч з сям’ёй выехаў у Польшчу і пасяліўся ў Пінску. Выбар Пінска быў, верагодна, звязаны з тым, што побач, у маёнтку Чабаеўка, жыў ягоны дзядзька, святар Васіль Катовіч, які, без сумневу, дапамог сям’і на пачатковым этапе адаптацыі. У Пінску Катовіч купіў двухпавярховы асабняк па вуліцы Набярэжнай, 88, які знаходзіўся ў паркавай зоне на беразе ракі Піны. З 10 чэрвеня 1922 года Мікалай Катовіч узначаліў уласнае будаўнічае і землеўпарадкавальнае бюро, дзе працягнуў архітэктурную і інжынерную дзейнасць на поўную моц. Яго работа была надзвычай актуальнай у сувязі з правядзеннем аграрнай рэформы ў Польшчы, якая прадугледжвала падзел зямлі ў былых дваранскіх маёнтках. Ён асабіста займаўся парцэляцыяй зямлі ў дзясятках такіх маёнткаў у Пінскім і Драгічынскім паветах. Як архітэктар ён зрабіў значны ўклад у гарадское развіццё Пінска. Сярод спраектаваных і пабудаваных ім будынкаў — да сёння добра захаваныя і адметныя для гарадскога асяроддзя: бальніца доктара Яўсеенкі; гатэль М. Шміта; вытворчыя карпусы запалкавай фабрыкі і іншыя[6]. Руская эміграцыяМікалай Катовіч быў не толькі архітэктарам, але і ўплывовай асобай у рускай эмігранцкай супольнасці Палесся. Карыстаючыся аўтарытэтам сярод мясцовага рускага насельніцтва, ён узначаліў пінскі аддзел Рускага дабрачыннага таварыства і ўзначаліў пінскую секцыю баявой манархічнай арганізацыі генерала Куцепава. Ён падтрымліваў сувязь з манархічнымі структурамі ў эміграцыі, у тым ліку з вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам, генераламі Пятром Урангелем і Аляксандрам Куцепавым[7]. Пасля пажару ў цэнтры Пінска ў жніўні 1921 года, які значна пашкодзіў гарадскую забудову, адміністрацыйны цэнтр Палескага ваяводства быў перанесены ў Брэст. Аднак Пінск працягваў заставацца важным культурным і рэлігійным цэнтрам рускай эміграцыі, асабліва дзякуючы дзейнасці Пінскай праваслаўнай епархіі, якую ўзначальваў епіскап Аляксандр (Іназемцаў). На фоне антысавецкіх настрояў у рэгіёне, звязаных з дзеяннямі арміі Булак-Балаховіча і арганізацыі «Зялёны дуб», Пінск стаў месцам канцэнтрацыі белагвардзейскіх афіцэраў, салдат і грамадзянскіх бежанцаў. У гэтым асяроддзі Катовіч актыўна ўдзельнічаў у культурным і палітычным жыцці, падтрымліваючы рускую ідэнтычнасць праз адукацыю, друк, грамадскую працу[8]. У 1924—1925 гадах Катовіч быў уцягнуты ў падпольную дзейнасць Рускага агульнавайсковага саюза (РОВС) і арганізацыі «Брацтва Рускай Праўды». У 1927 годзе, пасля скарачэння актыўнасці падпольнага манархічнага руху, Катовіч працягваў палітычную дзейнасць у рамках створанага ў Польшчы Рускага нацыянальнага аб’яднання (РНА), дзе ўзначальваў манархічнае крыло ў Пінску і адыграў важную ролю ў выбарчай кампаніі 1928 года. Пераезд у БрэстУ 1926 годзе Нікалай Катовіч сапсаваў адносіны з пінскімі гарадскімі ўладамі. Падставай стаў скандал, выкліканы тым, што магістрат выкарыстаў без яго дазволу праект надбудовы дома нейкай пані Брэгман. 1 красавіка ён прыйшоў у магістрат, дзе паводзіў сябе эмацыйна і абвінаваціў гарадскую ўладу ў «падлогу» і «падмане». 2 красавіка Катовіч даслаў заяву на імя прэзідэнта Пінска з рэзкай крытыкай. Магістрат падаў на яго скаргу ў акруговы суд па артыкуле 154 Крымінальнага кодэкса Польшчы за абразу ўлады. Дзякуючы добрым адвакатам, Катовіч пазбег зняволення, але вымушаны быў пакінуць Пінск і пераехаць на сталае месца жыхарства ў Брэст. Пераехаўшы ў Брэст, Катовіч працягнуў палітычную актыўнасць. Спачатку ўзначаліў мясцовае аддзяленне баявой манархічнай арганізацыі генерала Куцепава, але быў зняты з пасады праз абвінавачванне ў знікненні 300 долараў. Пасля гэтага цалкам пераключыўся на працу ў Брацтве Рускай Праўды, дзе, верагодна, быў задзейнічаны ў выдавецкай дзейнасці як рэдактар ці аўтар. Адначасова быў актыўным удзельнікам Рускага нацыянальнага аб’яднання (РНА) ў Брэсце, дзе займаў пасаду казначэя. Катовіч меў цесныя сувязі з дэпутатам сейма Паўлам Каралём (1890—1940?) — сваім старым сябрам. 24 сакавіка 1928 года Катовіч падаў дакументы на конкурс на пасаду гарадскога архітэктара Брэста. Ён перамог у конкурсе і быў прызначаны на пасаду 3 красавіка 1928 года. Аднак ужо летам прайшоў лячэнне ў варшаўскай універсітэцкай клініцы, і 31 студзеня 1929 года быў вымушаны звольніцца па стане здароўя. Фінансавае становішча Катовіча пагоршылася: ён не змог пагасіць крэдыт у 5000 злотых, і яго маёмасць была апісана. У жніўні 1929 года ён заключыў кантракт на кіраўніцтва будоўляй з фірмай «Юзаф Яблонскі і Ко», а ў красавіку 1930 года разам з Львом Кацам заснаваў будаўнічае прадпрыемства «Катовіч і Кац», якое хутка абанкруцілася. З-за праблем са здароўем Катовіч збудаваў у Брэсце адносна мала: будынак яўрэйскага банка, рускую гімназію, пачатковую школу ў Кобрыне, некалькі прыватных дамоў, а таксама перабудаваў дом Абрама Скарбніка, у якім пасяліўся з сям’ёй. 8 мая 1934 года Нікалай Іванавіч Катовіч памёр у Брэсце. Пахаваны на Трышынскіх праваслаўных могілках, але магіла не захавалася[9]. ТворчасцьДа пераезду ў Польшчу за 29 гадоў прафесійнай дзейнасці пабудаваў звыш 200 аб’ектаў у Пецярбургу, іншых гарадах і правінцыі: шматпавярховыя дамы, тэатры, цэрквы, фабрыкі, склады, гандлёвыя прадпрыемствы. Актыўна займаўся землеўпарадкавальнымі і геадэзічнымі працамі, праектаваў паселішчы, вілы, дачы, лесапільні і інш[10]. Найважнейшыя пабудовы пасля 1922 годаПінск
У іншых мясцовасцях
Сям’яЯго жонка Марыя Катовіч памерла 17 снежня 1935 года. Сын, Мікалай Мікалаевіч Катовіч (1908—1945), стаў геолагам, вучыўся ў Варшаўскім політэхнічным інстытуце, удзельнік Супраціўлення, казнёны немцамі. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia