ААТ «Мі́нскі падшы́пнікавы заво́д» (МПЗ) — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вырабе падшыпнікаў. Знаходзіцца ў горадзе Мінску. Колькасць персаналу — каля 2 000 чалавек. Агульная вытворчая плошча — звыш 380 000 м².
На 2021 год уваходзіў у 10-ку найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускаў звыш 600 мадэляў падшыпнікаў пад таварным знакам МПЗ ад 1 см дыяметрам і 10 грамаў вагой да 98 см дыяметрам і да 880 кг вагой. Вырабляў каля 70 % канструктыўных груп падшыпнікаў, якія існавалі ў свеце. За 2020 год вырабілі звыш 5 млн падшыпнікаў, з якіх 40 % новых узораў 2010-х гадоў. Доля ролікавых сферычных 2-радных падшыпнікаў склала 65 % продажаў і каля 90 % паставак за мяжу ў больш як 20 краін. Асноўнымі пакупнікамі былі прадпрыемствы 7 галін прамысловасці — машынабудаўнічай, горназдабывальнай, металургічнай, энергетычнай, будаўнічай, нафтагазавай і абароннай. Прадпрыемства ўваходзіла ў Міжрэспубліканскі саюз вытворцаў падшыпнікаў (Расія)[6]. Мінскі падшыпнікавы завод меў станцыю выпрабавання падшыпнікаў з лабараторыяй на 60 выпрабавальных машын ВНІПП мадэляў 537 і 542—545. Гэта дазваляла выпрабаваць падшыпнікі карданных валаў, аўтамабільніх ступіцаў, рухавікоў і вадзяных насосаў на вібрацыю і шум[7].
Вырабы і паслугі
На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод вырабляў 77 узораў ролікаў і 788 узораў падшыпнікаў, у тым ліку:
Таксама на заводзе выпускалі: прывадныя ролікавыя ланцугі для трактароў, дэталі ровараў, свердзелы, мэблевую фурнітуру, адкрывалкі бляшанак і пляшак[9], а таксама дэталі для чыгуначнага палатна[10], пакоўку і раскатныя кольцы[11]. Урэшце МПЗ аказваў праз сваю лабараторыю, выпрабавальню і цэх перавозак паслугі: хіміка-спектральнага аналізу металаў; вымярэння ўнутраных зазораў, дакладнасці кручэння і геаметрычнай дакладнасці падшыпнікаў; вымярэння рэшткавай намагнічанасці і шурпатасці паверхні; памераў і норм дакладнасці ролікаў, лінейных памераў для ўнутраных і вонкавых паверхняў; пасажырскіх перавозак мікрааўтобусамі і грузаперавозак да 40 тонаў, здачы ў наём аўтавышкі, аўтакрана, пагрузчыка і экскаватара[12].
Збытавая сетка
На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод меў 25 гандлёвых прадстаўнікоў у 36 гарадах 16 краінаў:
Галоўная прахадная «Мінскага падшыпнікавага завода» (лістапад 2019 года)
17 мая 1948 года Савет міністраў СССР прыняў Пастанову № 5959-РС «Аб будаўніцтве падшыпнікавага завода № 11 у г. Мінску».
У красавіку 1950 года ў Чырвоным Урочышчы на ўскрайку Мінска пачалі ўзводзіць завод.
13 жніўня 1951 года майстарка Л. Ф. Арлова сабрала першы беларускі падшыпнік пад таварным знакам «ДПЗ-11»[15].
7 верасня 1960 года на заводзе выпусцілі 100-мільённы падшыпнік.
У 1962—1977 гадах уведзены ў дзеянне вытворчыя карпусы № 2, 3, 4 (з блокамі цэхаў), цэхі: тэрмічны, літых сепаратараў, інжынерна-бытавы, лабараторна-бытавы.
16 верасня 1969 года ў 2-м корпусе ўвялі ў дзеянне цэх ролікавых сферычных падшыпнікаў.
21 мая 1975 года Галоўны камітэт Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР узнаградзіў «ДПЗ-11» дыпломам 1-й ступені за ўкараненне электракаагуляцыйных збудаванняў для ачысткі прамысловых сцёкавых вод, а распрацоўшчыкаў — залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі[15].
13 лютага 1982 года на заводзе выпусцілі мільярдны падшыпнік.
25 снежня 1995 года завод перайменавалі ў арэнднае прадпрыемства «Мінскі падшыпнікавы завод» (МПЗ). Таксама ў 1995 годзе сабралі 1-шы буйнагабарытны падшыпнік вагой 637 кг[15].
У 2010—2013 гадах для змяншэння выдаткаў газу і электраэнергіі перааснасцілі кавальска-нарыхтоўчае і тэрмічнае абсталяванне завода.
У жніўні 2015 года ў 1-м корпусе запусцілі кольцараскатны ўчастак з лічбавым праграмным кіраваннем і адпальвальным агрэгатам.
У 2016 годзе ўсталявалі 29 і асучаснілі 16 прыбораў для вытворчасці ролікасферычных падшыпнікаў. У выніку замены газавыя награвальныя печы абсталявалі аўтаматычнай загрузкай і выгрузкай. Укаранілі загартовачна-адпускныя агрэгаты і звышфінішаванне кольцаў падшыпнікаў.
21 ліпеня 2017 года адкрылі аўтаматычную лінію загатовак кольцаў дыяметрам ад 22 да 60 см[15].
28 снежня 2020 года ўвялі ў дзеянне газанагравальную печ, што стала апошнім 41-м прыборам у мадэрнізацыі з 2010 года[17].
12 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць завода[18][19].
27 студзеня 2025 года Канада ўвяла санкцыі супраць завода «ў сувязі з працяглымі грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама яго падтрымкай парушэння Расіяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны»[20][21].
Цікавыя факты
Вуліцы каля падшыпнікавага завода маюць неафіцыйную назву «мікрараён Шарыкі»[22][23][24].
Зноскі
↑"Кантакты"(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
↑"Кіраўніцтва"(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.