Народны фронт вызвалення Палесціны — Галоўнае камандаванне
Народны фронт вызвалення Палесціны — Галоўнае камандаванне або Асноўнае камандаванне (араб. الجبهة الشعبية لتحرير فلسطين- القيادة العامة), скарочана НФВП-ГК — невялікая палесцінская нацыяналістычная ваенізаваная арганізацыя, прызнаная тэрарыстычнай у шэрагу краін. Была заснавана ў кастрычніку 1968 года былым капітанам сірыйскай арміі Ахмедам Джыбрылем з-за рознагалоссяў з «марксістамі» ў кіраўніцтве НФВП. У арганізацыі налічваецца некалькі сотняў баевікоў. Яна мае штаб-кватэру ў Дамаску, ячэйкі — у Ліване і Еўропе; карыстаецца падтрымкай Сірыі і Ірана. У арганізацыі маецца ўласнае баявое крыло пад назвай «Брыгады джыхаду Джыбрыля»[3]. НФВП-ГК прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй у Канадзе, Еўрапейскім саюзе і ЗША. Пры стварэнні арганізацыі Джыбрыль абвясціў, што неабходна больш актыўна займацца ўзброенай барацьбой і менш увагі надаваць палітыцы. НФВП-ГК знаходзілася ў апазіцыі Народнаму фронту вызвалення Палесціны Наіфа Хаватмэ і ФАТХ Ясіра Арафата, хоць да 1974года з’яўлялася членам ААП. Джыбрыль называе сваю арганізацыю «піянерамі» ў правядзенні тэрактаў-самагубстваў супраць Ізраіля, першым з якіх ён лічыць напад на Кір’ят-Шмона ў 1974 годзе[4]. Гэтыя акцыі адрозніваліся ад тэрактаў-самагубстваў 90-х і 2000-х гадоў з выкарыстаннем паясоў шахідаў, бо баевікі былі ўзброены агнястрэльнай і халоднай зброяй і забівалі ізраільцян да таго часу, пакуль іх саміх не знішчалі. Пры гэтым баявік ведаў, што ў яго няма шляху адступлення. НФВП-ГК вельмі адмоўна паставілася да ізраільска-палесцінскіх пагадненняў у Осла. Тэрарысты выкарыстоўвалі разнастайныя тэхнічныя сродкі: паветраныя шары, мотадэльтапланы і т. п. Сярод найбольш гучных тэрактаў НФВП-ГК — выбух швейцарскага самалёта ў 1970 годзе, падчас якога загінуў 41 чалавек, бойня ў школьным аўтобусе з Авівім (12 забітых, у тым ліку 9 дзяцей), забойства 19 ізраільскіх грамадзян у Кір’ят-Шмона ў 1974 годзе. У маі 1985 года баевікі НФВП-ГК захапілі трох ізраільскіх салдат у Ліване, высунуўшы патрабаванні іх абмену на палесцінскіх зняволеных, прадставіўшы спіс больш чым у тысячу чалавек. Патрабаванні былі выкананы: у ліку вызваленых палесцінскіх зняволеных былі такія вядомыя людзі як Джыбрыль Раджуб (у наступным ён стаў кіраўніком службы бяспекі ПНА) і духоўны лідар руху ХАМАС шэйх Ахмед Ясін[4]. У 1987 годзе двое дыверсантаў НФВП-ГК праніклі на тэрыторыю Ізраіля (блізу Кір’ят-Шмона) на дэльтаплане і забілі шасцярых ізраільскіх салдат[5]. З канца 80-х гадоў групоўка не здзяйсняла буйных узброеных акцый супраць Ізраіля і ў значнай ступені была неактыўнай. У цяперашні час арганізацыя ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Сірыі на баку ўрада Башара Асада[6][7]. 26 жніўня 2013 года групоўка заявіла аб гатоўнасці нанесці «зваротны ўдар» у выпадку знешняй агрэсіі супраць Сірыі[8]. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia