Нацыянальная лабараторыя імя Лоўрэнса ў Берклі
Нацыянальная лабараторыя імя Лоўрэнса ў Берклі (англ.: Ernest Orlando Lawrence Berkeley National Laboratory, Berkeley Lab, LBNL) — нацыянальная лабараторыя Міністэрства энергетыкі ЗША ў Берклі, штат Каліфорнія. Уваходзіць у структуру Каліфарнійскага ўніверсітэта. Вядзе несакрэтныя даследаванні, у адрозненне ад размешчанай непадалёк Ліверморскай нацыянальнай лабараторыі імя Лоўрэнса, занятай, у прыватнасці, распрацоўкай ядзернай зброі. Лабараторыя знаходзіцца на ўзгорках Берклі-Хілс вышэй цэнтральнага кампуса ўніверсітэта. У 72 будынках лабараторыі (іх уласнік — Міністэрства энергетыкі), размешчаных на 0,8 км² (зямля належыць універсітэту), працуюць 4000 супрацоўнікаў універсітэта, уключаючы 800 студэнтаў, і каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў міністэрства. Акрамя таго, штогод у лабараторыі працуе 3000 даследчыкаў-візіцёраў. Лабараторыя была створана 26 жніўня 1931 года пад назвай «Радыяцыйная лабараторыя» (англ.: Radiation Laboratory) у якасці падраздзялення фізічнага факультэта ўніверсітэта. Яе асноўным інструментам быў цыклатрон, створаны Э. Лоўрэнсам, які атрымаў за вынаходства гэтага тыпу паскаральніка Нобелеўскую прэмію па фізіцы 1939 года. Навуковыя дасягненніУ лабараторыі былі адкрыты такія хімічныя элементы, як астат, нептуній, плутоній, кюрый, амерыцый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, набелій, лаўрэнсій, дубній і сіборгій. З іх берклій і каліфорній названы ў гонар месца, дзе знаходзіцца лабараторыя, а лаўрэнсій і сіборгій у гонар даследчыкаў, якія працавалі ў LBNL. Лабараторыя брала ўдзел таксама ў адкрыцці тэхнецыю. Тут быў адкрыты антыпратон. 11 супрацоўнікаў лабараторыі атрымалі нобелеўскія прэміі. Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia