Павел Мікалаевіч Спірын
Павел Мікалаевіч Спірын (нар. 20 мая 1984) — беларускі блогер і грамадскі актывіст, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. БіяграфіяЮрыст па адукацыі (скончыў тэхнікум па спецыяльнасці «крымінальнае права»), удзельнік Руху «За свабоду», Павел працаваў майстрам у адным з ЖЭС Мінска. Сам Павел сцвярджаў, што пайшоў працаваць у ЖЭС наўмысна, бо хацеў пераканацца, што сістэма працуе няправільна: «Уладкаваўся на гэтую пасаду спецыяльна. І ўбачыў, што сапраўды людзі маюць падставы, калі кажуць, што гэта сістэма карумпаваная»[1]. У 2012 быў ініцыатарам праверкі, якая павінна была вывучыць законнасць вылучэння былога кіраўніка гарсавета Міхаіла Савановіча ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: яго нібыта вылучылі работнікі ЖЭС-48 Фрунзенскага раёна Мінска. Самі ж работнікі ЖЭС заявілі, што Савановіча ў дэпутаты не вылучалі. У выніку Савановіч стаў дэпутатам, а праверка скончылася безвынікова[2][3]. Сам Спірын таксама спрабаваў самастойна балатавацца ў парламент, ён быў зарэгістраваны, але далей справа не працягнулася. Паралельна з працай у ЖЭС і спробамі грамадскай актыўнасці, Спірын стаў пісаць сатырычныя творы пра чыноўнікаў. Адзін са сваіх твораў, сатырычную аповесць пра тагачаснага кіраўніка Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку, Спірын у канцы 2014 года разаслаў на больш чым 1500 электроных адрасоў супрацоўнікаў розных арганізацый, падначаленых Мінгарвыканкаму. У выніку была распачата праверка з мэтай прыцягнення аўтара да крымінальнай адказнасці за «хлусню і абразу асобы»[4]. 1 кастрычніка Спірына затрымалі, ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за хуліганства, якія адбываў на Акрэсціна[5]. Пасля гэтага Спірына звольнілі з ЖЭС, ён стаў працаваць рознарабочым у фірмах сяброў і на будоўлях. З 2016 года Спірын стаў займацца ўласным каналам на YouTube, на якім спачатку выкладаў відэа з дэкламацыямі сваіх одаў чыноўнікам — Лукашэнку, Ярмошынай, суддзям і МУС. У снежні 2017 Спірын скончыў рабіць і выклаў у вольны доступ свой дакументальны фільм пра Лукашэнку «Айчым». Акрамя гэтага, ён даслаў спасылку на фільм у розныя дзяржаўныя ўстановы, а рэпост фільма зрабіў канал NEXTA, што адразу прыцягнула вялікую ўвагу да гэтага відэа (на момант пачатку праверкі ўжо было больш за 400 тысяч праглядаў, на чэрвень 2022 — больш за 1 млн праглядаў). Сваю матывацыю да стварэння Спірын патлумачыў павагай да фільма Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт» і жаданнем таксама зняць такі фільм, а таксама абурэннем наконт падзей у краіне: «Паглядзеў калісьці фільм „Жоўты пясочак“. Я аповесьць Быкава не чытаў. А фільм я распаўсюджваў праз сваіх сяброў. Яны мне сказалі: „Ня трэба маўчаць, бо яны хутка пачнуць нас страляць“. Напэўна таму. Яны пакуль нас толькі катуюць, садзяць у турму, штрафамі спрабуюць… Я змагаюся, як магу, як умею». На падставе абразы Лукашэнкі, якая нібыта змяшчалася ў фільме, была напісана заява (пры гэтым у заяве за аўтарствам Яўгеніі Грыб быў пазначаны адрас заяўніка, па якім не фактычна не існуе ні дома, ні кватэры)[6], пасля чаго была прызначана даследчая праверка, Спірын быў дапытаны, але справа скончылася без прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці[7][8]. У сакавіку 2019 Спірын зняў і выклаў у сеціва ролік, прысвечаны працы камісій «па дармаедам»: «Яго сутнасць у тым, каб высмеяць працу гэтых камісій. Бо яны працуюць не на падставе закона, а на падставе антыканстытуцыйных дэкрэтаў і ўказаў». На гэты ролік і каментары пад ім тагачасны намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска Сяргей Павачка напісаў заяву ў РУУС, дзе паведаміў, што «ён пакутуе, страціў сон і апетыт. І ў далейшым ён не можа ажыццяўляць кіруючую дзейнасць, пакуль не знойдуць чалавека, які пакінуў дадзены каментар». У выніку Спірын быў дапытаны, пасля агляду яго кватэры быў канфіскаваны цвёрды дыск яго камп’ютара[9]. У верасні 2019 Спірын падтрымаў блогера Мікалая Маслоўскага, калі той спрабаваў не даць былой «Міс Беларусь-2018» Марыі Васілевіч стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Дзеля гэтага Маслоўскі з дапамогай іншых беларускіх блогераў — Сяргея Ціханоўскага, Паўла Спірына, Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна, Арцёма Шапарава — спрабаваў вылучыцца ў дэпутаты па тым жа раёне, дзе вылучалася Васілевіч[10]. Вылучэнне Васілевіч у парламент тады таксама раскрытыкавала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, што выклікала адказ Лукашэнкі, і ў выніку Васілевіч была абрана (яна набрала найменшую колькасць галасоў сярод усіх 110 акруг — 28,94 %)[11]. Наступным фільмам Спірына, які выклікаў вялікі рэзананс, а да яго самога зноў прыцягнуў увагу следчых, стаў фільм «Грань-2019». У гэтым фільме Спірын паказаў, як у працэсе барацьбы дзяржаўных службаў з распаўсюдам наркотыкаў у краіне ламаюцца лёсы падлеткаў і іх бацькоў. Мэту гэтага фільма Спірын апісаў наступным чынам: «дзеці нарэшце перастануць гніць у турмах і ў іх нарэшце з’явіцца шанец на добрае жыццё». У лістападзе 2019 фільм трапіў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (што прадугледжвае адказнасць за яго распаўсюд)[12], на самога Спірына была заведзена крымінальная справа, якая да падзей 2020 года не мела рэальных наступстваў для яго[13]. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 спачатку паспрабаваў удзельнічаць як кандыдат[14]. Але ён не прайшоў рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркаме праз нібыта несапраўдныя звесткі пра чальцоў сваёй ініцыатыўнай групы, а таксама праз памылкі ў афармленні. Разгляд сваёй кандыдатуры ў ЦВК Павел трансляваў у прамым эфіры[15]. Тады Спірын далучыўся да Аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай, стаў яе даверанай асобай[16]. Пасля жорсткіх падзей вакол выбараў Спірын 22 жніўня выклаў фільм «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм», які на момант яго затрымання, якое адбылося 4 верасня, меў больш за 600 тысяч праглядаў. Сям’яЖонка Ірына, сын Арцём. Палітычны пераслед 2020—2022Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня ў Мінску, у яго кватэры быў праведзены ператрус, а яго самога змясцілі на Акрэсціна. Дзеля яго затрымання міліцыянты нават адключалі электрычнасць у яго кватэры[17]. Справу распачалі нібыта на падставе яго фільма «Грань», які з 2019 знаходзіўся ў рэестры экстрэмісцкіх матэрыялаў, была заведзена крымінальная справа па арт.130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы)[18]. Праз тры дні Павел быў вызвалены (у яго забралі пашпарт, узялі падпіску аб нявыездзе і павезлі на псыхіятрычную экспэртызу, якая прызнала яго здаровым, пасля чаго яго вызвалілі), на што ён адрэагаваў новым ролікам на сваім канале, які выклаў 8 верасня. На наступны дзень, 9 верасня, Павел быў затрыманы зноў, пазней быў змешчаны ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску, да яго абвінавачвання далучылі таксама яго апошні вялікі фільм «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм». Частку часу да суда ўтрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна. Праз чатыры з паловай месяцы пасля затрымання, 25 студзеня 2021, у Мінскім гарадскім судзе распачаўся судовы разгляд справы Спірына. Справу вяла суддзя Дзіна Кучук[19], дзяржаўным абвінаваўцам быў пракурор Антон Цюменцаў. Падтрымаць Спірына прыйшла каля сотні чалавек, больш за 70 не трапілі ў залю паседжанняў праз недахоп месцаў. Спірын адмовіўся ад адваката, абараняў сябе сам, сваю віну не прызнаў. Спіріна вінавацілі ў фарміраванні нянавісці да шэрагу чыноўнікаў, а таксама ў тым, што ён нібыта заклікаў да гвалтоўных дзеянняў супраць іх[20]. 1 лютага адбыліся спрэчкі бакоў, разгледжаны вынікі экспертыз, якія ацэньвалі выказванні і меркаванні Спірына ў яго роліках (эксперты з боку абвінавачвання паказалі, што заклікі да гвалту ёсць, эксперт з боку Спірына — што заклікі адсутнічаюць), таксама Спірын выступіў са сваім апошнім словам, у якім звярнуў увагу на выбарачны характар крымінальнага пераследу за выказванне меркаванняў: «Мае відэа — гэта проста крытыка. Жорсткая, але крытыка. Напрыклад, газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае яшчэ большую крытыку, чым я. Заклікаючы адбіраць з сем’яў пратэстоўцаў іх дзяцей. Параўноўваючы пратэстоўцаў з фашыстамі. І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальванні сацыяльнай варожасці не абвінавачвае». Пракурор Цюменцаў запрасіў пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму[21]. 5 лютага суддзя Кучук вынесла менавіта такі прысуд, як раней запрасіў пракурор: чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, што на паўгода менш за максімальны тэрмін па арт. 130[22]. 8 лютага 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў, Павел Спірын быў прызнаны палітычным зняволеным, праваабаронцы заклікалі да неадкладнага вызвалення Спірына: «Прысуд Паўлу Спірыну з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады»[23][24]. 9 чэрвеня 2021 сімвалічным «хросным» Паўла Спірына стаў дэпутат шведскага Рыксдага Давід Ёзэфсан[25][26]. Адбываць прызначаны тэрмін Спірын быў пераведзены ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску. У калоніі працуе на кухні, дзе ачышчае талеркі ад ежы, таксама пачаў пісаць кнігу, у якой збіраўся вывучыць прыроду ўлады, пачатак кнігі ён перадаў у лістах на волю[27]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia