Радашковіцкая беларуская гімназія
Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны, тагачаснае напісанне Радашкоўская беларуская гімназія) — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Выкладанне вялося па-беларуску. Дзейнічала ў горадзе Радашковічы ў 1922—1928 гадах, у Заходняй Беларусі (Польшча). Гісторыя![]() Гімназія заснавана Радашковіцкім Таварыствам беларускай школы (ТБШ) паводле ініцыятывы беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава і педагога П. Крачкоўскага. У пачатку 1922 года атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі, дырэктарам яе быў ксёндз Фабіян Абрантовіч. Пазней дырэктарамі гімназіі выбіраліся Аляксандр Вернікоўскі і Фелікс Стацкевіч[1]. ![]() Спачатку навучальная ўстанова месцілася ў будынку колішняй яўрэйскай школы, а пасля перабралася ў будынак на рагу Мінскай вуліцы і Касцельнай плошчы[2]. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амерыканскіх і беларускіх метадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў горада і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 года вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадах праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ. ![]() Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцця яе ў верасні 1928 года па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў Радашковіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. У 1928/29 навучальным годзе замест гімназіі, якой улады не працягнулі канцэсію, у Радашковічах дзейнічала прыватная беларуская пяцікласная школа, якая неўзабаве была закрыта. ВыкладчыкіПершым настаўніцкім калектывам кіраваў Аляксандр Вернікоўскі. Язэп Гаўрылік выкладаў геаграфію і спевы, Фелікс Стацкевіч — лацінскую мову, Сымон Кароль — беларускую мову і літаратуру, Антон Крачкоўскі — матэматыку і геаметрыю, Мікалай Ласковіч — фізіку, Валянціна Чаенкава — гісторыю і французскую мову, Валянцін Чаенкаў — логіку і псіхалогію, Браніслаў Тэраевіч — польскую мову, Лідзія Ліманоўская — нямецкую. Адміністратарам гімназіі працаваў беларускі дзеяч Тодар Вернікоўскі (стрыечны брат дырэктара). Мастацкім гуртком два гады кіраваў Язэп Драздовіч[2]. Навучэнцы і выпускнікіПэўны час у гімназіі вучыўся Яўген Скурко (Максім Танк). Выпускнік гімназіі — беларускі грамадскі дзеяч Аляксандр Калоша.
Сучасны станАд гімназіі на сёння захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках ёсць недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia