Роднай старонцы

Роднай старонцы
Аўтар Янка Лучына
Дата першай публікацыі 1892
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Роднай старонцы» — славутыя вершы беларускага паэта Янкі Лучыны, апублікаваныя ў 1892 годзе. Напісаны чатырохстопным дактылем.

Публікацыя

Паштоўка пра Янку Лучыну, выдадзеная суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» у 1906 годзе.
Плакат аўтарства Язэпа Драздовіча паводле чатырох апошніх радкоў Лучынавых вершаў.

Упершыню апублікаваны ў 1892 годзе ў «Паўночна-заходнім календары на 1892 год» з подпісам «Н-скій». У 1906 годзе пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» выдала паштоўку, прысвечаную Янку Лучыну, на ёй разам з партрэтам паэта змешчаны радкі яго вершаў. У 1907 годзе верш апублікавала «Наша Ніва» (№ 17). У 1910 годзе быў перакладзены на рускую мову і апублікаваны ў пецярбурскім «Альманахе-календаре для всех». У 1918 годзе вершы цытаваў часопіс «Чырвоны шлях». Верш перадрукоўвалі ўсе паслярэвалюцыйныя хрэстаматыі беларускай літаратуры. У першы зборнік твораў Янкі Лучыны верш трапіў толькі ў 1953 годзе[1]. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў арыгінале Янкі Лучыны было не «сонца навукі», а «сонца свабоды», аднак такі варыянт не прайшоў цэнзуры[2].

Алюзіі

Яўхім Карскі паставіў радкі Лучынавага верша эпіграфам да сваёй шматтомнай працы «Беларусы». Кніга апавяданняў Ядвігіна Ш. «Бярозкі» (1912) таксама пачынаецца радкамі гэтых вершаў. У 1919 годзе паводле Лучынавых вершаў мастак Язэп Драздовіч стварыў графічную кампазіцыю[1]. Ёсць думка, што назвы беларускіх газет «Свабода», «Наша Ніва» і «Наша Доля» паходзяць ад чатырохрадкоўя Лучынавых вершаў.

Сонца навукі скрозь цёмныя хмары
Прагляне ясна над нашаю ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасьліваю!…

Ацэнкі

У сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі адзначаў: «З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднае старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі»[3]. Даследчык беларускай літаратуры Алег Лойка вызначае гэты твор як «найбольш папулярны» і ўважае за «вяршыню лірыкі» паэта: «Янка Лучына як паэт, дэмакрат і патрыёт выказаўся тут найпаўней»[4]. Уладзімір Конан адзначае, што Янка Лучына ў гэтых вершах у пэўнай ступені палемізуе з сваім рускамоўным творам «Не ради славы иль расчета» (1886): «рускамоўны верш змяшчае праграму інтэлігента-народніка, які абяцае: „Служить стране, глухой, забитой, / Где мрак невежества царит, / В лачуге, где, соломой крытой, / Мужик печально дни влачит…“. У „Роднай старонцы“ лірычны герой упэўнены, што яго народ будзе жыць „добраю доляй — доляй шчасліваю“»[5].

Крыніцы

  1. а б Содаль У. «І будуць жыць дзеткі патомныя...» Пра верш Янкі Лучыны «Роднае старонцы». — 1997. — № 7. — С. 180—185.
  2. Калубовіч Аўген. Крокі гісторыі. — Мн., 1993. — С. 146
  3. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры / Уклад. і падрыхт. тэксту Т. С. Голуб. — Мн.: Маст. літ., 1992. — С. 263. — 479 с.
  4. Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. — Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 275—276. — 304 с.
  5. Конан У. Міфалагічныя і біблейскія матывы ў творчасці Янкі Лучыны. — 2001. — № 8. — С. 22.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya