Загляне сонца і ў наша аконца![]() «Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца»[1] (арыгінальная назва «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ») — першая легальная беларуская выдавецкая суполка, існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1906—1914 (1916?) гадах. Суполка выдавала кнігі кірыліцай і лацінкай, а сукупны наклад іх перавысіў 100 тысяч. Сярод выданняў творы беларускай літаратуры XIX ст., першыя беларускія падручнікі, сцэнічныя творы, дапаможнікі для гаспадароў, творы маладых аўтараў, паштоўкі. Адначасна выпрацоўваліся і прынцыпы правапісу беларускай мовы. Перадгісторыя![]() Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12(25).12.1904 указ імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэту магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. Вацлаў Іваноўскі ў 1905 годзе спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча, але безвынікова[2]. Тым не менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў. ![]() Назва выдавецтва — гэта прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў, напрыклад: другі эпіграф у адозве народнікаў-«гоманаўцаў» «Письма о Белоруссии» (1882) Данілы Баравіка, а таксама выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892)[3]. Першы этап дзейнасці (1906—1909)![]() Дзейнасць арганізацыі распачалася з выдання ліста, у якім утрымліваўся заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі экзэмпляр Статута[4]. Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістравана ў маі 1906 года. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. 5 мая 1906 года згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 года натарыяльны дагавор, паводле якой неслі салідарную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі[5]. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь[6]. ![]() У ліпені 1906 года выйшаў «Беларускі лемантар[заўв 1], або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт) і серыя паштовак («Шчарсуны ўлетку», «Шчарсуны ўзімку», «Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) — пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч — пясняр беларускі», «Мужыкі спад Пухавіч», «Торжышчэ ў Пухавічах», «Дзяўчаты спад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), пясняр беларускі», «Вясковая баба Трыбужкоў», «Дом Тадэвуша Касцюшкі» ў Мерачоўшчыне, а праз некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага[2], пакінуў друкарню на пачатку 1907 года. Да сакавіка 1908 года суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі «Народныя песняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча, «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы «Жалейка». Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак. Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд В. Іваноўскага ў Мюнхен, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры[2]. Другі этап дзейнасці (1909—1913)30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Б. Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка; з’явіліся новыя сябры: А. Трэпка-Неканда з жонкай, А. Грыневіч і Г. Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам[2]. У канцы 1909 ў Пецярбург быў запрошаны Я. Купала, які атрымліваў магчымасць для непасрэднага ўдзелу ў выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Я. Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця» (асобныя з іх выдадзены ў выдавецтве А. Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць). Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні-верасні 1909 кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» у Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе В. Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Я. Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены разам з віленскім таварыствам «Наша хата». У сярэдзіне таго ж года выйшлі з друку адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам В. Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя «Народныя песняры» была закончаная. Апрача таго, у 1910—1912 суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі «Модны шляхцюк» К. Каганца (1910), «Сватанне» А. Чэхава ў перакладзе Н. Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) М. Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Н. Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Далецкімі (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Э. Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Власта), «Хам» (1912) і камедыю Я. Купалы «Паўлінка» (студзень 1913). У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Г. Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа». У канцы жніўня 1911 распачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912—1913 выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Я. Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Я. Коласа, Цёткі, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гурло, К. Буйло, Чарнышэвіча, Я. Журбы, А. Новіча, Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы А. Луцкевіча (пад псеўданімам А. Навіна). Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з узрастаючай колькасцю выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак[2]. Трэці этап дзейнасці (1913—1914)На апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад’ездам В. Іваноўскага і Я. Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1.6.1913 адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Б. Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі А. Ярэміч і Я. Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі «Мядзведзь» А. Чэхава і «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага ў перакладзе В. Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Я. Коласа, «Абразкі» З. Бядулі, «Песні» Ц. Гартнага, «Амерыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Нарэшце, прыкладна ў сярэдзіне 1914 была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча. У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі, цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сітуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Бр. Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталогу друкарні М. Кухты 1914 года «Спісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыццё, а выццё»[7]. Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна. Апошняя кнігаМожна меркаваць, што ў 1916 годзе выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасць, выпусціўшы кнігу Я. Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на свеце робіць»; на кнізе было было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасць суполкі скончылася[8]. ТыпаграфііТаварыства наладзіла партнёрскія стасункі з пецярбургскай друкарняй Казіміра Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і размяшчалася. Дзякуючы спачуванню беларускай справе ўласніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў. Два выданні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбургскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»)[9]. ФінансаваннеАд самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела лепшае матэрыяльнае забеспячэнне, чым яго папярэднікі. У арганізацыю ўступіла многа забяспечаных у матэрыяльных адносінах людзей: В. Іваноўскі, які ўжо паспеў стаць прафесарам, Б. Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраванні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл[10]. Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча[11]. Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусветнай вайны сталі прадметам махінацый. Пра гэта сведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» А. Уласава да А. Луцкевіча ад 10 снежня 1914 года, у якім гаворыцца наступнае[12]:
Вынікі дзейнасці![]() Юліяна Вітан-Дубейкаўская так напісала ў сваіх успамінах[13]:
Суполка да 1914 года выдала 38 кніг[2] (калі лічыць выданні кірыліцай і лацінкай як асобныя пазіцыі) сукупным накладам, больш як 100 тысяч[заўв 2]. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г.д. Суполка выцягнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў і тым самым выдатна спрычынялася да фармавання новай беларускай літаратуры. Больш за тое, суполка адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазней астатнімі выдаўцамі[14]. Сваімі выданнямі, у асаблівасці серыяльнымі, суполка заваёўвала ў вачах грамадскасці рэпутацыю паважанай арганізацыі. Не жадаючы (пры ўсёй нешматлікасці беларускіх літаратараў), выпускаць у свет творы, недасканалыя ў мастацкіх адносінах, яна выстаўляла маладым творцам высокія мастацкія патрабаванні. У кастрычніку 1906 г. выдавецтва не прыняло, напрыклад, да друку зборнік вершаў «Плач» Міхаіла Сарокі з Вільні — гэта былі першыя пробы пяра з неахайна рыфмаванымі радкамі і расцягнутымі сюжэтамі[15]. Распаўсюджанне і прапаганда беларускай кнігі![]() Суполка не толькі актыўна друкавала, але і распаўсюджвала свае кнігі. У Варшаве, Мінску, Гродна, Гомелі (крама Сыркіных), Віцебску і іншых гарадах былі адкрыты контрагенцтвы выдавецтва. З Пецярбурга чытачам дасылаліся кнігі. У «Нашай ніве» пастаянна друкаваліся абвесткі[заўв 3], кніжкі дасылаліся кожнаму, хто звярнуўся на склад выдавецтва. Акрамя распаўсюджвання сваіх выданняў, усе іншыя выданні «Кругу беларускай прасветы» і асобных людзей прымаліся суполкай на камісію і распаўсюджваліся побач з уласнымі. Суполка ўвайшла ў згоду з рэдакцыяй «Нашай нівы», якая брала некаторыя выданні і рассылала дадаткам да газеты[16]. Распаўсюджваў кнігі асабіста Янка Купала. ![]() Некаторыя звесткі сведчаць пра тое, што кнігі распаўсюджваліся і пасля спынення дзейнасці арганізацыі. Так, у 1917 годзе студэнт Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Петраградзе П. Г. Каравайчык прадаваў і высылаў кнігі, выдадзеныя суполкай: «Дудку беларускую» М. Бурачка, «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», «Купалу» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Маладую Беларусь» і іншыя выданні. У 1918 годзе П. Каравайчык ад’язджаў у Маскву на працу ў Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей РСФСР і клопат па распаўсюджанні кніг хацела ўзяць на сябе «Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе», якое было створана ў сакавіку 1918 г. у Петраградзе. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства быў Чэслаў Родзевіч. Ён пісаў да Бр. Эпімаха-Шыпілы[17]:
Спіс выдадзеных кнігСпіс кніг, выдадзеных суполкай:[18]
Вобраз у мастацтвеА. А. Марачкін у 2006—2007 напісаў карціну «Загляне сонца і ў наша ваконца. Да 100-годдзя выдавецкай суполкі»[22]. Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia