Свята-Мікалаеўская царква (Юрацішкі)
Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на вул. Савецкай, 27[1]. Гісторыя![]() Ініцыятарам будаўніцтва праваслаўнага храма ў Юрацiшках былі канцлер вялікі літоўскі Альбрэхт Гаштольд і яго жонка Сафія з князёў Вярэйскіх. Царква была збудавана каля 1520 года, мела галоўны прастол у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы і бакавы прастол у гонар Святой Параскевы Пятніцы. Яна была пабудавана драўляным зрубам, стаяла сярод сялянскіх хат. Аб першапачатковым выглядзе храма звестак не захавалася[1]. 6 чэрвеня 1532 года Альбрэхт Гаштольд сваёй дарчай граматай надаў царкве і яе святарам каля 90 га зямлі, 5 пляцаў у Юрацішках, некалькі сенажацяў і права збіраць мыта на кірмашах у дні Святога Мікалая і Дзясятай Пятніцы пасля Вялікадня. Першым настаяцелем царквы быў святар Яфрэм Марціновіч[2]. Храм некалькі разоў быў капітальна рэстаўраваны. У 1840 годзе быў праведзены капітальны рамонт: падняты сцены, падкладзены дадатковы каменны падмурак і пакладзены новы гонтавы дах. У 1864 ці 1867 годзе над прытворам была пабудавана званіца з шатровым завяршэннем[2]. Над званіцай быў уладкаваны купал, увянчаны пазалочаным жалезным крыжам. Над алтаром ўсталявалі іншую галоўку, крытую жалезам, афарбаваную блакітным колерам з жалезным высерабраным крыжам[1]. Падчас Першай Сусветнай вайны на непрацяглы час храм стаў нямецкім ваенным шпіталем. Аднак параненыя, якія знаходзіліся ў ім, паміралі. Іх магілы захаваліся побач з царквой. Неўзабаве шпіталь быў перанесены ў вёску Савічы[2]. Царква дзейнічала ў савецкі час. У 2005 годзе вакол храма ўзвялі новую агароджу. У 2007 годзе ўсталявалі новыя купалы і крыжы, пакрытыя нітра-тытанам і нержавеючай бляхай, замянілі аконныя рамы і пасадзлі дрэвы. У 2009 годзе сцены храма і званіцы звонку абабілі жоўтым сайдынгам, абтынкавалі падмурак дэкаратыўнай тынкоўкай пад камень, уладкавалі вадасцёкавую сістэму і правялі паравое ацяпленне. У 2010 годзе ў храме зрабілі ўнутраны рамонт[1]. 5 лютага 2012 годзе ў час набажэнства ў царкве здарыўся пажар. Агонь цалкам знішчыў дах і драўляныя перакрыцці на плошчы 30 кв.м, пашкодзіў памяшканне кацельні памерам 2×2 метры, сцены ўнутры храма і маёмасць. Прычынай узгарання выявілася парушэнне правіл пячнога ацяплення[3]. 22 мая 2014 года архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый асвяціў адноўленую пасля пажара царкву[1]. У ёй захоўваюцца цудатворны Юрацішкоўскі абраз Божай Маці і вялікі архіў[2]. АрхітэктураДа пажара 2012 года ўяўляла сабой твор народнага дойлідства. Трохзрубны будынак складаўся з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёма, пяціграннай апсіды і квадратнага ў плане бабінца. Зрубы аднолькавай вышыні былі завершаны агульнай прафіляванай цягай карніза. Асноўны аб’ём і апсіда былі накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай і трохвугольнымі навісямі ў месцах злучэння зрубаў. Па баках апсіды знаходзіліся нізкія сіметрычныя прыбудовы, размешчаныя на адной лініі з бакавымі сценамі асноўнага зруба. Бабінец быў завершаны чацверыковай шатровай званіцай з галоўкай. Сцены былі гарызантальна ашаляваны і аздоблены шырокімі лапаткамі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia