Свята-Успенская царква (Быцень)
Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у аг. Быцень (Івацэвіцкі раён). Размешчана ў цэнтры аграгарадка. Помнік архітэктуры позняга рэнесансу і ранняга барока. Гісторыя![]() Пабудавана ў 1654 г. з цэглы як капліца ў ансамблі базыльянскага манастыра (не захаваўся), заснаванага ў 1640 г. па фундацыі слонімскага маршалка Рыгора Трызны[1] з жонкаю Рэгінай з Сапегаў. Пасля смерці яго сына падскарбія Мікалая Трызны багатае паселішча парайшло ва ўладанне базыльян. У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары пад час паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся уніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля кляштара з 1640 г. Узнятыя наступным уладальнікам Казімірам Тызенгаўзам дакументы аб лёсе Быценя далі падставу для адабрання яго ад уніятаў і вяртання ў 1779 г. законным уладальнікам[2]. З 1683 г. тут 5 гадоў вучыўся і ўступіў у ордэн св. Васілія Вялікага вядомы грамадска-рэлігійны уніяцкі дзеяч Леў Кішка (1668—1728). Набажэнствы былі адноўлены ў 1920—30-я гг. У 1990-я гг. перад храмам пастаўлена мураваная брама-званіца (архітэктар Л. Макарэвіч). АрхітэктураЦарква вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым дахам з васьмігранным купальным барабанам. Галоўны заходні фасад расчлянёны лапаткамі на тры праслы, бакавыя з іх крапаваны плоскімі прамавугольнымі нішамі, над галоўным уваходам арачны аконны праём. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. ![]() Унутраная прастора храма магутнымі пілонамі падзелена на тры нефы, цэнтральны шырокі перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Абразы «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая» (сярэдзіна 18 ст.) і «Хрыстос Уседзяржыцель» (16 ст., перанесены з Быценскага манастыра), драўляная скульптура «Укрыжаванне» (18ст.)[3]. Брама-званіца ўяўляе крыжова-цэнтрычнае двух'яруснае збудаванне; першы ярус — арачны праезд у двухкалонным арачным партале, другі — цыліндрычны барабан, завершаны цыбулепадобным купалам. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia