Сноўская сядзіба
Сноўская сядзіба — палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх у Снове Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Помнік архітэктуры класіцызму. Мае рысы шматпланавай аб’ёмна-прасторавай сіметрычнай кампазіцыі, сам палац уяўляе сабой новы тып палацавых будынкаў з раскрытай франтальнай планіроўкай уздоўж адной папярочнай восі. Гісторыя![]() Фарміраванне сядзібы, якая захавалася да нашага часу, вялося на раўнінным беразе р. Сноўка пры Казіміры Рдултоўскім (1785—1855), які стварыў тут рэзідэнцыю з зімовым садам, галерэяй, у Адахоўшчыне заснававаў суконную фабрыку. Будынак датуецца 1827 г. і аўтарам праекта называецца архітэктар Б. Л. Тычэцкі[1]. Аднак існуе факт знаходжання ў Сноўскім палацы ў 1764 г. караля Станіслава Панятоўскага. Але, верагодна, кароль наведваў малавядомы палац Яна Хрызастома Рдултоўскага (1735—1791), пабудаваны ў 1760 г., які, згодна з сямейнай хронікай, быў разбураны пад час Барскай канфедэрацыі. З 1854 г. маёнтак Сноў і сноўскі палац (2672 дзесяцін зямлі і лесу) перайшоў у рукі рускага барона Густава Гарцінга (1819—1879), які парадніўся з мясцовымі каталіцкімі землеўласнікамі і па сутнасці асіміляваўся ў мясцовым асяроддзі. Пасля маёнтак перайшоў у рукі яго сына — барона Мікалая Гарцінга, а затым унука — барона Генрыка Гарцінга, які быў жанаты з Тэкляй Неміровіч-Шчыт і які валодаў палацам аж да 1939 г. (пачатку Другой сусветнай вайны)[2]. Пасля рамонту каля 1925 г., барон Генрык Гарцінг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жыллё польскага корпуса аховы граніцы. Палац выкарыстоўваўся і як казіно. Сам барон Генрык Гарцінг у тыя часы жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоў маёнтка Сноў[2]. Архітэктура![]() Палац, пабудаваны ў 1827 годзе па праекце дойліда Б. Тычэцкага, размешчаны на адкрытым месцы ў звілістай рэчкі Сноўка. Сядзіба размешчана на роўнай тэрасе, у плане мела форму прамавугольніка плошчай каля 37 га. Уключала партэр, пейзажны парк, ахоплены па перыметры алеяй, на якую выводзіць цэнтральная трохрадная алея з ясеняў і клёнаў. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку прымыкаў вялікі вадаём, з левага — пладовы сад з алеяй з ясеняў і ліп. Сістэма каналаў утварыла некалькі астравоў мудрагелістай формы, густа зарослых хмызняком і дрэвамі розных парод. Галоўнае месца ў сіметрычна-восевай кампазіцыі адведзенае палацу. Працягласць палаца — каля 140 м[1]. Каб пазбегнуць манатоннасці, увесь масіў збудавання рассечаны на асобныя выступаючыя і рознавысокія аб’ёмы[1]. Цэнтральная частка палаца і фланкуючыя рызаліты — у два паверхі, бакавыя крылы аднапавярховыя. Галоўны ўваход у палац вылучаны чатырохкалонным порцікам іанічнага ордара[1]. Такі ж порцік, але з меншым выступам ад плоскасці муроў, збудаваны з боку парку. Праходзячы пад порцікамі, наведвальнікі трапляюць у вестыбюлі, злучаныя паміж сабою і асноўнымі памяшканнямі палаца — заламі, гасцінымі, кабінетамі, размешчанымі на першым паверсе. Парадная зала ў плане прамавугольнай формы, плошча яго перавышае 100 кв. м. Шэсць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасада палаца (па тры на кожны), забяспечваюць вялікую лёгкасць інтэр’еру і адкрываюць перспектыву ў бок парку і мястэчка. З аднаго боку залы ўладкованы алькоў, які займае вялікую частку сцяны. Глыбокі алькоў авальнага абрысу з нішамі для скульптур адгароджаны ад залы чатырма калонамі. Гэтым дасягаецца выразная прамавугольная форма плану залы. Убранне інтэр’ера залы адрозніваецца сціпласцю. Столі і муры пазбаўленыя дэкарацыі. Толькі верхняя частка муроў залы нясе карніз. Упрыгожваннем, акрамя алькова, з’яўляецца вялікая кафляная печ, выкананая з вялікім майстэрствам. ![]() У бакавых крылах і ў фланкуючых аб’ёмах палаца месцавлася галоўным чынам жыллё. Дойлідства крылаў прадстаўленае іанічным ордарам. Пры гэтым левае крыло палаца вырашанае адкрытай галерэяй — каланадай, а правае — каланадай, якая прылягае да фасаднага мура. Пабудова фланкуючых аб’ёмаў вельмі простая: у неглыбокіх і плоскіх нішах размешчаныя вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы муроў — рэльеф расліннага арнаменту. У дойлідстве палаца нічога лішняга, што б магло надаць яму знарочыстую параднасць. Прапарцыйнасць і вытанчанасць порцікаў з прыгожым малюнкам капітэляў, ажурныя рызаліты з шырокімі трохчастковымі вокнамі на два паверха, сціплыя дэкаратыўныя ўстаўкі ў аркавага завяршэння вокнаў надаюць фасадам палаца ладнасць і велічнасць. Да асаблівасцей палаца-сядзібы ў Снове можна аднесці вялікую адкрытасць кампазіцыі збудавання, выразнасць планавай і аб’ёмнай пабудовы, а таксама строгасць формаў дойлідства і прастату канструкцыйнага рашэння. У гэтым комплексе яскрава ўвасобленыя рысы класічнага дойлідства[1].
У культурыУ Сноўскай сядзібе адбываецца дзеянне п’есы «Крык рабіны» Вацлава Кубацкага , пастаўленай у 1949 годзе адразу ў некалькіх тэатрах Польшчы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia