Соня Дэланэ
Соня Дэланэ (фр.: Sonia Delaunay, сапраўднае імя Сара Эльеўна Штэрн; 1 (13) лістапада 1885, Градзіжск, Крамянчугскі павет, Палтаўская губерня, Расійская імперыя — 5 снежня 1979, Парыж, Францыя) — французская мастачка-абстракцыяністка яўрэйскага паходжання. Біяграфія![]() ![]() Нарадзілася 1 (13) лістапада 1885 года ў мястэчку Градзіжск Крамянчугскага павета Палтаўскай губерні ў сям’і ўпраўляючага цвіковага завода ў Градзіжску Эліі (Ільі) Іосіфавіча Штэрна і адэсіткі Ханы Тэўеўны Тэрк. Сям’я вярнулася з Градзіжска ў Адэсу не пазней за 1887 год і пасялілася ў доме Сцяпанава на Прохараўскай вуліцы, № 28, кватэра 9; бацька ўладкаваўся механікам пры фабрыцы па вытворчасці кручкоў да жаночых сукенак. Соня ж з 1890 ці 1892 года жыла ў Пецярбургу, выхоўвалася ў сям’і дзядзькі па мацярынскай лініі, квітнеючага адваката Генрыха Цімафеевіча (Гніха Тэўевіча) Тэрка і яго жонкі Ганны Сяргееўны (Ізраілеўны) Зак (1856—1911). Хацела быць удачаронай сям’ёй Тэрк, але не атрымаўшы дазволу маці, узяла псеўданім Соня Тэрк. Сямейства падарожнічала па Еўропе і яна ў дзяцінстве пабывала ў буйных еўрапейскіх музеях. Яе здольнасці ў жывапісе былі заўважаны школьным настаўнікам малявання, паводле яго парады яна ў васемнаццацігадовым узросце адправілася вучыцца ў Мастацкую акадэмію Карлсруэ. У 1905 годзе, прачытаўшы кнігу Юліюса Меера-Грэфе «Мане і яго круг», вырашыла пераехаць у Парыж як цэнтр мастацтваў. У Парыжы яна засталася незадаволеная акадэмічнай манерай выкладання, затое шмат часу праводзіла ў мастацкіх галерэях. Знаходзілася пад уплывам Ван Гога, Поля Гагена, Анры Русо, фавістаў. У 1908 годзе выйшла замуж за нямецкага калекцыянера, галерыста і мастацкага крытыка Вільгельма Удэ. У 1909 годзе пазнаёмілася з мастаком Раберам Дэланэ, у 1910 годзе развялася з першым мужам і выйшла замуж за Дэланэ (яна ўжо была цяжарная ад яго). Пад уплывам кубістаў Соня Дэланэ пасля 1911 сыходзіць у сваіх працах ад натуралізму і фігуратыўнасці ў бок геаметрыі і абстракцыі, эксперыментуе з рытмам і з раскладаннем колеру. У 1913 годзе Гіём Апалінер, які пазнаёміў мужа і жонку Дэланэ з Блезам Сандрарам, назваў версію кубізма, якую развілі ў сваіх працах Соня і Рабер, арфізмам. У 1914—1920 гадах сужэнцы жылі ў Іспаніі і Партугаліі, пасябравалі з мясцовымі мастакамі. У Іспаніі Соня Дэланэ пазнаёмілася з Сяргеем Дзягілевым, аднаўляла згарэлыя дэкарацыі Льва Бакста да балета «Клеапатра» у пастаноўцы Міхаіла Фокіна для яго прадстаўлення ў Лонданскім Калізеуме (1918). У 1920 годзе, па вяртанні ў Парыж, Соня Дэланэ адкрыла моднае атэлье. У 1925 яна ўдзельнічала ў Міжнароднай выставе дэкаратыўнага мастацтва разам з Аляксандрай Экстэр, Натанам Альтманам, Давідам Штэрэнбергам, Надзеяй Ламанавай. Неўзабаве стала найбуйным майстрам ар-дэко, яе знаходкі шырока выкарыстоўваліся ў дызайне, кераміцы, сцэнаграфіі, рэкламе. У 1930-я гады была блізкая да абстракцыянісцкіх пошукаў Васіля Кандзінскага, Піта Мандрыяна, Барбары Хепуорт, Мішэля Сёфара. Вядома таксама як ілюстратар кніг, распрацоўшчыца ўзораў для тканін «haute couture» і тэатральных касцюмаў. Працавала таксама над скульптурай, керамікай і ў тэхніцы акварэлі. Па яе эскізах у Германіі была выдадзена калода ігральных карт з малюнкамі стылю кубізм. Разам са сваім мужам удзельнічала ў афармленні Парыжскай Сусветнай выстаўкі 1937 года, для якой стварыла пано велічынёй у 235 кв. м. Таксама ўдваіх з Раберам Дэланэ арганізавала парыжскі салон мастацтваў Рэалітэ Нувель. Памерла 5 снежня 1979 года ў Парыжы. Сям’яСын Соні і Рабера, Шарль Дэланэ (1911—1988), быў буйным музычным аглядальнікам, мэнэджэрам, фанатам і гісторыкам джаза. Ушанаванне памяці
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia