Станіслаў Віткевіч
Станіслаў Віткевіч (польск.: Stanisław Witkiewicz; 21 мая 1851 — 5 верасня 1915) — польскі жывапісец, архітэктар, пісьменнік і тэарэтык мастацтва, стваральнік і прапагандыст закапанскага стылю[4][5], бацька Станіслава Ігнацыя Віткевіча[6]. Біяграфія![]() Станіслаў Віткевіч нарадзіўся ў Літве, у вёсцы Пашаўшэ , у 1851 годзе ў сям’і польскіх патрыётаў. Члены гэтай сям’і прымалі ўдзел у падрыхтоўцы Студзеньскага паўстання (1863—1864), што і стала прычынай ссылкі яго бацькоў разам са старэйшай дачкой у Сібір. Маці Віткевіча ўдалося дабіцца дазволу не падзяляць сям’ю, і 12-гадовы Станіслаў і яго малодшая сястра адправіліся з бацькамі ў Томск. У 1868 годзе Віткевіч пакідае Сібір і пачынае клапаціцца аб памілаванні і вызваленні бацькоў і старэйшай сястры. Бацька Станіслава Віткевіча не дажыў да гэтага дня, памёр у шляху, на караблі, але астатняй сям’і ўдалося вярнуцца. Станіслаў пачынае вучобу ў Пецярбургу, у Акадэміі мастацтваў на факультэце жывапісу (1869—1871). Жывапісам яшчэ ў Томску яго зацікавіў адзін з тамтэйшых ссыльных, які займаўся з ім маляваннем. Потым ён з’язджае ў Варшаву, затым у Мюнхен, дзе вучыцца ў Мюнхенскай Акадэміі мастацтваў (1872—1875). Пасля Віткевіч вяртаецца ў Варшаву і там адкрывае ў сабе незвычайны талент мастацкага крытыка. У 1886 годзе Віткевіч трапіў у Татры, дакладней у Закапанэ: яго захапіла народная архітэктура Падгаля. Віткевіч вырашыў, што менавіта закапанская архітэктура зможа паслужыць асновай для развіцця новай хвалі нацыянальнай архітэктуры. Так нарадзіўся «закапанскі стыль»: спалучэнне прынцыпаў гарадскога будаўніцтва з фальклорнымі рэгіянальнымі матывамі. У 1892—1894 гадах Станіслаў Віткевіч спраектаваў для Зыгмунта Гнатоўскага, памешчыка з Кіеўскай губерні, вілу «Каліба», якая лічыцца першым будынкам у Закапанскім стылі[7]. Найвышэйшым дасягненнем Віткевіча была прызнана віла «Пад ялінамі», збудаваная ў 1896—1897 гадах для Яна Гвальберта Паўлікоўскага, вучонага і грамадска-палітычнага дзеяча. Віткевіч распрацоўваў у 1895 годзе новыя элементы строю для парафіяльнай царквы ў Закапанэ, а ў 1898 годзе была пабудавана капліца Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Сам Віткевіч усё жыццё лічыў сябе жывапісцам, ён праявіў сябе, хутчэй, як выбітны крытык, а пасля 1880 года таксама як архітэктар, стваральнік цяпер ужо знакамітага закапанскага стылю. У выніку абвастрэння хваробы Віткевіч правёў апошнія сем гадоў жыцця ў Лоўране на Адрыятыцы. Памёр у Лоўране ў 1915 годзе. Пахаваны ў Закапанэ. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia