Станіслаў Расалоўскі
Станіслаў Расалоўскі (пол. Stanisław Rosołowski, нар. 5 лютага 1797 г. у Ружанах каля Слоніма, пам. 31 жніўня 1855 г. у Вільні) — лекар, перакладчык і паэт[3]. БіяграфіяНарадзіўся ў беднай сям'і ў мястэчку Ружаны каля Слоніма[4]. Паходзіў з незаможнай сям'і. Ён рана страціў бацьку, і маці, Францішка, выйшла замуж зноў за акцёра Ігната Кучынскага і выступала пераважна на віленскай сцэне. Айчым хацеў, каб ён заняўся музыкай, але пасля заканчэння гімназіі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1817 годзе ён прадставіў дысертацыю: «De polipi cordi vivente in hominis generatione»[5] (Вільня, 1818), за якую атрымаў ступень доктара медыцыны. Падчас вучобы ён быў вучнем віленскага прафесара медыцыны Юзафа Франка, які вылучаў яго сярод іншых студэнтаў і ў сваіх мемуарах называў сваім сябрам. Пасля сканчэння вучобы быў накіраваны на працу лекарам на Піншчыну, але здолеў вярнуцца ў Вільню. У 1820 годзе ажаніўся на Кацярыне Апіц, дочцы віленскага пекара. Паводле Адама Ганорыя Кіркора падчас эпідэміі халеры выконваў свае абавязкі лекара з прысвячэннем, як у Вільні, так і ў Мінску (1831). У 1835 годзе быў абраны чальцом Віленскага медычнага таварыства, аднак асаблівай ініцыятывай не вырозніваўся. Найбольш вядомы як паэт-перакладчык, класіцыст. Паводле Адынца, да з'яўлення Міцкевіча Расалоўскі разам з Ігнатам Шыдлоўскім "былі карыфеямі паэзіі ў Вільні". Пераклады Расалоўскага за паэтычныя вартасці і вернасць арыгінальнаму стылю высока ацэньваў Уладзіслаў Сыракомля. У 1815 годзе ён публічна прадставіў пераклад фрагмента дзявятай кнігі «Энеіды» Вергілія. Праз чатыры гады ў «Віленскім дзённіку» быў апублікаваны яшчэ адзін фрагмент «Энеіды», восьмая песня. Сярод аўтараў, чые творы ён перакладаў, былі: Расін ("Ода вясковаму жыццю"), Лебрэн, Байран (урыўкі з "Чайльд Гарольда"), Мур ("Ірландскія мелодыі"), Ламарцін. Публікаваў пераклады ў часопісах "Tygodnik Wileński", "Dziennik Wileński", "Biruta" i "Znicz" Юзэфа Крачкоўскага і "Radegast" Адама Кіркора. У 1834 быў анансаваны выхад двухтомніка паэтычных твораў Расалоўскага, але гэтага так і не адбылося. З яго вядомых уласных паэтычных твораў вядома няшмат, пераважна гэты былі невялікія творы, напісаныя з асабістых нагодаў. Вельмі вострую характарыстыку Расалоўскаму даў у сваіх успамінах Станіслаў Мараўскі: "Ён стаў сапраўдным бічом, сапраўдным трутнем Вільні і цалкам заслужыў агульную пагарду, якая яго акружала і якая не апраўдвала яго убогасці"[6]. Але вельмі цёпла пра Расалоўскага адгукаўся Кіркор, які называў яго сваім даўнім сябрам і хваліў яго магутную і выразную сілу прамаўлення. Так ці інакш, у памяці сучаснікаў Расалоўскі застаўся як "доктар-паэт" (так яго паўсюдна называлі). У Станіслава Расалоўскага была дачка Зоф'я, якая ў 1838 годзе была настаўніцай у жаночым пансіянаце ў Гродне, і сын Эдвард, які вучыўся ў Віленскай медыцынскай акадэміі і памёр у маладым узросце. Сам ён жыў у Вільні, дзе і памёр 31 жніўня 1855 года. Пасмяротную імшу адпраўлялі ў касцёле святога Яна, хорам дырыжыраваў Станіслаў Манюшка. Быў пахаваны на Бернардзінскіх могілках, побач з раней памерлымі сынам і жонкай[7]. Спіс перакладаў
|
Portal di Ensiklopedia Dunia