Тамара Нікандраўна Кулакоўская
Тамара Нікандраўна Кулакоўская (17 лютага 1919, Полацк, Віцебская вобласць — 15 лістапада 1986) — беларускі вучоны ў галіне аграхіміі і глебазнаўства. Член-карэспандэнт АН БССР (1969), акадэмік УАСГНІЛ (1975), доктар сельскагаспадарчых навук (1965), прафесар (1974). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1974). Герой Сацыялістычнай Працы (1979). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976). БіяграфіяУ 1936 г. паступіла на факультэт глебазнаўства і аграхіміі Маскоўскай ордэна У. І. Леніна сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева, дзе вучылася ў вядомых прафесараў — І. А. Каблукова, Н. Я. Дзям’янава, П. М. Жукоўскага, Д. Я. Пранішнікава, В. Р. Вільямса. Пасля заканчэння акадэміі ў 1941—1944 гг. працавала ў аграхімічнай лабараторыі, затым у аддзеле земляробства Чалябінскай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі. У 1945 г. паступіла ў завочную аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута каўчуканосаў, дзе працавала над тэмай «Роля папярэднікаў кок-сагызу ў травяных севазваротах лесастэпавай зоны». У 1950 г. прысвоена ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. З 1949 працавала ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і воднай гаспадаркі АН БССР. У гэты перыяд ёю праведзены даследаванні па праблемах жыўлення раслін і ўжывання ўгнаенняў на тарфяна-балотных глебах. У 1958 перайшла ў Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства, дзе на працягу дзесяці гадоў праводзіла даследаванні па ацэнцы ўплыву аграхімічных уласцівасцяў глебаў і ўгнаенняў на прадукцыйнасць сельскагаспадарчых культур. Гэтыя даследаванні дазволілі Т. Н. Кулакоўскай зрабіць важныя тэарэтычныя высновы і ўзбагаціць аграхімічную навуку ў галіне пазнання ўзаемасувязі паміж біялагічнымі патрабаваннямі раслін і знешнімі ўмовамі іх росту і развіцця, далі магчымасць выявіць вядучыя фактары глебавага асяроддзя, якія істотна ўплываюць на жыўленне раслін, і даць іх колькасную ацэнку. Вынікі працы гэтага перыяду прадстаўлены ў доктарскай дысертацыі «Аграхімічныя ўласцівасці глеб БССР, іх значэнне ў прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур і рацыянальным прымяненні ўгнаенняў», якую Т. Н. Кулакоўская абараніла ў 1965 г. У 1969 г. абрана членам-карэспандэнтам АН БССР і прызначана дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі. Пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай і пры яе непасрэдным удзеле калектывам інстытута былі праведзены працы па вывучэнні глебавага покрыва рэспублікі, распрацоўка прыёмаў рацыянальнага выкарыстання угнаенняў і абагульнены ў манаграфіі «Глебы Беларускай ССР». За цыкл работ па вывучэнні глебаў Беларускай ССР, апублікаваных ў 1968—1974 гг., калектыў супрацоўнікаў інстытута быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. У 1975 г. Т. Н. Кулакоўская абрана акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя. У. І. Леніна. За сукупнасць работ у галіне аграхімічных даследаванняў у 1977 г. ёй прысуджана прэмія Д. Н. Пранішнікава. У 1980 Т. Н. Кулакоўская была абрана акадэмікам-сакратаром Заходняга аддзялення УАСГНІЛ і ўзначальвала яго да апошніх дзён жыцця. Навуковы і практычны ўкладРаспрацаваны метады прагнозу ўрадлівасці глебаў і ўраджаяў сельскагаспадарчых культур, ацэнкі эфектыўнасці мінеральных угнаенняў і комплекснай ацэнкі стану ўрадлівасці глеб. Даследавана дынаміка балансу пажыўных рэчываў у земляробстве рэспублікі; распрацаваны шэраг мадэляў — запатрабаванасці ва ўгнаеннях па палях і гаспадарках, размеркавання угнаенняў, эфектыўнасці іх дзеяння з улікам умоў надвор’я. Аўтар больш за 340 навуковых прац, у тым ліку 67 манаграфій і зборнікаў, выдадзеных пад яе рэдакцыяй. Стварыла вялікую навуковую школу. Пад яе кіраўніцтвам паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі 30 чалавек, у іх ліку акадэмік НАН Беларусі І. М. Багдзевіч. Праводзіла вялікую працу па каардынацыі навуковых даследаванняў, выкананні комплексных распрацовак рознымі навуковымі ўстановамі. Пад яе кіраўнацтвам распрацоўваліся новыя напрамкі даследаванняў, праводзілася падрыхтоўка і публікацыя вынікаў комплексных распрацовак. Развіла новы кірунак аграхімічнай навукі — аптымізацыю комплексу аграхімічных уласцівасцяў глебаў і кіраванне працэсамі фарміравання урадлівасці з мэтай стварэння глеб, здольных забяспечыць стабільна высокія ўраджаі пры добрай якасці прадукцыі. Гэты напрамак знайшоў практычнае адлюстраванне ў дзяржаўных праграмах павышэння ўрадлівасці глеб Беларусі на 1976—1980 гг. і 1981—1985 гг., падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай. Упершыню ў рэспубліцы глебапаляпшальным работам атрымалася надаць сістэмны, планава-кіраваны характар. УзнагародыУзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Ордэнам Леніна (1979), медалямі. Асноўныя працы
ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia