Уладзімір Сенька
Уладзімір Сенька (21 ліпеня 1918 — 2 лютага 1997)[1] — беларускі ваенна-палітычны дзеяч і публіцыст, калабарацыяніст. Камендант Беларускай дапаможнай паліцыі Нясвіжскага павета ў часе Другой сусветнай вайны, афіцэр разведкі Бундэсвера ў пасляваенны перыяд. БіяграфіяСкончыў Стаўбцоўскую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу. Быў мабілізаваны ў Польскую Армію, скончыў польскую школу афіцэрскага рэзерву пехоты ў Замбраве . Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў настаўнікам у перыяд 1940—1941 гадоў. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам Беларускай дапаможнай паліцыі у Нясвіжскім павеце. Адначасова належаў да Беларускай незалежніцкай партыі. Летам 1944 года эвакуіраваўся ў Германію. Пасля вайны ў 1947—1948 гадах ён быў дырэктарам беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ніжняй Саксоніі. Пасля працаваў для нямецкага навукова-даследчага інстытута «Forschungsdienst Osteuropa» у Дзюсельдорфе (Cecilienallee 52)[2] i, па некаторых звестках, для разведцы Бундэсвера, даслужыўся да звання маёра. Рэдагаваў па-нямецку бюлетэні-штоквартальнікі пра становішча ў БССР (Die Weißruthenische Sowjetrepublik: Informationshefte, 1961—1983; Die Belorussische Sowjetrepublik: Informationshefte, 1985—1991, выдавецкая установа: Weissruthenischer Arbeitskreis) у Дзюсельдорфе, пазней у Штутгарце[3]. Акрамя таго, выдаваў па-беларуску газету «Жыве Беларусь!». 5 мая 1946 года разам з братам Міхасем удзельнічаў у З’ездзе беларускіх праваслаўных вернікаў у Рэгенсбургу, мэтай якога было прадухіленне далучэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы да Рускай замежнай праваслаўнай царквы. У маі 1948 года ўдзельнічаў у аднаўленчым Пленуме БЦР у Эльвангене, быў прызначаны віцэ-міністрам унутраных справаў. У 1953 годзе быў прызначаны намеснікам сакратара дзяржаўнай абароны БЦР, у тым жа годзе Сенька ўзначаліў дэлегатуру БЦР у Германіі. 8 лютага 1954 года быў прызначаны начальнікам Галаўнога Штаба Беларускага Вызвольнага Руху Радаславам Астроўскім, у якога быў канфлікт з былым кіраўніком арганізацыі Людвігам Зарэчным. 27 кастрычніка пленум БЦР «ліквідаваў» Беларускі Вызвольны Рух, замяніўшы яго Беларускім Вызвольным Фронтам. Удзельнічаў у перакідцы агентаў і ўзброенных групаў у Беларускую ССР. У 1963 годзе ўлады СССР беспаспяхова дамагаліся ад ураду Германіі выдаць Уладзіміра Сеньку як «ваеннага злачынца». Памёр 2 лютага 1997 года, быў пахаваны ў Ігель каля Трыру ў Германіі. Застаўся малодшы брат Міхась Сенька[4]. Дачка, Соф’я Сенька (Sienko, нар. 1958), скончыла Бонскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «вірусолаг», лекар-гамеапат, вядзе семінары па эзатэрыцы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia