Файбіш-Шрага Царфін
Файбіш-Шрага Царфін (Сэм Зарфін, фр.: Faïbich-Schraga Zarfin; 7 студзеня 1900, Смілавічы — 25 верасня 1975, Рані-су-Буа, Францыя) — французскі мастак яўрэйскага паходжання, народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Біяграфія![]() Нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы каля Мінска. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у малявальнай школе мастака І. Трутнева (Вільня, 1913—1914). У 1914 годзе эміграваў у Палесціну, вучыўся ў Акадэміі мастацтваў Бэцалель (Іерусалім). У 1918—1920 гадах служыў у брытанскім войску, ваяваў за вызваленне Палесціны ад улады Атаманскай імперыі. У 1920 годзе прыняў удзел у выстаўцы, зладжанай мэрам Іерусаліма. На той час ягоны стыль быў пад уплывам фавізму[2]. У 1923 годзе з’ехаў у Берлін, праз год — у Парыж. У 1925—1940 гадах часта выстаўляецца ў Салоне незалежных, малюе эскізы для модных сукенак. У 1929 годзе ажаніўся, у 1931 годзе атрымаў французскае грамадзянства. У 1939 годзе мабілізаваны, пасля сканчэння ваенных дзеянняў з сям’ёй спярша ўцякае ў Ліён, пасля ў Грэнобль; працы, пакінутыя ім у парыжскай кватэры, зніклі без следу. З 1947 года жыў у Рані-су-Буа. Уваходзіў у кола мастакоў «Парыжскай школы». Быў знаёмы з Хаімам Суціным і Міхаілам Кікоіным. Актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх выстаўках, у тым ліку ў Нью-Ёрку, Оксфардзе і інш. Спадчына мастака ў музеях БеларусіТворы Царфіна захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» (13 жывапісных работ), у калекцыі кампаніі «А-100». У 2011 годзе Белгазпрамбанк (старшыня праўлення — Віктар Бабарыка) набыў у Надзін Незавер, эксперта па Парыжскай школе 1905—1939 гадоў, 12 твораў Шрагі Царфіна[3]. Таксама ў калекцыі Белгазпрамбанка ёсць карціна Царфіна «Альпійская даліна» — падарунак Цэнтра «Арт Банкінг»[4]. У 2012 годзе дачка мастака Ліліян Дзюлак-Царфін перадала ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь дзве працы свайго бацькі — «Лес» і «Светлы неф». Спадарыня Дзюлак перадала працы праз свайго сына Іва, які па запрашэнні Белгазпрамбанка наведаў адкрыццё выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» 20 верасня 2012 года[5][6]. У 2019 годзе кампанія «А-100» набыла ў спадчыннікаў Шрагі Царфіна 15 твораў мастака[7]. Персанальная выстаўка «Шрага Царфін. Рух да святла», прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння мастака, працавала ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з 6 снежня 2019 па 19 лютага 2020[8]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia