Фарны касцёл (Слуцк)
Фарны касцёл — колішні фарны (парафіяльны) каталіцкі храм у Слуцку. ГісторыяЛітаратурныя крыніцы XIX ст. (са спасылкай на народнае паданне) адносілі будаўніцтва да 1419 г. Асвечаны храм быў у 1439 г. віленскім біскупам Мацвеем. Да гэтага ж года адносіцца і прывілей на ўтрыманне першага пробашча, якім стаў той жа канонік Мацвей[1][2]. Пабудавалі храм на сродкі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Асвячэнне адбылося ў часы, калі князь слуцкі Аляксандр Алелька за ўдзел у магнацкіх усобіцах быў пазбаўлены волі і знаходзіўся ў вязніцы ў горадзе Кернаве, а край быў аддадзены ў часовае кіраванне сыну Жыгімонта Кейстутавіча князю Міхаілу[3][4][5]. Размяшчаўся касцёл у Старым горадзе на гандлёвай плошчы насупраць замка, у пачатку Востраўскай вуліцы[6]. Пазней, калі плошчу перанеслі ў іншае месца і тут з’явіўся Ніжні замак, гэту частку горада сталі называць «Падзамчышча». У дакументах XV ст. згадваецца пад імем святога архангела Міхаіла[7]. Падчас татарскіх нападаў, што адбыліся на пачатку XVI ст., храм мог быць пашкоджаны, а потым, хутчэй за ўсё да 1538 г., адрамантаваны. Гэтым можна тлумачыць словы даследчыка Андрэя Сніткі, які на пачатку ХХ ст. пісаў, што слуцкія католікі мелі храм, заснаваны ў першай палове XVI ст. пры князі Юрыі Сямёнавічы Алелькавічы[8]. Хаця іншы аўтар ХІХ ст. адзначаў, што ад заснавання да 1840-х гадоў касцёл уцалеў ад пажараў. У разгар рэфармацыйнага руху, калі Слуцк ператварыўся ў сапраўдную сталіцу літоўскіх пратэстантаў і ў горадзе значна ўзрасла колькасць прыхільнікаў рэфармацыйных накірункаў, а католікаў засталося мала, касцёл на нейкі час быў ператвораны ў кальвінскі збор[9][10]. Відавочна, што адбылося гэта ў 1650-я гады, у часы кіравання князя Багуслава Радзівіла, калі пад кіраўніцтвам яго стрыечнага брата вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла ішла праца па стварэнні Кейданскай уніі ВКЛ са Швецыяй. ![]() Пасля паразы прыхільнікаў уніі і перамогі контррэфармацыі пачалася барацьба слуцкіх католікаў за вяртанне касцёла, якая завяршылася паспяхова. З тых часоў у іх з’явілася і доўгі час заставалася папулярнай прымаўка: «Слуцкая фара старэйшая за кальвінскую веру» (польск.: Starsza słucka fara, niż kalwińska wiara)[11][12]. Падчас згаданых пераходаў храма з адных рук у другія маглі адбывацца змяненні яго выгляду і інтэр’ера, верагодна, вяліся і будаўнічыя работы. Нездарма ў некаторых дакументах, што адносяцца да 1660 г., калі ў храме зноў распачаліся каталіцкія набажэнствы, слуцкі касцёл нават згадваецца як новапабудаваны[11] . ![]() У 1666 г. Казімір Клакоцкі пры касцёле заклаў шпіталь, які знаходзіўся пад апекай брацтва святой Ганны. Гэта быў невялікі дом з каплічкай паблізу Бычка, дзе даглядаліся хворыя і састарэлыя парафіяне. У ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях пры касцёле дзейнічала школа [13]. У 1819 г. мясцовыя католікі шырока адзначылі 400-гадовы юбілей храма. Апошні касцельны рамонт адбыўся ў 1838 г., а ў 1843 г. сюды паставілі новы арган і размясцілі новыя абразы. Дзейнічаў фарны касцёл да 1852 г. У сувязі з тым, што старажытны будынак да таго часу моцна састарэў, набажэнствы ў ім скончыліся, яго закрылі, а пазней разабралі. Фарная капліца![]() З матэрыялу, які застаўся, на храмавым пляцы была ўзведзена капліца, якую таксама назвалі фарнай. Гэта была невялікая прамавугольная ў плане пабудова з рысамі стылю класіцызм. Яе ўсходні тарэц за кошт зрэзу вуглоў ператвараўся ў трохгранны, а галоўны заходні меў выгляд чатырохкалоннага порціка з франтонам, над якім узвышаўся купалок з крыжам. Касцельныя абразы і начынне праз нейкі час былі перанесены ў стаяўшы непадалёк былы бернардзінскі мураваны касцёл, які з таго часу стаў парафіяльным[14][12][2][3]. Старажытнае драўлянае распяцце канца ХV ст. трапіла ў рукі ганаровага суддзі слуцкага павета Эдварда Вайніловіча і на пачатку ХХ ст. было размешчана ў пабудаваным ім у Мінску касцёле святых Сымона і Алены[4]. Драўляная званіца разам з фарнай капліцай прастаялі да пачатку 1930-х гадоў. У сувязі з распачатай у краіне антырэлігійнай кампаніяй іх не стала. АрхітэктураПабудаваны з лістоўніцы, храм адносіўся да тыпу пабудоў падоўжнавосевай кампазіцыі: выцягнуты ў даўжыню прамавугольны галоўны аб’ём, завершаны алтарнай апсідай з дзвюма рызніцамі (сакрысціямі) па баках. Усе аб’ёмы былі пакрыты агульным гонтавым дахам. Па баках шчыта галоўнага фасада, які ў XIX ст. упрыгожваў абраз святога Юрыя — пераможцы цмока, меліся дзве чацверыковыя вежкі[15][4]. Несумненна, што яны мелі дэкаратыўны характар і маглі з’явіцца некалі падчас чарговага рамонту або перабудовы. А спачатку касцёл быў, верагодна, бязвежавым. Па апісаннях XIX ст., у касцёле меліся чатыры алтары: галоўны, з выразанай з дрэва фігурай укрыжаванага Хрыста; з правага боку — алтар святога Мікалая; з левага — святой Ганны, што належаў брацтву святой Ганны; таксама быў яшчэ алтар брацтва святой Марыі Магдаліны. Будынак абкружаў абшырны пляц, на якім раслі дрэвы і частку якога займаў храмавы некропаль, дзе можна было знайсці пахаванне слуцкага губернатара, заснавальніка слуцкай радзівілаўскай друкарні — Казіміра Клакоцкага (1625—1684). Асобна стаяла драўляная званіца з двума вялікімі званамі[16]. Гэта было яруснае збудаванне: на магутным квадратным у плане зрубе ніжэйшага яруса ўзвышаўся адкрыты каркасны верхні, пакрыты шатром з гранёным купалком-банькай. Адным з шанаваных вернікамі старадаўніх рарытэтаў было выкананае з дрэва распяцце Ісуса Хрыста, якое ў ХІХ ст. было прымацавана ў галерэі з боку вуліцы. Выкананне гэтага распяцця прыпісвалася майстрам школы Віта Ствоша, які ў 1477—1489 гг. працаваў у Кракаве[4]. У 1843 г. сюды паставілі новы арган і размясцілі новыя абразы. Вартай увагі славутасцю, што захоўвалася тут, была срэбная скрынка з сэрцам слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла, які памёр у 1760 г. і быў пахаваны ў горадзе Белым (цяпер Бяла Падляска ў Польшчы). Каштоўным рарытэтам, які захоўваўся ў храме і пра значнасць якога ў ХІХ ст. ужо не помнілі, быў трон князёў Алелькавічаў, зроблены візантыйскімі майстрамі са слановай косці. Яго сюды перадаў адзін з апошніх князёў Алелькавічаў Ян-Сімяон. Пазней, хутчэй за ўсё тады, калі драўлянага фарнага касцёла ўжо не было, а былы бернардзінскі яшчэ не быў аддадзены католікам (з-за чаго ў іх узніклі складанасці ў справе захавання касцельнай маёмасці), трон слуцкіх князёў трапіў у прыватныя рукі і пасля некалькіх перапрадаж апынуўся ў Англіі. Цяпер ён захоўваецца ў Лондане ў музеі Вікторыі і Альберта[17]. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia