Пратэстанцтва ў Вялікім Княстве ЛітоўскімПратэста́нцтва ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім ― адно з трох найбуйнешых напрамкаў хрысціянства нароўні з праваслаўем і каталіцтвам, якія існавалі на землях Вялікага Княства Літоўскага (сучасныя Беларусь і Літва) у XVI—XVIII стагоддзях. Звязаны сваім паходжаннем з Рэфармацыяй ― шырокім антыкаталіцкім рухам XVI стагоддзя ў Еўропе. Лютэранства![]() У Вялікім Княстве Літоўскім былі добра вядомыя погляды Яна Гуса, аднаго з прадвеснікаў Рэфармацыі. Яшчэ ў 1413 годзе двор вялікага князя літоўскага Вітаўта наведаў паплечнік чэшскага святара, актыўны праціўнік каталіцкай царквы Геранім Пражскі, пазней спалены інквізіцыяй на кастры. Падрабязнасці яго сустрэчы з вялікім князем невядомыя, але можна меркаваць, што тэолаг не прамінуў падзяліцца з ім сваімі поглядамі. У 1422 годзе па даручэнні Вітаўта ў Чэхію з пяцітысячным войскам прыбыў князь Жыгімонт Карыбутавіч, які ўзначаліў гусітаў. У 1424 ён заняў Прагу, дзе абвясціў сябе каралём, аднак неўзабаве быў вымушаны вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае. Неўзабаве пасля пачатку Рэфармацыі ідэі Лютэра распаўсюдзіліся на значнай тэрыторыі. З Германіі яны трапілі ва Усходнюю Прусію і Лівонію, а пасля і ў Польшчу. У 1525 годзе вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Гогенцолерн правёў секулярызацыю прускіх валоданняў Ордэну і абвясціў сябе герцагам свецкай дзяржавы Прусія. У тым самым года пад уплывам Лютэра і яго паплечніка Філіпа Меланхтана Альбрэхт абвясціў Прусію лютэранскай дзяржавай. З Прусіі новае вучэнне стала хутка распаўсюджвацца ў Жамойці і Аўкштоце[1]. Польскае каталіцкае духавенства ацаніла небяспеку новай ідэалогіі. У 1520 годзе яно сабралося ў Пётркаве на Сабор пад кіраўніцтвам архібіскупа гнезненскага Яна Ласкага і забараніла лютэранскія кнігі[2], аднак іх распаўсюджанне працягнулася: нават у польскай сталіцы, Кракаве, дзе пры ўніверсітэце адкрыта працягвалі прадаваць сачыненні Лютэра. У 1523 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары загадаў кашталяну кракаўскаму Крыштафу Шыдлавецкаму, каб «ніхто не ўносіў у каралеўства кнігі Лютэра ці каго-небудзь з яго паслядоўнікаў… ніхто пад пагрозай смяротнай кары і канфіскацыі ўсёй маёмасці не наважваўся ўхваляць, а тым больш прапаведваць і распаўсюджваць яго шкоднае і ўжо асуджанае вучэнне»[3]. У Данцыгу ў 1524 годзе пяць цэркваў былі перавернуты ў пратэстанцкія, а ўслед за імі неўзабаве і астатнія. Жыгімонт Стары выдаў загад аднавіць каталіцтва ў Данцыгу, а адпалым ад яго выехаць з Польшчы за 24 гадзіны пад пагрозай смяротнага пакарання. Але за Данцыгам наступавалі Сандамір і іншыя гарады. Ва ўніверсале 1534 сандамірскаму кашталяну Пятру Кміту-Сабенскаму кароль пісаў: «У каралеўстве з’явілася мноства людзей, ахвочых да навізны, якія не толькі таемна, але і наяве прымаюць і распаўсюджваюць асуджаныя Саборамі ерасі… пасылаюць сваіх маладых сваякоў у Вітэнберг, каб яны, увабраўшы з маладосці вучэння Лютэра, тым з большым запалам па вяртанні на айчыну распаўсюджвалі гэта вучэнне, а іншыя па сваёй волі і па радзе сяброў наўмысна ездзяць да Лютэра і іншых начальнікаў новых сектаў, каб бліжэй даведацца і засвоіць сабе іх аблуды»[4]. Звесткі пра адну з найранейшых лютэранскіх грамад у ВКЛ датаваныя 1535 годам, калі слуцкі князь Юрый Алелькавіч надаў у сваім горадзе зямлю для пабудовы лютэранскай царквы[5]. Лютэранства прымалі збольшага мяшчане-немцы, з мясцовых да яго звярнулася зусім нязначная доля жыхароў[6]. Аднак і гэта выклікала забаронныя меры ў адказ, і ў ліпені 1538 годзе кароль Жыгімонт Стары выдаў эдыкт супраць лютэран і анабаптыстаў з пагрозай ― за распаўсюджанне рэлігійных аблудаў сканфіскоўваць маёмасць і высылаць з краіны. Аднак гэтага аказалася недастаткова, і ў 1542 выходзіць новы эдыкт, які надзяліў духавенства ў асобе віленскага біскупа судовай уладай над ератыкамі і дысідэнтамі. Пратэстантаў пазбаўлялі дваранства. Было забаронена наймаць настаўнікамі немцаў, пасылаць шляхецкіх юнакоў у Германію дзеля адукацыі. Аднак законы выконваліся кепска. Праз супрацьдзеянне княжацкіх родаў кароль быў вымушаны ў 1543 загад пра забарону замежнай адукацыі скасаваць, пакінуўшы толькі забарону прывозіць дахаты «ератычныя» сачыненні. Але яны ўжо даўно былі распаўсюджаны. Вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт выдаваў вялікую колькасць перакладаў літургічных і іншых кніг і накіроўваў іх у Літву. Па яго заказу пастар Марцін Мажвід пераклаў на літоўскую мову лютэранскі канцыянал. У Кёнігсбергу быў заснаваны лютэранскі ўніверсітэт (1544) з жыллём і стыпэндыяй для васьмі літоўцаў[7]. Сярод выкладчыкаў таксама былі два літоўцы: Станіслаў Рапаліёніс і Абрагам Кульва, выгнаныя з Вільні за прапаганду ідэй Лютэра[8]. Нягледзячы на строгасці, у 1539 годзе віленскі ўраджэнец, ксёндз і доктар філасофіі Абрагам Кульва адчыніў у Вільні школу для шляхецкай моладзі і актыўна выступаў з лютэранскімі казаннямі, слухаць якія паступова сабралося ці не ўсё нямецкае насельніцтва горада[9]. Віленскі біскуп Павел Гальшанскі звярнуўся да Жыгімонта Старога з просьбаю ўмяшацца. Кароль выдаў эдыкт, па якім Кульва павінен быў з’явіцца на духоўны суд, пакаяцца і панесці пакаранне. Кульва ўцёк у Прусію[10]. Па яго ад’ездзе прапаведнікам лютэранства ў Літве стаў Ян Вінклер, ксёндз віленскага касцёла Св. Ганны. Віленскі біскуп забараніў яму не толькі служыць, але і ўвогуле з’яўляцца ў віленскіх касцёлах[11]. Тады Вінклер адкрыў лютэранскую малельню ў доме віленскага купца Морштына. Утварылася лютэранская грамада, у асноўным з немцаў[12]. На Нямецкай вуліцы была пабудавана кірха, якая праіснавала да 1944[13]. Сын Жыгімонта Старога — кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, стаў апекаваць пратэстантаў. Выхаваны пры двары маці каралевы Боны Сфорцы, ён пасябраваў з духоўнікам маці Франчэскам Лісманіні, таемным прыхільнікам Рэфармацыі. Будучы кароль знаёміўся з творамі дзеячаў Рэфармацыі, нават адсылаў Лісманіні ў Швейцарыю набываць кнігі[14]. Несумненна, размаўляў кароль і з прыдворнымі прапаведнікамі Янам Казмінскім і Лаўрэнціем (Дыскордыем) з Прашовічаў, якіх узяў з сабой у Літву ў 1544[15]. Жыгімонт Аўгуст перапісваўся з Кальвінам. Апошні прысвяціў каралю тлумачэнне на пасланне Паўла да яўрэяў. Папа Рымскі вінаваціў караля ў патуранні пратэстанцкаму руху[16]. Толькі ў канцы свайго валадарання Жыгімонт Аўгуст пачаў абыякава ставіцца да пратэстантаў. Пры езуітах у 1564 і 1565 з’явіліся яго ўніверсалы супраць рэфарматараў. КальвінізмПарыжскі багаслоў Жан Кальвін, уважліва вывучыўшы працы Марціна Лютэра, у 1532 годзе стаў прапаведнікам-пратэстантам, паступова здабываючы адзінадумцаў. Кальвін, аднак, спавядаў крыху іншыя ідэі, чым Лютэр. Кальвінізм здзейсніў прынцып простай і таннай царквы, набажэнства звёў галоўным чынам да чытання Бібліі. Асноўная дагматычная і адрозная рыса кальвінізму ― ідэя пра безумоўнае прадвызначэнне. Паслядоўнікаў Кальвіна сталі называць рэфарматарамі, у Францыі іх звалі гугенотамі. Кальвін надаў пратэстанцтву ўніверсальны характар (у супрацьлегласць чыста нямецкаму характару лютэравай рэфармацыі). «Царкоўныя ўставы» Кальвіна сталі асновай пабудовы кальвінісцкіх грамад у іншых краінах, у тым ліку і ў ВКЛ. Кальвін перапісваўся з многімі валадарамі ў Еўропе, у тым ліку з князем Мікалаем Радзівілам Чорным і кракаўскім ваяводам Янам Тарноўскім[17]. Мікалай Радзівіл Чорны з 1529 жыў і выхоўваўся пры каралеўскім двары ў Кракаве, у 1534 пачаў навучанне ў Кракаўскім універсітэце. Беларускі гісторык К. Шышыгіна-Патоцкая піша:
. Мікалай Радзівіл Чорны і стаў у ВКЛ абаронцам і апекуном кальвінізму. Найперш ён адчыніў кальвінісцкую малельню ва ўласнай хаце на Лукішках пад Вільняй. У 1561 на віленскім Бернардзінскай плошчы ён паставіў мураваны храм, адчыніў малітоўні ва ўласных маёнтках ― у Клецку, Нясвіжы, Оршы, Дзявалтаве, Іўі, Шылянах, Кейданах, Біржах, Брэсце[18]. ![]() У 1560-я былі створаны кальвінісцкія абшчыны ў Брэсце, Нясвіжы, Клецку і інш. Радзівіл прызначыў кальвінісцкіх пастараў: Марціна Чаховіца і Вендрыхоўскага ― у Вільні, Сымона Буднага ― у Клецку, Лаўрэнція Крышкоўскага ― у Нясвіж, Сымона Зака ― у Брэст і да т. п. У 1557 у Вільні пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага адбыўся першы ўстаноўчы Сінод пратэстантаў Вялікага Княства. Былі абраныя кіраўнічыя органы пратэстанцкай царквы. Дзейнасцю суполак кіраваў суперінтэндант. Ён склікаў сіноды і вёў актуальныя справы. Непасрэдную працу ў насельніцтве вялі прапаведнікі. Са свецкіх асоб абіралі сеньёраў, якія кантралявалі жыццё царкоўных грамад[19]. Да 1560 кальвінізм вызнавала большасць магнатаў ВКЛ: Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Тышкевічы, Саламярэцкія, Дарагастайскія і інш. На думку гісторыка царквы А. У. Карташова, такая схільнасць праваслаўных родаў да кальвінізму тлумачыцца інстынктам супраціўлення каталіцтву як зброі паланізацыі і лацінізацыі ― «апратэстанцімся, каб не аблацініцца і не апалячыцца»[20]. ![]() У другой палавіне XVI — пачатку XVII стагоддзяў узніклі кальвінісцкія абшчыны ў Віцебску, Мінску, Полацку, Оршы, Глыбокім, Заслаўі, Іўі, Любчы, Ляхавічах, Навагрудку, Смаргоні і інш. Пры грамадах будаваліся цэрквы, школы, друкарні, шпіталі. Вядомыя школы ў Сяматычах, Шыдлаве, Біржах, Віцебску, Галоўчыне, Гарадзеі, Глыбокім, Жупанах, Заслаўі, Івянцы, Іўі, Капылі, Койданаве, Любчы, Мінску, Навагрудку, Оршы, Слуцку, Смаргонях і інш. На Падоллі вядомаю была школа ў Панёўцах, званая акадэміяй, заснаваная Янам Патоцкім разам з закладаннем тут кальвінісцкага збору і друкарні. У адной з іх, адчыненай братамі Гойскімі ў Гошчы на Валыні Ілжэдзмітрый I вывучаў лаціну. Навучанне цягнулася 6-10 гадоў. Акрамя багаслоўя вывучалі старажытнагрэчаскую, лацінскую, польскую мовы, рыторыку, гісторыю, матэматыку, антычную паэзію, царкоўныя спевы і інш. У 1562 віленская друкарня Радзівілаў выдала «Кальвінаў катэхізіс для простых людзей рускай мовы». У 1563 на сродкі Радзівіла была надрукавана кальвінісцкая Біблія на польскай мове, званая Радзівілаўскай[21]. У нясвіжскай друкарні Сымон Будны выдаў на рускай мове кальвінісцкі Катэхізіс і кнігу «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Папулярнай сярод кальвіністаў была кніга віленскага пастара Самуэля Дамброўскага «Пастылля», выдадзеная на сродкі старосты аршанскага Пятра Нонгарда ў Торуні. Казалі, што каталікі спрабавалі кнігу спаліць, аднак агонь яе не ўзяў. З’явілася вялікая колькасць падручнікаў на польскай, старабеларускай мовах, пачалі з’яўляцца кнігі на літоўскай. Выходзілі канцыяналы ― складанкі рэлігійных спеваў для царквы і дома: «Песні хвалаў боскіх» (1558), Любчынскі канцыянал (1620) і інш. Асабліва ўражвае выдадзены ў 1563 друкарамі Мацеем Кавячынскім і Даніэлем нясвіжскі канцыянал, куды ўвайшлі 40 псалмоў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У берасцейскай друкарні было надрукавана даволі шмат кніг у духу пратэстанцкага вызнання: кнігі Базіліка Цыпрыяна, Яна Ласкага-малодшага, Фамы Фалькоўскага і інш. Пазней сыны Мікалая Радзівіла Чорнага, якія вярнуліся ў каталіцтва, паклапаціліся пра знішчэнне гэтых кніг, асабліва кальвінісцкай Бібліі. У гэтым напрамку асабліва адзначыўся Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», які набыў на 5 тысяч залатых кальвінісцкіх кніг і спаліў іх пасярод віленскага рынку[22]. У ВКЛ існавалі 6 кальвінісцкіх дыстрыктаў: Віленскі, Завілейскі, Наваградскі, Рускі, Брэсцкі і Жамойцкі. У 1563 г. кальвіністы прывілеем караля былі ўраўнаваны ў правах з каталікамі і праваслаўнымі. У 1599 г. між кальвіністамі і праваслаўнымі ў Вільні была заключана канфедэрацыя супраць наступу контрарэфармацыі[23]. Да 1563 г. у Вялікім Княстве Літоўскім было 195 праваслаўных храмаў і каля 50 манастыроў, каталікоў жа заставалася каля тысячы, у Жмудскім біскупстве, напрыклад, з 700 касцёлаў дзейнічалі толькі 6[24]. У кальвінізм перайшлі таксама два іерархі каталіцкай царквы ― біскуп жамойцкі Ян Пяткевіч і біскуп кіеўскай дыяцэзіі Мікалай Пац. Кальвінізм стаў дамінуючай рэлігіяй у княстве. У Новагародскім ваяводстве пражывала больш за 600 шляхецкіх родаў; у праваслаўі засталіся толькі 16, астатнія сталі кальвіністамі[25]. У 1584 Сымон Будны арганізаваў «паход веры» па землях Навагрудскага ваяводства, падчас якога кальвіністы разбурылі 65 праваслаўных храмаў[26]. На Брэсцкім саборы 1596 каталікі, дакараючы праваслаўных за саюз з кальвіністамі, казалі: «Вы маеце ў іх (пратэстантах) вялікіх прыяцеляў, якія ў вас у наваградскім ваяводстве спустошылі 650 цэркваў»[27]. Шляхта, непакоячыся дыктатам царквы, успрыняла рэфармацыю крайне станоўча. У кальвінізме ўладаром быў не кароль (князь), як у лютэран, і не духоўнік, як у каталікоў, а ўласнік маёнтка, дзе знаходзілася суполка. ![]() На ўкраінскія землі кальвінізм трапіў у 1540-я гады, і звязаны з такімі дзеячамі, як Фама Фалькоўскі, Павел Зяновіч, Мікалай Жыцень, Аляксандр Вітрэлін. Сын праваслаўнага святара з Галічыны Андрэй Дабранскі, прафесар філасофіі, перайшоў у кальвінізм і, пераследаваны каталікамі, з’ехаў у Вільню, дзе заняў пасаду кальвінісцкага суперінтэнданта, пазней замешкаў у Слуцку рэктарам школы[28]. Распаўсюджваўся кальвінізм паспяхова ― ад Валыні і Галіччыны да Падолля і Кіеўшчыны, аднак абшчыны, школы і друкарні былі сканцэнтраваны збольшага на Заходняй Украіне. У 1560-х ва Украіне налічвалася каля 300 рэфармацкіх грамадаў[29]. Развіццё кальвінізму на ўкраінскіх землях можна ўмоўна падзяліць на тры перыяды: час зараджэння канфесіі 1540—1550-я гады, другі перыяд — 1560—1580 найбольш паспяховы; канец XVI — пачатак XVII стагоддзяў ― паступовае згасанне рэфармацкіх грамад. Мікалай Радзівіл Чорны памёр на 50-м годзе жыцця. З яго смерцю быў перарваны «залаты век» літоўскага кальвінізму. Канцлер вялікі літоўскі, буйны палітычны дзеяч Леў Сапега ў дзяцінстве быў праваслаўны, пасля прыняў ідэі Рэфармацыі, а ў канцы жыцця стаў каталіком. Ён стаў адным з арганізатараў Брэсцкай царкоўнай уніі 1596, якая аб’яднала на землях Вялікага Княства Літоўскага праваслаўную і каталіцкую цэрквы пад вяршэнствам папскага стальцу[30]. ![]() У 1569 у ВКЛ зацвярджаюцца езуіты, засноўваюцца каталіцкія калегіумы, у 1570 у пратэстанцкіх вёсках езуіты адчыняюць народныя школы. Закладаецца падмурак сучаснай каталіцкай абшчыны этнічных беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў[31]. У пачатку XVII ст. пачалося праследаванне кальвіністаў, пачасціліся пагромы іх храмаў, у 1632 выйшла забарона пабудовы новых пратэстанцкіх цэркваў, а ў 1668 забаронены пераход з каталіцтва ў пратэстанцтва. Пачалася перадача рэфармацкіх храмаў каталікам. К сярэдзіне XVII ст. дзейнічала ўсяго 140 рэфармацкіх цэркваў, а на Сіноде 1748 налічана толькі 48 дзейных парафій, у якіх служылі 40 пастараў[32]. Да сярэдзіны XVII ст. стасункі між кальвіністамі і праваслаўнымі былі добрымі. Прыкладам з’явіўся акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года, якім была гарантавана на тэрыторыі Рэчы Паспалітай роўнасць хрысціянскіх канфесій і забаронена выкарыстанне зброі дзеля развязання міжканфесійных канфліктаў. У Вільні яшчэ ладзіліся рэлігійныя дыспуты, так у 1595 вядомы дзеяч Рэфармацыі, пасля патрыярх Александрыйскі і Канстанцінопальскі Кірыл Лукарыс публічна дыскутуе з езуітамі і францысканцамі, ініцыюе выданне кнігі Мялеція Пігаса «Дыялог пра ўсходнюю веру» (1596)[33]. У XVII ст. большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва, колькасць кальвінісцкіх грамад моцна зменшылася, аднак асобныя існавалі да XX стагоддзя. Расійская імператрыца Кацярына II загадам 1767 года вызначыла, што дысідэнцкая шляхта (праваслаўная і пратэстанцкая) ўраўнаваная з каталіцкай ва ўсіх правах, акрамя абрання караля, якім мог быць толькі каталік. Антытрынітарызм![]() Антытрынітарыі (адмаўленцы Тройцы) адмаўлялі большасць царкоўных абрадаў і дагматаў, схаластычную філасофію і тэалогію, крытыкавалі сцвярджэнні Бібліі (неўміручасць душы, замагільнае жыццё і інш.), біблейскія цуды. Прызнавалі толькі адзінага Бога. Вучэнне ўзнікла ў пачатку IV стагоддзя, яго прапаведаваў Арый, асуджаны I Сусветным саборам у 325. Узнавілі вучэнне Фаўст і Леліа Соцыны. У адрозненне ад Лютэра яны лічылі, што Свяшчэннае Пісанне як адзіная крыніца веравучэння прымальная толькі ў тым выпадку, калі не пярэчыць розуму. Па іх імені паслядоўнікаў вучэння сталі называць сацыніянамі. Браты Соцыны прыехалі ў Польшчу, дзе вучэнне атрымала назву антытрынітарызму. Іхнія вучні італійцы Джорджа Бландрата і Францішак Станкар, падляскі ўраджэнец Пётр з Ганёндза прынеслі вучэнне ў Літву[34]. На патрабаванне Мікалая Радзівіла Чорнага Пятра выклікалі ў 1558 на віленскі кальвінісцкі сабор даць справаздачу. Брэсцкі пастар Сымон Зак з Прашавіцаў выдаў у 1559 «Вызнанне веры збору віленскага» з выкладам асноў кальвінізму і выкрыццём антытрынітарыяў. У 1570-я ад польскіх кальвіністаў аддзялілася групоўка так званых «польскіх братоў». Яны адмаўлялі дагмат пра Тройцу і боскасць Хрыста, гэта значыць адраджалі погляды арыянства, таму іх называлі польскімі арыянамі[35][36]. Рэлігійны скептыцызм прывёў некаторых (Каспар Бекеш, Стэфан Лован, Юзаф Даманеўскі, Ян Ліцыні Намыслоўскі) да поглядаў, характарызаваных сучаснікамі як атэістычныя. Частка мысліцеляў ВКЛ (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) апраўдвала асноўныя прынцыпы грамадства, але патрабавала абмежавання правоў дваранства, другая (Якуб з Каліноўкі, Павел з Візны, Марцін Чаховіц) патрабавала поўнай ліквідацыі прыватнай уласнасці, роўнасці саслоўяў і інш. У ВКЛ антытрынітарыі займелі падтрымку ў 1558 у буйнога магната старосты жмудскага Яна Кішкі[37]. Блізкія да сацыянства казані ўцекача ў 1554 з Масквы ў Віцебск Феадосія Касога не знайшлі адчувальнага водгуку ў праваслаўных мяшчан, хоць невялікая грамада склалася. Феадосій сцвярджаў: «Бог адзіны, Царква ― супольнасць вернікаў, Храмы і Абразы — гэта ідалы і кумірніцы, Сакраментаў няма, неабходна зруйнаваць Крыж»[38]. ![]() Паплечнік Касога поп Фама, прэсвітар сацыянскай абшчыны Полацка, быў утоплены ў Дзвіне па загаду Івана Грознага[39]. Феадосій жа Касы з паплечнікамі ўцяклі на Валынь, дзе, паводле сведчання князя Андрэя Курбскага, заразілі ератычным вучэннем «ледзь не ўсю Валынь»[40]. У ВКЛ аб’явіўся і стары Арцемій, пасяліўшыся пры двары слуцкага князя Юрыя Алелькавіча[41]. Захарыя Капысценскі пісаў пра яго: «Вялебны інак, споспешествующу яму Госпаду, у Літве ад ерасі арыянскай і лютэранскай многіх адвярнуў, а праз яго Бог выправіў жа ся ўвесь народ рускі ў Літве ад ерасі тый не перавярнуў». Пранікся сацыянскімі ідэямі баярын Іван Кучка, які адкрыў у Полацку сацыянскі калегіум і анабаптысцкую друкарню. У 1563 іх зруйнавала маскоўскае войска. Ян Кішка засноўваў абшчыны, друкарні (Лозка ля Ашмян, Любча ля Навагрудка, Заслаўе)[42]. На ўкраінскіх землях цэнтрам дзейнасці сацыян стаў Чарняхоў, актыўна дзейнічала суполка ў Вадырадах, Іванічах ля Луцку[43]. Гл. таксамаКрыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia