Чарбамы́сла — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Заходняя Дзвіна, за 48 км на паўночны ўсход ад Полацка, у межах гідралагічнага заказніка «Глыбокае—Чарбамысла, Вялікае Астравіта»[2] («Глыбокае—Вялікае Астравіта»[3]).
Плошча паверхні возера 0,5 км². Даўжыня 1,32 км, найбольшая шырыня 0,51 км. Найбольшая глыбіня дасягае 6,9 м, сярэдняя каля 3,3 м. Даўжыня берагавой лініі 3,2 км. Аб’ём вады 1,67 млн. м³, Плошча вадазбору 2 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны ў паўночнай і заходняй частцы возера вышынёй 15—20 м, на ўсходзе да 8 м, на поўдні 2—3 м. На поўдні да возера прымыкае вярховае балота. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі высокія, на захадзе, поўначы і ўсходзе зліваюцца са схіламі катлавіны, пясчаныя. На поўдні возера берагі тарфяністыя. Дно ў прыбярэжнай частцы на поўначы і паўночным усходзе возера да глыбіні 1,5—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем.
Возера Чарбамысла мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі, бяссцёкавае. Расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці да 150 м ад берага. На глыбіні да 2 м расце эладэя канадская і рэдкі ахоўны від раслін — палушнік азёрны. Да 4—4,5 м імхі (фантыналіс[4])
У возеры водзяцца шчупак, акунь, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, лінь, і іншыя віды рыб.
Зноскі
Літаратура
- Уласаў Б. П. Чарбамысла // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — 583 с. — 10 000 экз.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 15. — С. 223. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2.
- Республика беларусь. Витебская область. Полоцкий район: карта / Ред. В. А. Змачинская. — Мн.: Белкартография, 2012. — 5 000 экз. (руск.)
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 21. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
Спасылкі