Штаты і тэрыторыі Індыі — першы ўзровень адміністрацыйнага падзелу Рэспублікі Індыя. У наш час існуе 28 штатаў і 8 тэрыторый (у тым ліку 7 саюзных тэрыторый і адна Нацыянальная сталічная акруга Дэлі). Кожны штат, у сваю чаргу, падзелены на акругі (дыстрыкты), агульная колькасць якіх складае 642.
Органы ўлады
Штаты маюць уласныя органы заканадаўчай і выканаўчай улады. На вяршыні іерархічнай піраміды штата стаіць губернатар, прызначаны прэзідэнтам Індыі на пяцігадовы тэрмін. Губернатар фарміруе ўрад штата і прызначае галоўнага міністра з ліку членаў палітычнай партыі, якая перамагла на мясцовых выбарах. Штаты маюць адна- або двухпалатныя парламенты. Ніжняя палата парламента штата называецца відхан сабха і, паводле індыйскага заканадаўства, можа ўключаць ад 60 да 500 дэпутатаў. Яна выбіраецца на ўсеагульных выбарах на пяць гадоў. Вышэйшая палата парламента штата называецца відхан парышад і яе члены выбіраюцца на шасцігадовы тэрмін, пры гэтым кожныя 2 гады трэцяя частка ўсіх дэпутатаў павінна быць пераабрана. У распараджэнні парламентаў штатаў знаходзяцца любыя пытанні, за выключэннем знешняй палітыкі, абароны, знешняга гандлю і грамадзянства, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй саюзнага парламента Індыі.
Саюзнымі тэрыторыямі, а таксама нацыянальнай сталічнай акругай кіруюць чыноўнікі, якія прадстаўляюць урад Індыі — камісары або адміністратары. Некаторыя з тэрыторый маюць уласныя парламенты і ўрады, якія меюць значна абмежаваныя паўнамоцтвы; невялікія тэрыторыі такіх уладных органаў не маюць. У саюзных тэрыторыях дзейнічае федэральнае заканадаўства Індыйскай рэспублікі.
Мовы
У некаторых штатах і тэрыторыях, акрамя агульнаіндыйскіх афіцыйных моў, гэта значыць хіндзі і англійскай, могуць прызнавацца афіцыйнымі таксама дадатковыя мовы, характэрныя для насельніцтва гэтага рэгіёна.
Асаблівасці адміністрацыйнага падзелу
Штаты Індыі (англ.: state, хіндзі: प्रांत — prant) вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Найбуйнейшыя з іх паводле колькасці насельніцтва ёсць таксама найбуйнейшымі адміністрацыйнымі адзінкамі свету — з дзесяці самых густанаселеных адміністрацыйных адзінак свету штат Індыі Утар-Прадэш з насельніцтвам, якое налічваюць звыш 180 млн чалавек, знаходзіцца на першым месцы гэтага спісу, а Махараштра займае другое месца.
Паводле памераў тэрыторыі найбуйнейшыя з індыйскіх штатаў не саступаюць некаторым еўрапейскім краінам (напрыклад, штат Раджастхан пераўзыходзіць па плошчы Польшчу). Плошча невялікіх штатаў, насупраць, не перавышае некалькіх тысяч кв. км.
Тэрыторыі (англ.: territory, хіндзі: केन्द्रीय सरकार — kendriy sarkar) больш аднародныя за штаты — паводле плошчы яны не больш за некалькі тысяч км2, а паводле колькасці насельніцтва не перавышаюць 1,1 млн жыхароў (выключэнне — сталічная акруга Дэлі, які налічвае звыш 16 млн чалавек).