Юбілейная сельскагаспадарчая выстаўка ў Мінску (1901)Юбілейная сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка ў Мінску ў 1901 годзе — выстаўка сельскагаспадарчых і саматужна-прамысловых вырабаў, якая праходзіла ў Мінску (Мінская губерня, Расійская імперыя) з 26 жніўня па 4 верасня 1901 г. Была арганізавана членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСТ) і прымеркавана да 25-гадовага юбілея дзейнасці таварыства. Лідарамі МТСГ планавалася, што выстаўка будзе мець святочна-юбілейны характар і стане дэманстрацыяй сваіх поспехаў — без чакання прыбытковасці мерапрыемства, але выстаўка стала прыбытковай, мела інфармацыйную значнасць, паспрыяла актывізацыі дзейнасці іншых губернскіх селькагаспадарчых таварыстваў, заключэнню камерцыйных кантрактаў і прастымулявала тавараабмен і вытворчасць у літоўска-беларускіх губернях. Падрыхтоўка![]() Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і раней арганізоўвала выстаўкі, але яны праводзіліся ў памяшканнях таварыства, адзін раз у доме дваранскага сходу ў Мінску і былі даступныя для абмежаванага кола асоб. Лідары МТСГ вырашылі атсвяткаваць 25-годдзе свайго таварыства арганізацыяй вялікай выстаўкі, каб прадэманстраваць шырокаму колу людзей усяго літоўска-беларускага края свае дасягненні за чвэрць веку[1]. Віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (і па сутнасці яго неафіцыйны кіраўнік) Эдвард Вайніловіч даручыў падрыхтоўку і правядзенне юбілейнай выстаўкі свайму сябру і адначасова члену Рады МТСГ — графу Ежы Эмерыкавічу Чапскаму, брату тагачаснага гарадскога галавы горада Мінска — графа Караля Эмерыкавіча Чапскага[2]. Ежы Чапскі ўзначаліў спецыяльны гаспадарчы камітэт, які займаўся падрыхтоўкай і арганізацыяй выстаўкі; камісарам выстаўкі стаў іншы ўплывовы член МТСГ і сябра Вайніловіча — Міхал Генрыкавіч Валовіч[3]. Члены таварыства загадзя стварылі спецыяльны фонд для фінансавання выстаўкі за ўласны, а не дзяржаўны кошт[4]. Дызайнерскае афармленне выстаўкі рабіў за грошы мастак Генрык Вейсенгоф, які стварыў і эскіз дыплома за лепшыя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. На выстаўку былі запрошаны 700 удзельнікаў з Мінскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Ковенскай, Валынскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Смаленскай губерняў. ПравядзеннеВыстаўка прыцягнула да сябе ўвагу землеўладальнікаў не толькі Беларусі і Літвы, але і польскіх губерняў Расійскай імперыі, і складалася з 12 аддзелаў. У Мінск прыехала шмат запрошаных асоб і гасцей з розных гарадоў Расійскай імперыі, што стала прычынай павышэння цэн у гасцініцах за нумар да 10-15 рублёў за суткі[5]. На юбілей з'ехаліся прадстаўнікі ад усіх таварыстваў сельскай гаспадаркі літоўска-беларускіх губерняў (напрыклад, Ковенскае таварыства сельскай гаспадаркі прадстаўляў асабіста яго старшыня (1901—1902) Пётр Аркадзевіч Сталыпін), прадстаўнікі ад таварыстваў Валынскай, Падольскай, Седлецкай губерняў, прадстаўнікі ад міністэрства земляробства Расійскай імперыі: Іпаліт Гечэвіч, Аляксандр Мяйштовіч, Канстанцін Скірмунт, Браніслаў Шахна, Вінцэнт Козел-Паклеўскі, граф Фелікс Чапскі, Юзаф Монтвіл (1850—1911), граф Уладзімір Мікалаевіч Зубаў (1862—1933), князь Міхал Ірэніевіч Агінскі (1849—1902), віцэ-старшыня Рэжыцкага таварыства сельскай гаспадаркі Станіслаў Венцлавовіч, прадстаўнік Расіенскага таварыства сельскай гаспадаркі пан Гружэўскі, прадстаўнік Луцкага таварыства сельскай гаспадаркі пан Русаноўскі, (ад міністэрства земляробства) Е. Сіцін і Панамароў, рэдактар варшаўскай газеты «Gazeta Warszawska» Станіслаў Ляшноўскі, журналіст санкт-пецярбурскага часопіса «Kraj» А. Данімірскі, Міхал Натансон і інш.[6] Прысутнічаў і сам фармальны старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі. Былі зачытаны прывітальныя тэлеграмы ад вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча Раманава (члена МТСГ), міністра земляробства і намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі, мінскага губернскага маршалка (1897—1904) Аляксандра Генадзьевіча Рацькова-Ражнова і інш.[7] У якасці ганаровага госця быў запрошаны і генерал-лейтэнант Іосіф Іпалітавіч Жылінскі. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел і родныя сёстры Эдварда Вайніловіча — Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая і Міхаліна Адамаўна Горват[8]. Урачысты баль МТСГ для запрошаных асоб праходзіў у доме графа Караля Чапскага (1860—1904), аднаго з галоўных экспанентаў выстаўкі. ![]() ![]() Павільёны выстаўкі былі арганізаваны ў Гарадскім садзе (цяпер Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага). У 12 аддзелах (сельскай гаспадаркі, прамысловасці і рамяства) і ў прыватных павільёнах быў прадстаўлены самы шырокі набор тавараў — ад розных складаных сельскагаспадарчых прылад і парод хатняй жывёлы да вырабаў мясцовых рамеснікаў. У павільёнах сельскай гаспадаркі дэманстраваліся бульба, гародніна, хлеб (маянткоўцаў Караля Свяцкага і Л. Малчацкага), прышчэпленыя садовыя дрэвы, кветкі (В. А. Рыбскі), калекцыі лясных саджанцаў, дошак з драўніны розных парод, чыстапародная буйная рагатая жывёла, авечкі і свінні, чыстапародныя коні і сабакі, птушкі, вяндліна, масла, віны, лячэбны кефір (К. Сігаліна), калекцыі малочных бактэрый (Ф. С. Сільвестровіч), гербарыі лекавых раслін і інш.[9] У павільёнах вырабаў прамысловасці можна было ўбачыць цэглу, кафлю, кафляныя печы, дрэнажныя трубы, чарапіцу, турбіны (А. Е. Кржыжаноўскі), скураныя вырабы (Л. Б. Суцін), клей, мыла, пакосты, мазі, экіпажы (І. Я. Лейбман і браты Стараневічы) і інш. З вырабаў рамеснікаў былі прадстаўлены 102 экспанаты (48 з якімі былі вырабамі мінскіх рамеснікаў): дываны, мэбля, жырандолі, карункі, музычныя інструменты (у тым ліку, піяніна і скрыпка), рэчы з золата і срэбра, гадзіннікі, вадзяны веласіпед, галантарэйныя вырабы, касметыку і парфумерыю[10]. Многія ўдзельнікі прывезлі на выстаўку групы тавараў. Напрыклад, уласнік маёнтка Беліца ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні Караль Свяцкі прадставіў каля 40 відаў прадукцыі свайго маёнтка[11]. Але самым значным эспанентам аказаўся граф Караль Эмерыкавіч Чапскі, які меў цудоўна пастаўленую гаспадарку ў маёнтку Станькава ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Чапскі дэманстраваў калекцыю саджанцаў са свайго лесу, чыстапародную буйную рагатую жывёлу, коней станькаўскага племяннога завода, чыстакроўных сабак, авечак, цэглу, чарапіцу і дрэнажныя трубы[12]. Некаторыя заможныя прамыслоўцы свае вырабы прадставілі ва ўласных павільёнах: кандытарская Франца Канстанцінавіча Вянгржэцкага адкрыла адзін павільён, свой павільён «Фатаграфічныя прылады і работы» прадставіў мешчанін і фатограф Моўша-Элья Напельбаўм, у асобным павільёне дэманстраваліся узорныя мужчынскія і жаночыя прыбіральні Анцэліёвіча, два павільёны адкрылі браты Лекерт (паравы піваварны завод)[13]. Хоць выстаўка анансіравалася як сельскагаспадарчая і прамыслова-рамесная, але мела больш прадстаўнічы характар. Праспект выстаўкі рэкламаваў тавары яшчэ 30 фірм, якія афіцыйна не ўдзельнічалі ў выстаўцы: вяндліна, гарбата, веласіпеды, швейныя машыны, тэхнічныя і інжынерныя работы (бюро інжынераў Крыжаноўскага і Цывінскага), пазыкі і банкаўскія аперацыі (банкірская кантора Поляка і Вейсбрэма)[14]. Узнагароды выстаўкіЯкуб Наркевіч-Ёдка быў удастоены бронзавага медаля выстаўкі за заслугі ў галіне метэаралогіі. Мінскі яўрэй-фатограф Моўша-Элья Напельбаўм быў удастоены бронзавага медаля выстаўкі за дзейнасць у галіне фатаграфіі. Доктар Франц Сільвестровіч, загадчык мінскай Аналітычнай станцыяй, быў удастоены малога срэбнага медаля выстаўкі за «Хатнюю сельскагаспадарчую хімічную лабараторыю» для даследавання харчовых прадуктаў, гербарый дзікіх і культурных лекавых раслін у Мінскай губерні.
ВынікіВыстаўка стала дэманстрацыяй трыумфа высокага развіцця сельскай гаспадаркі Мінскай губерні і ўсяго літоўска-беларускага краю пад кіраўніцтвам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам. Першапачаткова арганізатары меркавалі, што выстаўка не прынясе ніякіх прыбыткаў, але ўсё роўна хацелі правесці яе, каб прадэманстраваць дасягненні гаспадарак губерні і адсвяткаваць угодкі. Аднак, дзякуючы таленту Ежы Чапскага, які быў адным з галоўных арганізатараў мерапрыемства, выстаўка прынесла 3300 рублёў прыбытку[15]. Гэтыя грошы пайшлі ў фонд МТСГ для арганізацыі новых выставак[16]. Ацэнка сучаснікаміМечыслаў Ялавецкі згадваў, якое моцнае ўражанне зрабіла выстаўка на яго бацькоў. Яны ўспрынялі яе як адзін з доказаў жыццёвасці і ўплывовасці мясцовых землеўладальнікаў-каталікоў. У прамове на пашыраным сходзе МТСГ Эдвард Вайніловіч заявіў, што поспех дзейнасці таварыства быў забяспечаны тым, што яго члены адкінулі «палітыканства» і ўсе сілы аддавалі працы на роднай зямлі. Па яго ж словах, сельскагаспадарчае таварыства стала для многіх падрыхтоўчай школай грамадскага жыцця. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia