Юрый Аляксандравіч Нагорны

Юрый Аляксандравіч Нагорны
Род дзейнасці настаўнік, дырэктар школы, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 20 студзеня 1949(1949-01-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 ліпеня 2020(2020-07-17) (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Месца працы Школа горада Барані, гімназія горада Барані, Баранскі гарвыканкам
Альма-матар
Член у

Юрый Аляксандравіч Нагорны (20 студзеня 1949, Мондзіна, Навагрудскі раён, БССР17 ліпеня 2020, Селішча, Аршанскі раён, Беларусь) — настаўнік, грамадскі дзеяч, абаронца беларускай мовы і культуры[1].

Біяграфія

Юрый Аляксандравіч Нагорны нарадзіўся ў 1949 годзе на хутары Мондзіна Навагрудскага раёна. У школьныя гады цікавіўся літаратурай — свой першы верш па-беларуску напісаў у пятым класе. Скончыў школу са срэбным медалём[1].

Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ на курсе разам з Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц, Анатолем Бутэвічам, Віктарам Ярцам, Таццянай Шамякінай, Яўгенам Хвалеем[2].

БДУ скончыў у 1971. Працаваў настаўнікам, потым дырэктарам гімназіі і школы ў Барані.

З 1985 па 1995 займаў пасаду старшыні Баранскага гарадскога выканаўчага камітэта, на пасяджэнняў выступаў па-беларуску.

Паспрыяў дэсаветызацыі мясцовых тапонімаў. Напрыклад, у Барані з’явілася вуліца Радзівілаўская, а прадпрыемства «Чырвоны кастрычнік» было пераназвана ў «Лёс»[1].

Грамадская дзейнасць

У 1968 Нагорны быў адным з падпісантаў калектыўнага ліста студэнтаў філфака БДУ ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Подпісы пад лістом паставіла большасць студэнтаў факультэта. У лісце патрабавалася перавесці выкладанне на беларускім аддзяленні філфака на беларускую мову. Ініцыятарамі ліста былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Лявон Барташ. Ліст выклікаў вялікую незадаволенасць партыйнага начальства, ягоных ініцыятараў бэсцілі на партыйных і камсамольскіх сходах. Падпісанты, у тым ліку Юрый Нагорны, сутыкнуліся з абвінавачаннямі ў нацыяналізме і пагрозамі адлічэння, але не адмовіліся ад сваіх поглядаў[1].

У часы незалежнай Беларусі Юрый Нагорны некалькі разоў узначальваў Аршанскую кааліцыю дэмакратычных арганізацый, а таксама мясцовае аддзяленне Таварыства беларускай мовы. Дапамог у вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна аднавіць мемарыяльны крыж і камень на месцы бою аршанскіх паўстанцаў на чале з Ігнатам Будзіловічам падчас паўстання 1863—1864[3][4].

Нагорны быў адным з арганізатараў Вандроўнага фэсту, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча[3], а таксама ініцыятарам літаратурнага конкурсу, прысвечанага ўраджэнцу Барані байкапісцу Уладзіміру Корбану[5], быў заснавальнікам літаратурна-этнаграфічнага музея ў школе № 15 горада Барані[6].

Асабістае жыццё

Юрый Нагорны пражыў у Барані амаль 50 гадоў разам з жонкай Тамарай Іванаўнай. Яны выгадавалі двух сыноў. Тамара Іванаўна займалася музейнай справай, стварыла два музеі і марыла пра трэці, прысвечаны свайму роду. Пасля ейнай смерці ў 2017 Нагорны ўвасобіў ейную задуму — заснаваў у вёсцы Селішча Аршанскага раёна музей «Тамарына сядзіба», які быў адкрыты ў 2018[2].

Апошнія гады жыцця Юрый Нагорны жыў у Селішчы, дзе і памёр 17 ліпеня 2020. Быў пахаваны побач з жонкай на мясцовых могілках[1].

Крыніцы

  1. а б в г д Аб. Памёр Юрый Нагорны, які ў 1968 годзе падпісваў зварот да ўладаў у абарону беларускай мовы . Радыё Свабода (17 ліпеня 2020). Праверана 29 чэрвеня 2025.
  2. а б Бс. «Тамарына сядзіба». Першы сямейны музэй зьявіўся ў Аршанскім раёне . Радыё Свабода (22 мая 2018). Праверана 29 чэрвеня 2025.
  3. а б Памёр Юрый Нагорны. Згадваюць Уладзімір Арлоў і Паліна Сцепаненка. Беларускі ПЭН (17 ліпеня 2020). Праверана 29 чэрвеня 2025.
  4. У Лёзненскiм раёне ўшанавалi памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага / Мой BY (руск.). moyby.com (28 жніўня 2019). Праверана 1 ліпеня 2025.
  5. Наш славуты зямляк — Новости Орши (руск.) (30 жніўня 2010). Праверана 2 ліпеня 2025.
  6. Оршанщина литературная — Новости Орши (руск.) (25 красавіка 2010). Праверана 2 ліпеня 2025.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya