Юшка Струміла
Юшка Струміла або Ежы Струміла, Юрый або Георгій Страміла (польск.: Jerzy Strumiłło; каля 1410 — канец 1485) — дваранін вялікага князя Вітаўта — найвышэйшы пасцельнічы (зг. 1429), падскарбі; потым польскі ўраднік — харужы львоўскі (1443—1461), падкаморы львоўскі (1461—1476), кашталян львоўскі (1478—1485). З мазавецкага шляхецкага роду герба «Дамброва». Бацька — Павел (пам. 1435/1436), адзін са шматлікіх уладальнікаў Дмошына ў Вышаградскай зямлі ; маці — Марыя. Меў братоў Аляксандра, Клеменса, Пятра (родапачынальніка Кішкаў), Мацея (родапачынальніка Цеханавецкіх), Станіслава і сясцёр Ганну і Малгажату (Багушку). У маладосці служыў пры двары вялікага князя Вітаўта, магчыма, паступіў туды разам з мазавецкім князем Казімірам Земавітавічам і іншымі палякамі, напэўна, вясной 1428 года, калі рыхтаваўся вялікалітоўскі паход на Вялікі Ноўгарад. Летам 1428 года ўдзельнічаў у выправе на Вялікі Ноўгарад і пасля застаўся як дваранін гаспадарскі. У 1429 годзе згаданы ўжо як найвышэйшы лажнічы вялікага князя Вітаўта, пасля як яго падскарбі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Луцкага з’езда манархаў 1429 года, на якім планавалася каранацыя Вітаўта. Атрымаў ад Вітаўта Бранск на Падляшшы, а для свайго бацькі дамогся Цеханаўца. Пасля смерці Вітаўта (7.10.1430) вярнуўся ў Мазовію, дзе перад тым праз шлюб набыў частку Згера з некалькімі вёскамі. З 1438 года дзейнічаў у Перамышльскай зямлі і Рускім ваяводстве як прыдворны караля Уладзіслава Ягайлавіча. У 1442 годзе разам з каралём Уладзіславам Ягайлавічам быў у Венгрыі. У 1454—1466 гадах удзельнічаў у вайне з Тэўтонскім ордэнам. У Рускім ваяводстве ўзначальваў шляхту, якая вяла барацьбу з магнацкім родам Адравонжаў. Быў двойчы жанаты. Першая жонка, з да 1427 года — Алена, дачка Сцібара з Санхоціна, падкаморага закрочымскага. Другая жонка, з каля 1446 года — Альжбета (пам. пасля 5.2.1502), дачка Дзярслава з Падося герба «Юноша», харужага закрочымскага, кашталяна вышагродскага. У першы шлюбе меў дачку Алену, пазней другую жонку Зыгмунта Кірдзеевіча з Памаран, старосты церабоўльскага. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia