Ѣ
Ѣ, ѣ (яць) — літара гістарычнай кірыліцы і глаголіцы, цяпер ужываецца толькі ў царкоўнаславянскай мове. У стараславянскай мове пазначала нейкі доўгі галосны, як мяркуецца, [æ:] ці дыфтонг [ie:]. Цікава, што ў глаголіцы няма асобнай літары, адпаведнай ётаванаму А (Ꙗ), так што кірылічныя напісанні ꙗзва, ꙗрость, ꙗсли перадаюцца там з пачатковай літарай яць. Гэтак жа тлумачыцца і назва літары: мяркуюць, што стараслав. ѣть — гэта скажонае ѣдь «ежа». У Расіі «яць» заставаўся ва ўжытку да рэформы рускай арфаграфіі 1918 года, хаця ўжо ў канцы XIX стагоддзя ў пераважнай большасці рускіх гаворак яго вымаўленне практычна не адрознівалася ад вымаўлення галоснай е (хоць, у адрозненне ад апошняй, гістарычны «яць» у рускай мове пад націскам, як правіла, не пераходзіць у е і не чаргуецца з нулём гука). Літара яць ужывалася ў старабеларускай мове. У сучаснай беларускай мове ніколі не ўжывалася. У кірыліцы «яць» звычайна лічыцца 32-й літарай (займае месца ў алфавіце пасля літары Ь), у глаголіцы 33-й па парадку, лікавага значэння не мае. У невялікай колькасці самых старажытных кірылічных помнікаў сустракаецца таксама адмысловая літара «ётаваны яць». |
Portal di Ensiklopedia Dunia