Бой за Тынзауатэн
Бой за Тынзауатэн — баявыя дзеянні на поўначы Малі ў раёне мяжы з Алжырам, якія прайшлі ў ліпені 2024 года. Падчас баёў калона малійскіх урадавых войск і расійскія байцы ПВК «Вагнер» трапілі ў засаду, уладкаваную туарэгскімі сепаратыстамі і джыхадысцкай групоўкай «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (філіял Аль-Каіды ў Малі)[1]. У выніку былі забітыя дзясяткі байцоў праўрадавых сіл. Фарміраванні вагнераўцаў не неслі страт такога маштабу за рамкамі вайны з Украінай з 2018 года, калі трапілі пад удар амерыканскай авіяцыі пад Хашамам у Сірыі[2]. Неўзабаве Малі і Нігер разарвалі свае дыпламатычныя адносіны з Украінай, абвінаваціўшы яе ў падтрымцы паўстанцаў і датычнасці да бою за Тынзауатэн[3]. ПерадгісторыяУ 2012 годзе ў Малі адбыўся ваенны пераварот, а на поўначы краіны пачынаецца паўстанне туарэгаў з мэтай стварэння незалежнай дзяржавы Азавад[4][5]. У ваенных дзеяннях супраць урадавых сіл узялі ўдзел і ісламісцкія групоўкі, звязаныя з Аль-Каідай і ІД[5][6]. Улады звяртаюцца па ваенную дапамогу да Францыі — былой каланіяльнай метраполіі, і тая адпраўляе ў краіну свае войскі[5]. Французская армія прымала ўдзел у баявых дзеяннях супраць ісламістаў з 2013 года[6]. Адначасна ў Малі пачала дзейнічаць міратворчая місія ААН[5]. У 2020 годзе адбываецца яшчэ адзін ваенны пераварот, у выніку якога да ўлады прыходзіць палкоўнік Асімі Гаіта. Новы рэжым разарваў адносіны з Францыяй, і французскія войскі былі выведзеныя з краіны. «Гарачую кропку» пакідаюць і сілы ААН. Малійская хунта робіць стаўку на збліжэнне з Расіяй. У 2021 годзе ў Малі з’яўляюцца байцы ПВК «Вагнер». Наёмнікі неўзабаве становяцца адзінай замежнай сілай, якая аказвае дапамогу малійскім урадавым войскам[5][7]. Адной са сваіх галоўных задач малійская хунта паставіла адваяванне кантролю над усёй тэрыторыяй краіны ў сепаратыстаў. Урадавыя сілы засяродзіліся на паўночнай правінцыі Кідаль, якую армія ўзяла пад кантроль у 2023 годзе[7]. Ход падзей28 ліпеня 2024 года паўстанцкі рух туарэгаў «Пастаянныя стратэгічныя рамкі для міру, бяспекі і развіцця» паведаміў, што ў ходзе баёў 25—26 ліпеня ў раёне горада Тынзауатэн яны разграмілі ўсю калону малійскай арміі і расійскіх наймітаў, забіўшы і параніўшы дзясяткі салдат праціўніка[8][9]. Баевікі таксама паведамілі аб знішчэнні і захопе бранятэхнікі, грузавікоў і аўтацыстэрн варожых сіл, а таксама аб пашкоджанні верталёта вагнераўцаў Мі-24П, які затым разбіўся ў раёне горада Кідаль[10][11]. Верталёт павінен быў прыкрываць калону з паветра[12]. Пры гэтым, згодна з папярэднімі заявамі ўладаў Малі, сумесная аперацыя малійскіх сіл і вагнераўцаў да гэтага ішла паспяхова. За тыдзень да паражэння яны захапілі вёску Ін-Афарак на мяжы з Алжырам[2]. Затым калона малійскіх вайскоўцаў і расіян пачала прасоўвацца да горада Тынзауатэн, які знаходзіўся на тэрыторыі Алжыра, маючы намер захапіць гэты населены пункт[2][13]. За два кіламетры ад малійска-алжырскай мяжы калона трапіла пад пясчаную буру і была вымушаная спыніць рух[2]. Гэтым скарысталіся паўстанцы-туарэгі, якія зладзілі засаду на шляху руху калоны[2]. У выніку калона была знішчана[2]. Былі апублікаваныя фатаграфіі і відэа з поля бою, на якіх было відаць мноства трупаў, спаленую тэхніку і палонных. У прыватнасці, на адным з відэа дэманстравалася мноства забітых светласкурых людзей у пустыні[14]. Таксама баевікі апублікавалі відэа допыту захопленага ў палон малійскага вайскоўца. На пытанне паўстанца аб тым, навошта вайскоўцы забіваюць мірных жыхароў, палонны адказаў, што такія забойствы здзяйсняюць толькі вагнераўцы. Паводле яго слоў у баях за Тынзауатэн прымала ўдзел толькі каля тузіна малійцаў, астатнія з’яўляліся членамі ПВК «Вагнер». Пры гэтым паводле інфармацыі паўстанцаў, у шэрагах наймітаў, акрамя расіян, былі прадстаўнікі іншых краін. Таксама з іх слоў, з 25 ліпеня ПВК «Вагнер» абстрэльваў грамадзянскія паселішчы на мяжы з Алжырам[12]. 29 ліпеня факт цяжкіх баёў вагнераўцаў пацвердзіў блізкі да ПВК тэлеграм-канал «Разгрузка Вагнера»[15]. Паводле заявы гэтага канала, баі ішлі з 22 па 27 ліпеня і ў іх прынялі ўдзел вайскоўцы Малі і 13-ы штурмавы атрад ПВК «Вагнер» пад камандаваннем Сяргея Шаўчэнкі[16]. Ім супрацьстаялі байцы Каардынацыйнага руху Азавада і Аль-Каіды ў краінах ісламскага Магрыба[16]. Баі пачаліся пасля захопу ўрадавымі сіламі Малі населенага пункта Ін-Афарак[15]. Вагнераўцы сцвярджалі, што ў першы дзень баёў ім удалося знішчыць вялікія сілы паўстанцаў, аднак затым пачалася пясчаная бура, якая дазволіла паўстанцам перагрупавацца і падвесці падмацаванні, павялічыўшы свае сілы да 1000 чалавек, што вымусіла ПВК накіраваць падмацаванне сваім байцам[16]. Аднак на працягу наступных двух дзён радыкалы павялічылі колькасць масіраваных нападаў, скарыстаўшыся цяжкім узбраеннем, БПЛА і шахід-мабілямі, што пацягнула страты з боку калоны[16]. Апошняй радыёграмай ад групы стала паведамленне: «Засталіся ўтрох, працягваем весці бой»[16]. СтратыПа даных ДШРГ «Русіч», у баі загінула больш за 80 байцоў, больш за 15 чалавек трапіла ў палон. Іншыя расійскія z-каналы паведамлялі пра гібель ад 20 да 50 вагнераўцаў[17]. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль паведаміў Agence France-Presse аб гібелі не менш за 15 вагнераўцаў[17]. Па даных крыніцы Рускай службы Бі-бі-сі, загінула не менш за 82 наймітаў[2]. Вагнераўцам і малійскім урадавым войскам былі нанесеныя наступныя страты ў тэхніцы: верталёт Мі-24 (пашкоджаны), верталёт Мі-8 (пашкоджаны, загінуў камандзір верталёта Аляксей Крайноў), не менш за 6—7 знішчаных і захопленых машын[18]. У ліку загінуўшых Сяргей Шаўчэнка, камандзір групы[16], і Мікіта Фядзянін, аўтар звязанага з ПВК «Вагнер» тэлеграм-канала Grey Zone[13]. Міністэрства абароны Малі пацвердзіла факт бою, заявіўшы, што страты яе сіл склалі два чалавекі забітымі і 10 параненымі, тады як страты паўстанцаў налічвалі не менш за 20 чалавек забітымі[17]. Магчымая роля УкраіныУ СМІ з’яўлялася інфармацыя пра магчымую ролю Украіны ў разгроме атрада ПВК у Малі[14]. Так, прадстаўнік ГУР МА Украіны Андрэй Юсаў заявіў: «Паўстанцы атрымалі неабходную інфармацыю і не толькі інфармацыю, якая дазволіла правесці паспяховую ваенную аперацыю супраць расійскіх ваенных злачынцаў. Пра дэталі мы безумоўна не будзем казаць, працяг будзе»[14]. 29 ліпеня ўкраінскае выданне Kyiv Post апублікавала фатаграфію, на якой туарэгскія паўстанцы паказаны са сцягам Украіны[14]. Таксама ў сацыяльнай сетцы X з’яўлялася інфармацыя, што паўстанцы нібыта прапаноўвалі перадаць палонных вагнераўцаў Украіне[14]. Аднак у журналістаў не было незалежнага пацвярджэння звестак аб магчымым удзеле Украіны ў гэтых падзеях[14]. На гэтым фоне 5 жніўня ўлады Малі заявілі пра разрыў дыпадносін з Украінай[19]. Улады Малі абвінавацілі дзяржаву ў парушэнні суверэнітэту, зневажанні нормаў міжнароднага права і падтрымцы міжнароднага тэрарызму[20]. 6 жніўня аналагічны крок здзейсніў Нігер[21]. Улады Сенегала выступілі з асуджэннем дзеянняў Украіны[20]. Гл. таксамаКрыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia