Гродзенскі заапарк
Гродзенскі заапарк — першы, найбуйнейшы і ў свой час адзіны заапарк у Беларусі. Годам заснавання лічыцца 1927, калі ў батанічным садзе мужчынскай гімназіі адкрыўся заалагічны аддзел[1]. Аднак у гістарычных публікацыях можна сустрэць розныя гады заснавання заапарка — ад 1927 да 1930. Гэта звязана з першым часам яго існавання ў форме жывога кутка пры гімназіі і з пазнейшым пераездам на сучаснае месца[2][3]. У цяперашні час заапарк налічвае больш за 3 тысячы жывёл 317 відаў[4]. Заапарк размешчаны ў Кастрычніцкім раёне горада Гродна каля чыгуначнага вакзалу і займае плошчу ў 5,35 га. ГісторыяСтварэнне заапаркаГісторыя Гродзенскага заапарка пачалася з групы энтузіястаў з Таварыства аматараў прыроды[5] на чале з Янам Каханоўскім - выкладчыкам біялогіі[6] ў мужчынскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Па яго ініцыятыве ў 1926 годзе на дабрачынныя сродкі ў парку (цяпер парк ім. Жылібера) для навучальных мэтаў быў створаны батанічны сад. Да навучальнага года 1927-1928 да сада быў дададзены сярод іншых аддзелаў заалагічны, у якім першапачаткова змяшчалася 17 відаў жывёл мясцовай фаўны. Пачалася калекцыя заапарка з параненага чорнага бабра, якога знайшлі на Нёмане побач з мястэчкам Лунна і якога Каханоўскі забраў у Гродна[1]. Пасля пашырэння сад пачаў звацца біялагічным. Яго актыўна наведвалі навучэнцы гродзенскіх школ. Колькасць жывёл у заалагічным аддзеле павялічвалася, для іх не хапала ні плошчы, ні памяшканняў. У сувязі з гэтым Ян Каханоўскі разам з іншымі аматарамі прыроды дамагліся ад гарадскога ўпраўлення пераносу заалагічнага аддзела на закінуты гарадскі велатрэк. Пасля адпаведных рамонтна-будаўнічых работ заалагічны аддзел пераехаў з парку на новае месца і стаў звацца біялагічным садам. Гісторык Андрэй Чарнякевіч сцвярджае, што перасяленне жывёл на новае месца, адмыслова адведзенае пад заапарк, адбылося 7 верасня 1929 года. Тады перасялілі ўсіх, акрамя бабра, для якога не паспелі пабудаваць басейн[7]. Гэтая тэрыторыя належыць парку і цяпер. Кіраўніком быў прызначаны палкоўнік у адстаўцы Адамовіч.[1] Развіццё заапаркаДа 1936 заапарк налічваў каля 400 асобін розных відаў, сярод які варта адзначыць такіх жывёл, як леапард, леў, тыгр, зубр. Любіміцай наведнікаў была малпачка Коко, якой дазвалялі шпацыраваць па-за вальерам. “Koko, chodż na magistracką zupę”, – клікалі яе дзеці, што наведвалі заапарк[8]. Змест заапарка ажыццяўлялася за кошт дабрачыннасці, з дапамогай Таварыства аматараў прыроды і з удзелам гарадскога магістрата. У верасні 1937 гарадская рада пасля актыўных спрэчак, нягледзячы на супраціў некаторых дэпутатаў, вырашыла выкупіць для заапарка ўчастак плошчай 0,4 га ад упраўлення маёнткамі князя Друцкага-Любецкага[9]. Паводле гарадской легенды, якую пераказваў пісьменнік Аляксей Карпюк, да развіцця заапарка спрычыніўся прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі, які ў 1933 годзе наведаў Гродна. Быццам бы Ян Каханоўскі змог тады пагутарыць з ім і паскадзіцца, што новаствораны заапарк мае малую тэрыторыю. Але толькі праз чатыры гады пасля гэтага гарадскія ўлады выкупілі ў князя Яна Друцкага-Любецкага кавалак зямлі для пашырэння заапарка. Гэта паспрыяла таму, што да 1939 г. гродзенскі заапарк стаў самым лепшым заапаркам міжваеннай Польшчы пасля варшаўскага і познаньскага[10]. У 1939 годзе з аб'яднаннем Заходняй Беларусі і БССР заапарк перайшоў на ўтрыманне дзяржавы. Калекцыя працягвала павялічвацца, і да 1941 годзе Гродзенскі заапарк стаў адным з цэнтраў культурнага і навукова-асветнай жыцця горада[1]. Ваенныя гадыУ гады вайны заапарку быў нанесены каласальны ўрон: будынкі былі знішчаны або пашкоджаны, калекцыя разрабавана. Каштоўныя і рэдкія асобнікі былі вывезены ў заапарк Кенігсберга, астатнія знішчаныя[5]. Ян Каханоўскі адмовіўся ад эвакуацыі і застаўся ў Гродне. Пасля забойства нямецкага лекара ўдзельнікамі супраціву, гестапа арыштавала каля 100 прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі, сярод якіх быў і Ян Каханоўскі. На просьбу грамадскасці вызваліць арыштаваных, шэф гестапа заявіў, што застрэлены будуць толькі 25 чалавек з 100, а астатнія адпушчаныя. У гэтыя 25 чалавек патрапіў сябар Яна Каханоўскага, настаўнік Юзаф Вявюрскі, бацька шасцярых дзяцей. Каханоўскі прапанаваў шэфу гестапа абмен - сваё жыццё ўзамен на свабоду Юзэфу Вявюрскаму. У чэрвені 1942 года Ян Каханоўскі быў расстраляны[5][11]. АднаўленнеПасля вызвалення горада ў ліпені 1944 заапарк практычна перастаў існаваць. Аднак, краіна аднаўлялася, і СНК БССР было прынята пастанова № 470 ад 15 Жнівень 1944 «Аб аднаўленні дзейнасці заказнікаў і заапаркаў». Для аднаўлення адзінага на той час заапарка ў краіне 12 снежня 1944 г. выканкам Гродзенскага гарсавета прымае рашэнне № 242 "Аб аднаўленні заапарка ў гор. Гродна", што вызначыла перадачу заапарку ранейшай тэрыторыі і будаўнічых матэрыялаў. А ў якасці папаўнення калекцыі жывёл "абавязаць дырэктара трэсту зялёнага будаўніцтва перадаць заапарку двух аслоў»[5]. Узначаліў заапарк у той час былы старшы наглядчык Бенедыкт Купрыянавіч Жыромскі.[1]. У 1945 годзе калекцыя налічвала 5 экспанатаў - два асла, два аленя і адзін паўлін[1]. Калекцыя адноўленага заапарка папаўнялася самымі рознымі спосабамі. Напрыклад, вайскоўцы 30-й Іркуцка-Пінскай дывізіі перадалі ў заапарк вярблюда Борку, які, цягнучы гармату, дайшоў да Беларусі ад Сталінграда[9]. Пашырэнне заапаркаУ 2004—2007 гадах да заапарка з поўначы былі далучаныя тэрыторыі, дзе раней быў вялікі пустыр (раней там размяшчалася база Гродзенскага піўзавода). На іх пабудавалі новыя карпусы. Заапарк быў пашыраны і перапланаваны[9]. ФондыУ заапарку налічваецца 3412 жывёл і птушак — 312 відаў.[12] Сярод жыхароў заапарка мядзведзь буры (Ursus arctos), алені (Cervidae), воўк (Canis lupus), рысь звычайная (Lynx lynx), малпы, вярблюды (Camelus), вялікая колькасць птушак і паўзуны.[12][13] Сланы ў заапаркуГродзенскі заапарк быў адзіным у Беларусі заапаркам у якім былі сланы. Першага прывезлі ў 1955 годзе з В’етнама, як падарунак ад брацкага народа. Слана звалі Машка, да таго як трапіць у Гродна ён служыў у В’етнамскай народна-вызваленчай арміі. У жніўні 1965 года ў заапарк прывезлі новага слана з Лейпцыга. Яго звалі Сурак і тым часам ён быў адзіным сланом у краіне. За 37 гадоў жыцця ў Гродне слон хварэў двойчы. Першы раз — у 1980-х гадах. Тады з кансультацыйнай дапамогай калег з маскоўскага заапарка жывёлу вылекавалі. Другі раз слон захварэў у 2002 годзе. Падчас хваробы слон хутка скідаў вагу, страціў больш за 500 кг і ўрэшце памер[14]. Пра новага слана ў заапарку ідуць гаворкі з 2011 года, але пакуль жывёла так і не з’явілася ў заапарку. Галерэя
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia