Ігнат Сцябельскі
Ігнацы Сцябельскі або Ігнат Сцябельскі (польск.: Ignacy Stebelski, руск.: Игнатий Стебельский; каля 1748, Валынскае ваяводства — пасля 1805, магчыма ва Уладзіміры-Валынскім)[1] — царкоўны гісторык, базыльянін. БіяграфіяПаходзіў са шляхецкага роду гербу «Астоя»[2]. Каля 1765 года прыняў манаства ў ордэне базыльян. Пасвечаны на святара. У 1770-я гады займаў пасаду вікарыя (намеснік ігумена) Полацкага базыльянскага манастыра.[1] 17 мая 1778 годзе выступіў з урачыстым казаннем у Полацкім Сафійскім саборы з нагоды ўтварэння Полацкага намесніцтва ў прысутнасці генерал-губернатара Захара Чарнышова і ўніяцкага полацкага архіепіскапа Ясона Смагаржэўскага. Каля 1780 года пакінуў Полацк і пераехаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У 1783 годзе жыў у Жыровіцкім манастыры. З 1785 года выконваў абавязкі намесніка ігумена гэтага манастыра, ад якіх быў вызвалены ў тым самым годзе праз хваробу. Апошнія гады жыцця правёў імаверна ў базыльянскім манастыры ва Уладзіміры-Валынскім.[3][4] ДзейнасцьДаследаваў гісторыю праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў, ордэна базыльян на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пісаў на польскай мове. Аўтар трылогіі: «Два вялікія светачы на полацкім гарызонце…» (Вільня, 1781), «Храналогія, або Дакладна па гадах сабраныя значнейшыя ў Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім, а менавіта на Белай Русі ў Полацку падзеі і перавароты…» (Вільня, 1782), «Дадатак да храналогіі» (Вільня, 1783). Пры падрыхтоўцы працы карыстаўся разнастайнымі крыніцамі і літаратурай, як апублікаванымі, так і рукапісамі з архіваў базыльянскіх манастыроў. Склаў гістарыяграфічны агляд прац па царкоўнай гісторыі Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, у які ўвайшлі творы 76 аўтараў. У першай частцы трылогіі змясціў пераказы жыццяпісаў Святых Ефрасінні Полацкай і Параскевы Полацкай з вялікімі каментарыямі з палітычнай і царкоўнай гісторыі Полацкага княства ХІ-XIII ст. Апісаў Крыж Ефрасінні Полацкай, Барысавы камяні. Даў звесткі пра абраз Маці Божай Эфескай у Полацкім Спаскім манастыры. Другая частка трылогіі прысвечана хроніцы жыцця Полацкага Спаскага манастыра з сярэдзіны XIII ст. да 1780 года ў шырокім кантэксце гісторыі праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. У трэцяй частцы ў храналагічным парадку прыведзены кароткія біяграфіі праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, епіскапаў, архіепіскапаў Кіеўскай мітраполіі; даецца пералік базыльянскіх кангрэгацый, протаархімандрытаў, генеалогія князёў Астрожскіх, а таксама тэкст камісарскага прысуду ад 23 студзеня 1624 года ў справе пакарання забойцаў архібіскупа Іасафата Кунцэвіча і прамова Ігнацыя Сцябельскага 1778 года ў Полацку на ўтварэнне Полацкага намесніцтва. Праз уніяцкую пазіцыю аўтара трылогія непрыхільна сустрэта ў дзяржаўных колах Расійскай імперыі і праваслаўным духавенствам.[5] Ігнацы Сцябельскі да канца жыцця працаваў над дапаўненнем і ўдакладненнем свайго галоўнага твора. Рукапіс, які застаўся пасля яго смерці, апублікаваны ў 1875 годзе ў Кракаве польскім гісторыкам і педагогам Уладзіславам Серадзінскім пад тытулам «Астатнія працы Сцябельскага». У яго ўвайшлі біяграфіі праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, епіскапаў, архіепіскапаў, даведзеныя да 1805 года, спіс базыльянскіх кангрэгацый 1617—1780 гадоў і іх пастановы, пералік протаархімандрытаў (1612—1802) і архімандрытаў базыльянскіх манастыроў з пазначэннем гадоў іх кіравання, радавод Солтанаў — фундатараў Жыровіцкага манастыра. Працы Ігната Сцябельскага маюць вялікае значэнне для вывучэння гісторыі праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў на тэрыторыі Беларусі. Працы
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia