Іеранім Іосіфавіч Філіповіч
Іерані́м Іосіфавіч Філіпо́віч (10 жніўня 1912, Магілёў — 1998) — беларускі гісторык і краязнавец. Знайшоў арыгінал Магілёўскай хронікі Трафіма Сурты і Трубніцкіх у Салтыкоўскай бібліятэцы. Дзякуючы 8-месячнаму перапісванню летапісу склаў план магілёўскага замка, аднавіў у чарцяжах будынкі, ратушу, плошчы і вуліцы горада. БіяграфіяНарадзіўся ў доме па вул. Грамадзянскай (узбярэжжа Дняпра) у Магілёве ў шляхецкай беларуска-польскай сям’і. У 1935 годзе скончыў курсы інжынераў-гідратэхнікаў, працаваў па спецыяльнасці, супрацоўнікам музея і Магілёўскага гістарычнага архіва. У гэты ж час пачаў цікавіцца гісторыяй роднага горада. У 1930 годзе ў букіністычнай краме набыў кнігі магілёўскага губернатара Аляксандра Дамбавецкага «Спроба апісання Магілёўскай губерні…». Ранкам 13 ліпеня 1941 года[1] ў якасці супрацоўніка Магілёўскага дзяржаўнага музея быў сведкам вывазу крыжа Ефрасінні Полацкай супрацоўнікамі Наркамата дзяржбяспекі СССР з памяшкання музея ў Маскву, аб чым паведаміў Зянону Пазняку ў 1964 годзе[2]. Вывучаў гісторыю Магілёва ў архівах і бібліятэках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Рыгі, Мінска. У 1960-х гадах у бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе І. І. Філіповіч знайшоў арыгінал летапісу «Магілёўская хроніка» Сурты-Трубніцкіх 1747 года. Па яго хадайніцтву на Першамайскай вуліцы Магілёва застаўся будынак былога езуіцкага калегіума, дзе цяпер размяшчаецца філіял этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Памёр Іеранім Іосіфавіч Філіповіч у 1998 годзе. Навуковая дзейнасцьДзякуючы летапісу «Магілёўская хроніка» краязнавец склаў план магілёўскага замка, аднавіў у чарцяжах унікальныя будынкі, ратушу, плошчы, вуліцы. На працягу шэрагу гадоў І. І. Філіповіч займаўся вывучэннем «Магілёўскай хронікі». Вынікам даследавання з’явіліся шматлікія публікацыі ў перыядычным друку. Застаўся нявыданым рукапіс Іераніма Іосіфавіча пра падзеі 1709—1749 гадоў у Магілёве. Друкавацца пачаў у 1964 годзе. У газеце «Маяк Прыдняпроўя» з’явіўся яго першы артыкул «Ці ведаеце вы, што…» (пра мінулае Быхаўшчыны). У 1966 годзе, сумесна з Д. Хонькіным, пабачыла свет публікацыя пра гісторыю роднага Магілёва «Калі ўзнік Магілёў?». Следам, у газетах «Магілёўская праўда» і «Веснік Магілёва», з’явіліся артыкулы І. І. Філіповіча, прысвечаныя заснаванню горада, яго гісторыка-архітэктурным помнікам, вядомым асобам, летапісу «Магілёўская хроніка» і інш. Іеранім Іосіфавіч — аўтар шматлікіх артыкулаў у Беларускай Савецкай энцыклапедыі: «Магілёўская ратуша», «Магілёўская хроніка», «Магілёўскі Богаяўленскі сабор», «Магілёўскі езуіцкі касцёл і манастыр», «Магілёўскі Станіславаўскі касцёл», «Мітковіч Стахор». І. І. Філіповіч з’яўляецца аўтарам кніг «Міфы і праўда аб Магілёве», «Могилёв: хроника событий 1917—1918 гг. по архивным и печатным материалам». Асабісты фонд з матэрыяламі па гісторыі Магілёва захоўваецца ў абласным архіве, асобны фонд — у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа ў Мінску. Разам захавалася 117 агульных сшыткаў, 2390 фотанегатываў і 10 тысяч адзінак даведачнага матэрыялу[3]. Рукапісныя матэрыялы І. І. Філіповіча захоўваюцца таксама ў абласным краязнаўчым музеі Магілёва, Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia