Аляксандр Пшаздзецкі
Аляксандр Пшаздзецкі (польск.: Aleksander Przezdziecki, псеўд. герб Пярхала[5]; 29 ліпеня 1814, Чорны Острыў на Падоллі — 26 снежня 1871, Кракаў) — граф, вядучы варшаўскі медыевіст сярэдзіны ХІХ ст., выдавец гістарычных крыніц. БіяграфіяСын Канстанціна Пшаздзецкага, маршалка падольскай шляхты, і Адэлаіды з Алізараў. Пасля заканчэння Крамянецкага ліцэя (1831) вучыўся гісторыі і філалогіі ў Берлінскім універсітэце (1833—1834), таксама там наведваў лекцыі права. У 1833 наведаў Скандынавію, пасля чаго апублікаваў падарожныя нататкі па Швецыі і Даніі. Пасля заканчэння вучобы ўладкаваўся ў Дзяржаўны сакратарыят Каралеўства Польскага і пераехаў у Пецярбург. Яшчэ падчас знаходжання ў расійскай сталіцы пачаў публікаваць літаратурныя творы (напачатку на французскай мове). Першым яго творам стала драма «Дон Себасцьян Партугальскі», не пазбаўленая палітычных алюзій (першая пастаноўка ў Пецярбургу — 16 студзеня 1836)[6]. Гэту п’есу высока ацаніў Віктор Гюго, які даслаў ліст маладому аўтару. Цікавасць да сярэднявечнай гісторыі выявілася і ў другой драме «Deux Reines de France». Трапіўшы ў апалу, ён быў накіраваны ў Волагду, дзе працаваў у канцылярыі губернатара. Пасля года ў Волагдзе яго перавялі ў генерал-губернатарства ў Кіеў. У 1839 падарожнічаў па Валыні і Падоллі, літаратурным плёнам паездкі сталі выдадзеныя ў 1841 падарожныя ўспаміны. Гэта праца ўтрымлівала шмат інфармацыі з архіваў магнацкіх родаў, да якіх Пшаздзецкі атрымаў доступ па сваім паходжанні. У 1841 у Паставах заручыўся з Марыяй з Тызенгаўзаў. Пажаніліся яны 12.11.1842 у Варшаве. Напісаўшы некалькі п’ес, заняўся і літаратурнай крытыкай. Але прынцыпова яго жыццё змянілася, калі ён пераключыўся на выданне гістарычных крыніц. У 1843—1844 гадах выдаў «Крыніцы да гісторыі Польшчы». Для падрыхтоўкі першага тома ён выбраў для супрацоўніцтва Міхала Грабоўскага. Аднак пасля крытыкі, з якой сустрэлася выданне, запрасіў Мікалая Маліноўскага, працавітага архіварыуса Радзівілаўскага архіва, да супрацоўніцтва ў распрацоўцы другога тома. Наладзіў шчыльнае супрацоўніцтва з Юзафам Крашэўскім, які заахвочваў яго займацца гістарычнымі даследаваннямі і публікаваў яго працы ў віленскім часопісе «Athenaeum». Тут Пшаздзецкі апублікаваў вынікі сваіх першых архіўных і гістарычных даследаванняў, а таксама тэксты, прысвечаныя мастацтву, у тым ліку агляд мастацкай галерэі Канстанціна Тызенгаўза ў Паставах. Усё часцей Пшаздзецкі звяртаў свае інтарэсы на крыніцы па сярэднявечнай гісторыі Польшчы. Зацікаўленасць пачаткамі гісторыі Польшчы былі адной з галоўных прычын паездкі ў Італію, асабліва ў Рым, дзе ён спадзяваўся знайсці шматлікія сведчанні гісторыі дзяржавы Пястаў. Ён адправіўся ў Італію ў 1846 годзе для архіўных даследаванняў. Па дарозе ў Італію наведаў таксама некаторыя нямецкія краіны і гарады. Наведаў катэдру ў Кёльне, дзе са згоды мясцовага біскупа адкрыў труну польскай каралевы Рыксы, унутры знайшоў чэрап, загорнуты ў шоўк. Стараннямі Пшаздзецкага ў саборы была ўстаноўлена дошка ў памяць аб месцы спачыну каралевы. Прыбыўшы ў Рым, ён атрымаў афіцыйны дазвол на даследаванні ў Ватыканскім архіве. У той час падобная згода давалася толькі ў выключных выпадках. Пасля завяршэння паездкі ў Італію Пшаздзецкі працягваў цікавіцца пытаннямі гісторыі Пястаў. У катэдры ў Наўмбургу ён знайшоў магілу дачкі Баляслава Храбрага, Рэгелінды, жонкі маркграфа Экхарда Мейсенскага. Ён таксама шукаў сляды пілігрымкі Баляслава Крывавустага ў абацтва Сен-Жыль у Францыі. ![]() Пошукі слядоў Пястаў прывялі да аднаго з найважнейшых адкрыццяў — рукапісу хронікі Вінцэнта Кадлубка, які быў знойдзены ў Вене ў снежні 1851 у калекцыі прынца Яўгена Савойскага. Усведамляючы важнасць адкрыцця, Пшаздзецкі ў 1852 паведаміў пра яго ў «Бібліятэцы Варшаўскай». Праз адзінаццаць гадоў, у 1862 г., выйшла «Хроніка магістра Вінцэнта Кадлубка», заснаваная выключна на венскім рукапісе. Найбольшае значэнне для польскай навукі мела рэдактарская дзейнасць Пшаздзецкага. У 1852 апублікаваў «Лісты Анібала з Капуі, арцыбіскупа Неапілітанскага, нунцыя ў Польшчы, пра міжкаралеўе пасля Стэфана Баторыя і першыя гады праўлення Жыгімонта III»; у 1854 г. — «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы са скарбовых рэестраў 1388—1414 гадоў». У 1850-я гады распачаў працу над выданнем твораў Яна Длугаша. Ездзіў за мяжу ў пошуках рукапісаў і лепшых копій яго твораў. У 1863—1864 выйшла Liber Beneficiorum, а ў 1867—1870 гадах — «Гісторыя Польшчы ў 12 кнігах» у перакладзе Караля Мехержыньскага, першае поўнае польскае выданне найважнейшай працы Яна Длугаша. У 1862 г. выдаў «Хроніку» Вінцэнта Кадлубка. Валодаў маёнткамі Чорны Острыў, Фаленты і Ойцуў. Працы
Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia