Аляксандр Сяргеевіч Лук’янаў
Аляксандр Сяргеевіч Лук’янаў (руск.: Александр Сергеевич Лукьянов; нар. 10 чэрвеня 1989, Магілёў) — дзеяч рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (з 13 жніўня 2021). Член Савета Рэспублікі 8-га склікання[1]. Уключаны ў Чорны спіс Еўрасаюза за незаконныя дэпартацыі і перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей у часе ўварвання Расіі ва Украіну[2]. БіяграфіяМаці была намесніцай дырэктара кампаніі «Пажспецсэрвіс», якая ажыццяўляе праектаванне сістэм пажарнай сігналізацыі. Бацька — дырэктар гэтай арганізацыі і пенсіянер МНС[3]. У 2007—2021 гадах служыў у органах і падраздзяленнях МНС, пайшоў у запас у званні маёра запасу[3]. У 2011 годзе скончыў Камандна-інжынерны інстытут МНС па спецыяльнасці «Прадухіленне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». Пазней атрымаў ступені магістра і кандыдата тэхнічных навук у тым самым універсітэце. Член БРСМ. З 2018 года прадстаўляў БРСМ у Моладзевай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. 13 жніўня 2021 года абраны першым сакратаром ЦК БРСМ[4]. У 2022 годзе разам з прарасійскімі актывістамі ўдзельнічаў у закрыцці бара «Каліноўскі» ў Мінску, што было часткай кампаніі па змаганні з асобай Кастуся Каліноўскага[5]. У 2023 годзе разам з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам наведваў акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай абласцей. З 2024 года член Савета Рэспублікі 8-га склікання, працуе ў Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы[1]. Член партыі «Белая Русь»[6]. Разам з фондам Аляксея Талая ўдзельнічаў у незаконных дэпартацыях і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей у часе ўварвання Расіі ва Украіну, за што ў чэрвені 2024 года ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза[2]. У ліпені 2024 года да гэтых санкцый далучыліся таксама Швейцарыя[7], Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя[8]. У лютым 2025 года Аўстралія далучылася да санкцый супраць Лук’янава[9]. Сям’я. Асабістае жыццёЖонка — Маргарыта Лук’янава, займаецца арганізацыяй дзіцячых свят ва ўласным клубе Danakids, ёсць дачка Мілана[3]. Сябруе з Дзмітрыем Баскавым, хакейным функцыянерам і асобай, набліжанай да Аляксандра Лукашэнкі[3]. Палітычныя поглядыРазвівае культ асобы Аляксандра Лукашэнкі, паводле яго «Лукашэнка — нацыянальны лідар і герой, асоба гістарычнага маштабу! Гарант міру не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім рэгіёне»[3]. Заклікае працягваць палітычныя рэпрэсіі супраць апанентаў Лукашэнкі: «Тэрарыстаў, экстрэмістаў, змагарскае паскуддзе, здраднікаў і ворагаў народа будзем выпальваць жалезам»[3]. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia